25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Някляеў адказаў на пытанні Статкевіча

70
Някляеў адказаў на пытанні Статкевіча

Мікалай Статкевіч ужо два гады чакае адказу на некаторыя пытанні.

Мікалай Статкевіч сцвярджае, што некаторыя экс-кандыдаты ў прэзідэнты патрабавалі яго прэвентыўнага арышту напярэдадні 19 снежня.

«У маёй справе былі паказанні аднаго кандыдата, які распавёў, што за некалькі дзён да мерапрыемства на вуліцы звярнуўся да падпалкоўніка міліцыі, каб той перадаў начальству, што мяне трэба арыштаваць да 19-га. Ёсць у справе і пацвярджэнне паказання таго падпалкоўніка. Наколькі я ведаю, гэта быў не адзіны кандыдат, які патрабаваў майго прэвентыўнага арышту», - напісаў Мікалай Статкевіч у лісце жонцы Марыне Адамовіч. Ліст датаваны 24-25 снежня мінулага года, перадае «Радыё Свабода».

«Мне імёны гэтых людзей вядомыя, - кажа Марына Адамовіч. - Але агучваць іх цяпер немэтазгодна».

«Я не бачыў крымінальнай справы Статкевіча, - адказвае лідэр «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў. - У маёй крымінальнай справе было нешта падобнае. Але вінаваціць бяздоказна людзей я не магу. Былі там і прозвішчы. Але для таго, каб я іх назваў, мне трэба паказаць дакументы. Гэтыя дакументы пакуль што там, дзе мы іх не можам узяць».

Свае пытанні ў лісце Мікалай Статкевіч адрасуе як раз Уладзіміру Някляеву, якога называе Пракоф'евіч. Менавіта з ім побач ён быў у той вечар. Але, як вынікае з яго ліста, не па сваёй волі. Прычым тое, што адбылося, ён называе «падставай».

У прыватнасці, Статкевіч сцвярджае, што ў офісе кампаніі «Гавары праўду» апынуўся нечакана для сябе. Маўляў, Някляеў не з'явіўся ў прызначанае для сустрэчы месца.

«Потым прыехаў яго шафёр, каб адвезці на новае месца сустрэчы, адмовіўшыся казаць, дзе гэтае месца. Але завёз на офіс. Сысці адтуль з Сяргеем мы не маглі, таму што баяліся, што каля офіса нас удваіх лёгка затрымаюць, а я ж абяцаў людзям быць на плошчы», - напісаў ён у лісце.

«Для мяне гэта шок, - усхвалявана паўтарае Марына Адамовіч. - Я ведала пра тое, што месца сустрэчы было нечакана зменена, была таемная дастаўка. Але тое, што была парушаная папярэдняя ўмова... Я некалькі дзён ужо не магу прыйсці ў сябе».

Раскрываць людзей, імёны якіх згадваюцца ў лісце, яна адмаўляецца.

Канкрэтна гэты момант лідэр «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў каментаваць не стаў. «Гэта мы будзем абмяркоўваць толькі з Мікалаем Статкевічам, - кажа ён. - Цяпер услых пра гэта казаць - тое ж самае, што даваць паказанні следчаму КДБ».

Падобна на тое, што Статкевіч сумняваецца ў мэтазгоднасці выхаду каманды Някляева з офіса, калі іх моцна збілі людзі ў форме супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

«Але ж я і зразумець не мог, як яны збіраюцца ісці. З пункту гледжання другога боку, які быў чамусьці папярэджаны аб гэтым паходзе і яго фармаце, гэта выглядала, як звернуты да іх месідж: «Нам пляваць, што вас далёка за 100 тысяч узброеных і падрыхтаваных. А мы, 30 хлопчыкаў і дзяўчынак, сілай прарвемся разам са сваім бусікам праз вас», - піша Статкевіч.

Уладзімір Някляеў тлумачыць дзеянні сваёй каманды такім чынам: «19 снежня 2010 года прыкладна ў 13:30 была затрыманая рэзервовая машына «Гавары праўду» з гукаўзмацняльнай апаратурай. Стала зразумела, што наш план таемнага падвозу апаратуры да Плошчы праваліўся. Бо другая машына з апаратурай, якая стаяла каля нашага офіса, была пад пільнай увагай».

Па словах Някляева, папярэдне яны са Статкевічам збіраліся ісці на Плошчу асобна, але канфіскацыя апаратуры змяніла ўсе планы.

«У дзве гадзіны дня я публічна на выбарчым участку, дзе выкрэсліваў з бюлетэня Лукашэнку, заклікаў усіх, журналістаў у тым ліку, дапамагчы нам даставіць на плошчу гукаўзмацняльную апаратуру. Прыкрыць гэты мікрааўтобус. Тут няма ніякай таямніцы».

«Сёння здаецца, - працягвае Някляеў, - што ўсё было наканавана. Але ў той час адназначнага адказу на пытанне, як павядзе сябе ўлада, не было. Хутчэй быў адказ, што брутальных дзеянняў не будзе. З гэтага мы і зыходзілі. Таму і быў зменены план дастаўкі гукаўзмацняльнай апаратуры, без якой Плошча не магла адбыцца».

«Ні разу за ўвесь час кампанія «Гавары праўду» не згадвала, што там быў Мікалай. Толькі аднойчы Някляеў праз паўтара года пасля Плошчы згадаў, - кажа Марына Адамовіч. - Для мяне ўсё гэта вельмі балюча».

«Я не магу нічога растлумачыць, - адказвае Уладзімір Някляеў. - Прычыны таго, што адбылося, не вядомыя ні мне, ні Мікалаю, ні Марыне. Прычыны мы даведаемся толькі тады, калі будзем мець доступ да тых сейфаў, дзе яны ляжаць. І адказы атрымаем толькі пасля таго, як людзі, якія гэтыя жорсткія загады аддавалі, страцяць сваю ўладу. Тады яны адкажуць за ўсё, што яны нарабілі, і не толькі за 19 снежань 2010-га».

Збіты пры нападзе на каманду Някляева Статкевіч называе свой стан здароўя адной з прычын памылак, якія ён сам зрабіў на Плошчы:

«Напрыклад, я недакладна выказаўся, выступаючы на Кастрычніцкай. Некаторыя асмялелыя адзін перад адным і перад людзьмі кандыдаты паўтарылі маю недакладнасць. А потым мне прыйшлося пераймаць і заварочваць людзей ад «чырвонага» дома. На Незалежнасці прыйшоў момант, калі людзей трэба было адтуль адводзіць. Сваёй гукаапаратуры ў мяне не было (як і грошай на яе). Таму спрабаваў узяць мікрафон у хлопцаў Андрэя. А тыя перадавалі яго на трыбуну і, калі я на яе залазіў, уніз. Я двойчы залазіў па шыю на гэтую трыбуну ці ледзь не з метровымі прыступкамі на скалечанай назе і зразумеў, што больш не залезу. Потым мне той мікрафон самі далі, але адводзіць людзей было ўжо позна - не далі б прайсці».

Мікалай Статкевіч лічыць, што некаторыя кандыдаты маглі быць зацікаўленыя ў тым, каб яго асабіста на Плошчы не было.

«Па-першае, калі б я не змог дайсці да плошчы, то некаторыя кандыдаты паспрабавалі б рэалізаваць загадзя спланаваны імі «рымейк» 2006 года. Толькі давесці людзей яны планавалі ўжо не да плошчы Перамогі, а на 150 метраў далей - да будынка TV. Нібыта эфіру патрабаваць. Стромкіх заяў нарабілі, а тут трэба ж «за базар адказваць». Праўда, у гэтага плана была адна істотная (пад 90 кг) перашкода - я».

«Прайшло два гады, а ні адзін чалавек не палічыў мэтазгодным ініцыяваць публічнае абмеркаванне таго, што адбылося, - кажа Марына Адамовіч. - Хоць бы пра тыя рэчы, якія тычацца простай чалавечай маралі. Але я ўжо нават і не чакаю».

Чаму Мікалай Статкевіч задае гэтыя пытанні цяпер? Ён сам піша, што два гады чакаў тлумачэнняў: «Лічу, што я і так доўга чакаў з гэтымі пытаннямі. Я нікога не абвінавачваю, не вылучаю канспіралагічных версій. Я проста хачу пачуць хоць нейкае тлумачэнне гэтай «падставы».

Марына Адамовіч у адказ на гэтае пытанне перадае словы мужа: «Мікалай сказаў, што да«парламенцкай» кампаніі не хацеў, каб любыя непаразуменні былі выкарыстаныя «за» ці «супраць». Людзі павінны былі самі вызначыцца».

Журналісты запыталіся ва Уладзіміра Някляева, ці паспрабаваў ён адказаць Мікалаю Статкевічу на яго пытанні лістом. «Чытаюць гэтыя лісты іншыя людзі, - адказвае Някляеў. - Пісаць для іх тое, што я магу сказаць толькі Статкевічу, было б з майго боку глупа».

«Тое, што гэты ліст дайшоў без усялякай цэнзуры, - гэта знак. Нейкім чынам гэта паказвае, што і Статкевіч, і іншыя палітвязні ў хуткім часе могуць быць вызваленыя», - лічыць Уладзімір Някляеў.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках