24 лiстапада 2024, Нядзеля, 21:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ежы Памяноўскі: Наша місія - падзяліцца досведам свабоды

2
Ежы Памяноўскі: Наша місія - падзяліцца досведам свабоды

Ежы Памяноўскі стаў першым выканаўчым дырэктарам новага Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі.

Гэта будзе незалежная арганізацыя, якая базуецца ў Брусэлі, піша сайт арганізацыі «Фонд Карнэгі за міжнародны мір» (пераклад - charter97.org).

Можа падацца дзіўным, што ЕЗ мае патрэбу ў такой арганізацыі для абароны правоў чалавека і грамадзянскай супольнасці ў краінах, якія з'яўляюцца яго ўсходнімі і паўднёвымі суседзямі. Ці трэба даваць фінансавую падтрымку няўрадавым арганізацыям і навучальным установам? І ці з'яўляецца прасоўванне дэмакратыі сэнсам існавання ЕЗ?

Акрамя таго, ёсць шмат іншых еўрапейскіх праваабарончых груп, якія працуюць ва Украіне і Малдове, Грузіі і Марока. Гэта толькі некалькі краін, якія з'яўляюцца суседзямі ЕЗ, і з якімі будзе супрацоўнічаць новы фонд.

Дзяржавы-чальцы, асабліва Нямеччына, бяруць чынны ўдзел у палітыцы гэтых краін. Дык навошта патрэбны Еўрапейскі фонд у падтрымку дэмакратыі? Што ён можа зрабіць з таго, што не ў сілах зрабіць ЕЗ або праваабарончыя групы?

Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв'ю распавёў Ежы Памяноўскі, намеснік міністра замежных спраў Польшчы і кіраўнік новага фонду.

- Вы будзе першым выканаўчым дырэктарам Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі. Якая мэта гэтай новай установы?

- У шмат у каго няма жадання бачыць такі фонд - найперш гэта датычыцца некаторых дзяржаў-чальцоў, інстытутаў і няўрадавых арганізацый. Яго назва не выпадковая. Мы ведаем, што амерыканскі Фонд падтрымкі дэмакратыі (NED) шмат зрабіў пасля падзення камунізму ў краінах Цэнтральнай Еўропы. Яго прыклад, ступень гнуткасці ў перыяд трансфармацыі гэтага рэгіёну былі асабліва паспяховыя і станоўчыя. Праз тое, што фонд NED мае вялікі досвед, у фонда часта пыталіся, ці мае патрэбу Еўропа ў такой установе. Так, мае.

- Што робіць Еўрапейскі фонд у падтрымку дэмакратыі асаблівым?

- Прыярытэт фонду - падтрымка новых малых незарэгістраваных груп. Адной з умоў падтрымкі ад Еўрапейскага Звязу з'яўляецца зарэгістраваны статус тых, хто яе атрымлівае, што ў некаторых краінах азначае ўхваленне іх дзейнасці з боку рэжыму. Да таго ж праца шмат якіх еўрапейскіх фондаў заснаваная на праектах. Яны не могуць забяспечыць асноўнае фінансаванне.

- Што вы маеце на ўвазе?

- Дазвольце мне падаць вам прыклад. Вы павінны знайсці спосаб для таго, каб выцягнуць людзей з Інтэрнэту ў грамадскую палітычную прастору. Гэта людзі, якія мараць нешта рабіць. Мы павінны завабіць іх. Вядома, гэта вельмі далікатнае пытанне. Але ў той жа час гаворка ідзе пра прапаганду еўрапейскіх каштоўнасцяў. Фонд адпавядае чаканням тых, хто верыць у грамадзянскую супольнасць, мы хочам, каб яны не засталіся ў адзіноце. Мы хочам дапамагчы ім.

- Чаму менавіта цяпер?

- Радаслаў Сікорскі прапанаваў гэтую ідэю адразу ж пасля краху дэмакратычнага працэсу ў Беларусі ў снежні 2010 года. Тады ж пачалася «арабская вясна». Час быў вельмі важным. Мы здолелі ўбачыць патрэбу пільнага стварэння такога фонду.

- Вы сказалі, што еўрапейскія інстытуты не могуць хутка рэагаваць на падзеі, нягледзячы на фінансы і новую дыпламатычную службу, якія ёсць у іх распараджэнні.

- Гэта праўда, што інстытуты ЕЗ маюць дастаткова шмат грошай. Але яны вельмі асцярожна іх выдаткоўваюць. Яны павінны думаць аб падаткаплатніках. Калі справа даходзіць да атрымання грашовых сродкаў, то іх узгадненне і выдаткаванне становіцца доўгім адміністрацыйным і бюракратычным працэсам

У гэтым ёсць і слабасць, і моц. Моц складаецца ў маніторынгу і эфектыўнасці выдаткаў. Але слабасць у тым, што атрымаць сродкі праз такую сістэму не выпадае цягам дня. Такім чынам, мы задалі пытанне: Што можна дадаць да існых інструментаў? Як мы можам дадаць гнуткасці?

- І як вы будзеце гэта рабіць? Як вы вызначыце, якія дэмакратычныя групы або асобныя асобы маюць патрэбу ў падтрымцы?

- Дэмакратыя - гэта не тое, што вы можаце экспартаваць. Вы павінны пайсці туды, і вы павінны слухаць. Калі вы слухаеце, то людзі будуць гаварыць.

Сацыяльныя медыі змянілі свет. У старыя часы ў вас быў такі натоўп з адным прамоўцам. Натоўп хацеў, каб яму адказалі. Цяпер, з развіццём Інтэрнэту, у вас ёсць тысячы людзей, шмат з якіх з'яўляюцца прамоўцамі.

Слухаць цяпер стала складаней. Але гэта патрэбна. Вы павінны ісці да гэтых людзей, і вы павінны слухаць іх.

- Як будзе фінансавацца фонд?

- У нас ёсць 6 мільёнаў еўра ад Еўракамісіі на аперацыйныя выдаткі і 10 мільёнаў еўра ад дзяржаў-чальцоў для праектаў. Гэта прыстойны бюджэт.

- Напраўду? Не ўсе дзяржавы-чальцы падтрымліваюць фонд.

- Нямеччына па-ранейшаму не ўдзельнічае, але яна надала вялікую дапамогу на пачатковым этапе. Мы ўсё яшчэ чакаем яе фінансавую падтрымку. Я ўпэўнены, што яна прыйдзе. Гішпанія, Італія, Францыя, Нямеччына, Вялікабрытанія ўсё яшчэ не даюць фінансаванне. Але ўсе кажуць, што яны будуць забяспечваць падтрымку. Данія, Швецыя, Нідэрланды, Славакія, Эстонія, Бельгія, Балгарыя, Літва, усе новыя краіны-чальцы дамовіліся зрабіць свой унёсак. І Швайцарыя.

- Ці варта еўрапейскім няўрадавым арганізацыям, якія працуюць у рэгіёне, турбавацца праз новага канкурэнта?

- Так. Яны задаюцца пытаннем, да чаго прычыніцца стварэнне фонду. Але яны не выступаюць супраць. Калі вы параўнаеце падтрымку дэмакратыі з рэсурсамі, якія выдаткоўваюцца на развіццё супрацоўніцтва, то іх было раней значна менш. Вы толькі паглядзіце на велізарную колькасць няўрадавых арганізацый, кансультантаў і буйных агенцтваў, для якіх развіваюцца праекты. Мы гаворым пра мільярды еўра, аб тысячах і тысячах людзей. Гэта вялікі рынак. У мяне склалася ўражанне, што яны будуць радыя новаму сябру.

- У доўгатэрміновай перспектыве паўплывае стварэнне фонду на заканчэнне аб'яднання Еўропы?

- Так, пэўна. Гэта гістарычная і стратэгічная задача Еўропы. Наша роля ў прасоўванні дэмакратычных каштоўнасцяў. Гэта тое, чым мы займаемся. Дэмакратыя не жыве ў ізаляцыі. Мы не можам будаваць муры на нашых межах. Гэта было б вельмі разбуральна, і мы не павінны ісці гэтым шляхам. Гістарычная місія Польшчы ды іншых краін рэгіёну складаецца ў тым, каб падзяліцца сваім досведам свабоды.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках