24 лiстапада 2024, Нядзеля, 21:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кшыштаф Станоўскі: Польшча выкарыстоўвае ўсе магчымыя рычагі ціску на Лукашэнку

10
Кшыштаф Станоўскі: Польшча выкарыстоўвае ўсе магчымыя рычагі ціску на Лукашэнку

Прэзідэнт Фонду міжнароднай салідарнасці, былы намеснік міністра замежных спраў Польшчы даў эксклюзіўнае інтэрв'ю charter97.org.

Кшыштаф Станоўскі распавёў пра сваю апазіцыйную дзейнасць у перыяд дыктатуры, пра час, праведзены ў турмах, і чаму Польшча жадае бачыць Беларусь ва «Усходнім партнёрстве».

- Ваш бацька быў вядомым дзеячам апазіцыі ў часы камуністычнай дыктатуры ў Польшчы. Наколькі ён паўплываў на фарміраванне вашых поглядаў?

- Мой бацька быў моцнай асобай. У ім спалучаліся адданасць хрысціянскім традыцыям і вернасць дэмакратычным каштоўнасцям. Падчас вайны ён удзельнічаў у моладзевых рэлігійных арганізацыях, у шэрагах польскай Арміі Краёвай і ўдзельнічаў у Варшаўскім паўстанні 1944 года. У пасляваенны час бацька з'яўляўся сакратаром студэнцкай Марыанскай Садаліцыі. Гэта была рэлігійная арганізацыя, і з-за гэтага яго на сем гадоў кінулі ў турму. Фармулёўка была наступная: «Спрабаваў памяняць палітычны лад, выкарыстоўваючы фальшывыя аргументы».

- «Салідарнасць» у Любліне зараджалася менавіта ў доме Станоўскіх.

- Наш дом быў адным з тых месцаў, дзе сустракаліся лідэры незалежных арганізацый Любліна. Па-першае, гэтыя людзі былі ўпэўненыя ў тым, што ўсе маюць роўныя правы, а па-другое, што яны самі могуць і павінныя ўзяць адказнасць за тое, што дзеецца ў навакольным свеце. У нашым доме кожны займаўся нейкай грамадскай дзейнасцю. Бацька выкладаў у так званым «лятучым універсітэце» (назва паходзіць з-за падпольнага становішча навучальных устаноў, калі яны не мелі ўласнага легальнага месцазнаходжання і ўвесь час праводзілі свае лекцыі для студэнтаў у розных канспіратыўных месцах - заўв.рэд.), удзельнічаў у стварэнні самвыдату «Spotkania» («Сустрэчы»).

Маці была скаўцкім інструктарам, а затым займалася ў аматарскім лялечным тэатры. І гэта таксама на мяне паўплывала. Затым я вучыўся на кафедры гісторыі факультэта гуманітарных навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта. Дарэчы, этыку там выкладаў сам Караль Вайтыла, а семінары па гісторыі найноўшага часу вёў Уладзіслаў Барташэўскі. Увогуле, гэта быў адзіны недзяржаўны ўніверсітэт, які толькі існаваў паміж Токіо і Заходнім Берлінам.

- І як ваша жыццё склалася далей?

- Затым я стаў прымаць удзел у незалежным скаўцкім руху. Нашай мэтай было стварэнне ў Польшчы першай пасля вайны незалежнай арганізацыі скаўтаў. У той жа час разам з сябрамі я арганізаваў у Любліне групу, якая працавала з глуханямой моладдзю. Неўзабаве ў нашым доме (спачатку з-за дзейнасці бацькі, а потым і з-за маёй) сталі з'яўляцца супрацоўнікі службы бяспекі, якія спрабавалі аб нечым даведацца.

- Пасля ўвядзення ваеннага становішча жыццё апазіцыі стала яшчэ больш складаным. Чым у гэты час вы займаліся?

- У той час «Салідарнасць» вымушаная была сысці ў падполле, і я з'яўляўся сябрам праўлення яе рэгіянальнага вочка ў Любліне. Мы працягвалі дзейнасць прафсаюза, абаранялі правы рабочых, дапамагалі рэпрэсаваным, займаліся самвыдатам. У выніку, як і многія іншыя, я апынуўся ў турме.

- Якія там былі ўмовы ўтрымання?

- Больш за тры месяцы я правёў у ізалятары Любліна, затым быў пераведзены ў Варшаўскае СІЗА. Мы, палітычныя, сядзелі разам з крымінальнікамі. Камеры былі перапоўненыя. У Любліне ў двухмеснай камеры знаходзілася шэсць чалавек. Вядома, немагчыма параўнаць ўмовы майго ўтрымання з жудаснымі ўмовамі зняволеных у гады сталінізму. Па крайняй меры, я і мае сябры спадзяваліся, што нас не заб'юць. А акрамя таго, ідучы ў турму, мы маглі быць спакойныя за нашы сем'і, мы ведалі, што знойдуцца людзі, якія нягледзячы ні на што, будуць дапамагаць нашым блізкім. У самым пачатку 80-х, калі «Салідарнасць» яшчэ дзейнічала легальна, яе актывісты займаліся правамі чалавека, у тым ліку і зняволеных. І за гэтыя гады атрымалася трохі палепшыць іх, а ў выніку і наш, побыт. Зэкі гэта разумелі і ставіліся да нас па-чалавечы. І яшчэ памятаю, калі мяне пасадзілі, да мяне падышоў бывалы «злодзей у законе», паклаў руку на плячо і сказаў: «Нічога, пан Станоўскі, першыя дзесяць гадоў - самыя цяжкія». Гэтыя словы, вядома, адклаліся ў памяці.

- Ці ўжываліся да вас катаванні?

- Фізічныя катаванні не ўжываліся. Мяне не білі, не катавалі. Аднак ужо потым я даведаўся, што ў ежу мне падмешвалі псіхатропныя прэпараты. Але турма для мяне не стала чымсьці нечаканым, я разумеў, на што іду, і чым мне пагражае мая дзейнасць. Яшчэ знаходзячыся на волі, я спяшаўся хутчэй абараніць дыплом, таму што ведаў, што рана ці позна буду арыштаваны.

- Некаторыя польскія палітыкі, якія таксама ў часы камунізму пабывалі ў зняволенні, кажуць, што ў сучаснай Беларусі ўмовы ўтрымання палітвязняў значна больш жорсткія, чым у тыя гады ў Польшчы.

- Усякае абмежаванне волі чалавек пераносіць цяжка. Я ведаю, што палітвязні ў Беларусі знаходзяцца ў нялёгкіх умовах. Пра ўмовы ўтрымання некаторых з іх мне распавядалі асабіста, пра некаторыя я ведаю з іншых крыніц. Аднак, тут не варта праводзіць паралеляў. Гэта розныя часы і розныя краіны. Напрыклад, жудасныя ўмовы, у якіх сядзеў мой нябожчык бацька і яшчэ дзесяткі тысяч вязняў сталінізму ў Польшчы, немагчыма параўнаць з тымі, у якіх сядзеў я, і з тымі, у якіх сёння знаходзяцца беларускія палітвязні.

- У турме да вас не прыйшло расчараванне ў ранейшай дзейнасці?

- Не. Калі мяне вызвалілі, я адразу ж аднавіў сваю дзейнасць: выдаваў падпольную літаратуру, прымаў удзел у працы незалежных скаўцкіх і прафсаюзных арганізацый. З 1989 года я ўзначаліў незалежны Саюз скаўтаў Польскай Рэспублікі. Я таксама з'яўляўся адным з кіраўнікоў фонду «Адукацыя для дэмакратыі», які спрыяў не толькі дэмакратычным пераменам у Польшчы, але і ў Беларусі, Украіне, Расеі, у краінах Каўказа і Цэнтральнай Азіі, у Манголіі. У той час больш двухсот дзён у годзе я праводзіў у краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Запомніліся рабочыя паездкі ў Таджыкістан. Там фонд «Адукацыя для дэмакратыі» ажыццявіў праграму пад назвай «Таджыцкая карова». Мы збіралі сродкі для куплі кароў для жаночых клубаў у самых бедных горных раёнах.

- І ўсё ж, давайце вернемся да ўвядзення ў Польшчы ваеннага становішча. Многія параўноўваюць гэтую падзею з жорсткім разгонам мірнай дэманстрацыі ў Менску 19 снежня 2010 года.

- Параўнаць можна, але толькі на чыста чалавечым узроўні: жыццё тых, хто трапіў у турмы, пацярпеў, змянілася, падзялілася на адрэзкі «да» і «пасля». Але розніца ў тым, што ў Польшчы ўвядзенне ваеннага становішча змяніла жыццё ўсёй краіны. У турмы былі кінутыя больш за 10 тысяч чалавек. Па вуліцах ездзілі танкі, на дарогах стаялі вайсковыя пасты, існавалі каменданцкія гадзіны. У Беларусі ж як была дыктатура, так і засталася, толькі дзейнічаць яна пачала яшчэ больш зло і адкрыта. Я думаю, маштабы гэтых двух падзей розныя.

- Як грамадскаму актывісту ўдалося стаць намеснікам міністра замежных спраў?

- Я ніколі не быў звязаны з якой-небудзь палітычнай партыяй ці рухам. Усё жыццё працаваў і кіраваў грамадскімі арганізацыямі. І калі прэм'ер-міністрам стаў Дональд Туск, яго ўрад вырашыў, што людзі з такім досведам, як у мяне, патрэбныя. Спачатку мяне прызначылі намеснікам міністра адукацыі, а затым намеснікам міністра замежных спраў.

- Чаму Еўразвяз запрасіў беларускі рэжым для ўдзелу ў праграме «Усходняе партнёрства», бо відавочна, што ўлады Беларусі не зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з Еўропай?

- Еўразвяз запрасіў у праграму не рэжым Лукашэнкі, а Рэспубліку Беларусь. І нават калі беларускі рэжым не зацікаўлены ў будаўніцтве нармальных стасункаў з суседзямі, то Польшча і Еўразвяз зацікаўленыя. А Беларусь - наша суседка, і нікуды ад гэтага не дзенешся. ЕЗ запрасіў Беларусь ва «Усходняе партнёрства», але разам з тым негатыўна ставіцца да рэжыму Лукашэнкі, пастаянна нагадвае, што галоўныя ўмовы пачатку дыялогу «Беларусь - Еўразвяз» - гэта вызваленне ўсіх палітвязняў і правядзенне дэмакратычных выбараў. Польскія і еўрапейскія палітыкі неаднаразова даносілі гэту думку да беларускага рэжыму.

- За гады кіравання Лукашэнкі Еўразвяз прыняў нямала дэкларацый, мемарандумаў па Беларусі. Калі ЕЗ саспее для больш канкрэтных дзеянняў? Якія рычагі ціску могуць быць найбольш эфектыўнымі?

- Еўразвяз ужо зрабіў вельмі шмат. Я сам асабіста ў 2011 годзе арганізаваў сустрэчу «Салідарнасць з Беларуссю», на якой прысутнічалі сябры ўрадаў 37 краін, уключаючы ўсе краіны Еўрапейскага Звяза. Мэтай гэтай сустрэчы было прыняцце рашэння, як дапамагчы грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Былі прынятыя абмежаваныя эканамічныя санкцыі, візавыя санкцыі, быў павялічаны памер дапамогі грамадскім арганізацыям, незалежным СМІ. А якія сродкі вы яшчэ прапануеце? Вайну? Бамбаванне? Поўнае закрыццё межаў?

- У дадзены момант вы з'яўляецеся старшынёй Фонду «Ведаць як» (Solidarity Fund PL). Як даўно ён існуе, якія яго мэты? Якія праекты па Беларусі за гэты час удалося рэалізаваць?

- Наш фонд быў заснаваны па ініцыятыве прэзідэнта Польшчы ў 2001 годзе.

Мэта яго дзейнасці - дапамога краінам, якія знаходзяцца на шляху да рынкавай эканомікі і прыватнага прадпрымальніцтва, а таксама падтрымка іх эканамічнага, грамадскага і палітычнага развіцця. У перыяд сваёй дзейнасці фонд рэалізаваў шэраг праектаў, адрасаваных, акрамя іншага, грамадскім арганізацыям Украіны, Малдовы, Казахстана і Грузіі. У 2005 годзе дзейнасць фонду была прыпыненая. У 2011 годзе ён аднавіў сваю дзейнасць. Мы падтрымліваем дэмакратыю і дэмакратычныя перамены ў тых краінах, палітычная сістэма якіх перашкаджае ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў прыняцці ключавых сацыяльна-эканамічных рашэнняў, у тым ліку і ў тых краінах, дзе функцыянуюць толькі некаторыя элементы дэмакратычнай сістэмы, а таксама ў краінах, якія знаходзяцца ў працэсе сістэмных пераўтварэнняў. Solidarity Fund PL фінансуе сумесныя праекты польскіх арганізацый з партнёрамі з Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны, Таджыкістана і Туніса, накіраваныя на падтрымку дэмакратыі. Большасць праектаў рэалізуецца ў Беларусі і Украіне. У 2013 годзе на падтрымку грамадскіх арганізацый мы плануем вылучыць каля 8 мільёнаў злотых. Сродкі на гэтыя мэты нам дае польскі МЗС.

- У жыцці вы паспрабавалі шмат заняткаў: былі і педагогам, і апазіцыянерам, і падпольным выдаўцом, і палітыкам. Да чаго больш ляжыць душа?

- Маё прызначэнне - педагогіка. Незалежна ад таго, чым я займаюся, якія функцыі выконваю, я застаюся педагогам. Маючы зносіны з калегамі з Беларусі, Таджыкістана ці таго ж Туніса, я дзялюся вопытам, імкнуся навучыць іх таму, што ведаю сам. Да педагогікі я звяртаўся і выхоўваючы сваіх дзяцей, - іх у нас было чацвёра, - і ў працы з глуханямой моладдзю, і падчас шматлікіх камандзіровак.

- Чаму звычайна прысвячаеце свой вольны час?

- Вольнага часу ў мяне мала, а наогул з сям'ёй мы любім падарожнічаць: ездзім на роварах, на байдарках, на яхце, ходзім у паходы ў горы. Яшчэ ў нашай сям'і ёсць традыцыя: мы сваімі рукамі робім цацкі для каляднай елкі. Сэрцам і душой мы былі і застаемся скаўтамі.

Даведка charter97.org:

Кшыштаф Станоўскі - дзеяч апазіцыі ў перыяд камуністычнай дыктатуры ў Польшчы, актывіст руху незалежных скаўтаў. У 1989 годзе ўзначаліў першы за шмат гадоў незалежны Саюз скаўтаў Польскай Рэспублікі. Доўгі час з'яўляўся прэзідэнтам фонду «Адукацыя за дэмакратыю». У перыяд з 2007 па 2010 год займаў пасаду намесніка міністра адукацыі. У 2010 годзе быў прызначаны на пасаду намесніка міністра замежных спраў. На гэтай пасадзе прапрацаваў да студзеня 2012 года. У дадзены момант з'яўляецца прэзідэнтам Solidarity Fund PL. Кавалер Афіцэрскага Ордэна Адраджэння Польшчы.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках