25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянцін Стэфановіч: Улады не будуць мяняць сістэму фальсіфікацыі

56
Валянцін Стэфановіч: Улады не будуць мяняць сістэму фальсіфікацыі

Праваабаронца пракаментаваў адмову ЦВК правесці грамадскае абмеркаванне паправак у Выбарчы кодэкс.

Валянцін Стэфановіч мяркуе, што ў заканадаўства будуць унесеныя толькі тыя змены, якія распрацаваў ЦВК. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю «Заўтра тваёй краіны».

- Гэта адбываецца ўжо не ўпершыню. У Цэнтрвыбаркам неаднаразова накіроўваліся прапановы, распрацаваныя прадстаўнікамі апазіцыйных партый і няўрадавых арганізацый, але ўлады да іх не прыслухаліся, - нагадвае экспэрт.

Валянцін Стэфановіч адзначае, што цяпер назіраецца пэўны адкат ад тых нормаў, якія былі ўнесеныя ў час прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Да прыкладу, агітацыйныя акцыі тады праводзіліся ў паведамляльным парадку, не трэба было браць дазвол выканкамаў. А цяпер такая практыка будзе ўрэгуляваная заканадаўча. Гэта значыць, заклікі да байкоту, якія раней уважаліся за частку перадвыбарчай агітацыі, будуць рэгулявацца законам аб масавых мерапрыемствах, якія патрабуюць падачы адпаведнай заяўкі ў мясцовыя органы ўлады.

Праваабаронца падкрэслівае, што Лідзія Ярмошына не мае права адмовіць БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі правесці экспертызу паправак у Выбарчы кодэкс.

- Венецыянская камісія створаная ў рамках Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, дзе статус назіральніка мае і Канстытуцыйны суд Беларусі. Так што, калі адпаведныя суб'екты ПАРЕ, накіруюць запыт на правядзенне тых ці іншых экспертыз, то згода Ярмошынай не спатрэбіцца. Дарэчы, Венецыянскай камісіяй ужо праводзілася экспертыза артыкула 193 заўвага КК Беларусі, якая тычыцца Закона аб масавых мерапрыемствах. Аналагічным чынам можа быць праведзеная экспертная адзнака паправак у Выбарчы кодэкс. Але, наўрад ці, яна нешта зменіць, бо няма жадання ўлад да стварэння заканадаўства ў духу Капенгагенскага пагаднення аб свабодных і дэмакратычных выбарах і рэкамендацый АБСЕ, - мяркуе юрыст.

Са слоў эксперта, змены закрануць толькі парадак вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. Такую магчымасць атрымаюць грамадскія аб'яднанні колькасцю больш за 1000 чалавек.

- Гэта вельмі сумнеўнае новаўвядзенне. У нас атрымаецца нейкая квазісістэма, калі праўладныя грамадскія аб'яднанні: БРСМ, «Белая Русь» ды іншыя, не з'яўляючыся палітычнымі партыямі, будуць наўпрост вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты, - адзначае эксперт.

У той жа час, на думку эксперта, трэба мяняць заканадаўства ў частцы падліку галасоў і назіранні за гэтым працэсам. Тым больш, што пасля кожных выбараў АБСЕ дае беларускім уладам рэкамендацыі аб патрэбе выразнай дэталізацыі працэдуры падліку галасоў, якая дазволіла б аглядаць гэты працэс назіральнікам.

- Існая сістэма падліку галасоў накіраваная на тое, каб было складана прадухіляць маніпуляцыі і фальсіфікацыі. Працэдуры не прапісаныя. Камісія пачынае падлік галасоў, а як яна гэта робіць, законам не агаворана. На практыцы гэта выглядае так: кожны чалец камісіі лічыць свой стос бюлетэняў і ўсё гэта адбываецца адначасова. Натуральна, назіральнік не можа зрабіць выснову пра вынік галасавання. Нават чальцу камісіі гэта невядома, бо ён ведае толькі тое, што палічыў ён. А як ён можа быць упэўнены, што іншыя лічаць сумленна, і, тым больш, старшыня камісіі, які штосьці падлічыў і ўпісаў у пратакол? Гэта вельмі зручная сістэма для фальсіфікацыі вынікаў галасавання, таму што працэдура закрытая, і ўлады не хочуць яе мяняць, - падкрэслівае Валянцін Стэфановіч.

Нагадаем, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапанову апазіцыйных партый і арганізацый правесці грамадскае абмеркаванне паправак у выбарчае заканадаўства.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках