25 лiстапада 2024, панядзелак, 9:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Калійны ўдар па бюджэце Беларусі

44
Deutsche Welle: Калійны ўдар па бюджэце Беларусі

Зніжэнне экспартных коштаў на хлоркалій хваравіта адаб'ецца на эканоміцы.

У 2012 годзе Беларусь недаатрымала ад экспарту хлорыстага калію больш за паўмільярда даляраў, нагадвае Deutsche Welle.

Прычынай паслужыла зніжэнне аб'ёмаў паставак за мяжу. У гэтым годзе сітуацыя можа быць яшчэ больш непрыемнай у сувязі з магчымым падзеннем коштаў на гэтую прадукцыю з 470 да 400 даляраў за тону, мяркуюць эксперты.

Важны артыкул бюджэту

Эканаміст Леў Марголін называе экспарт хлоркалію важным артыкулам даходаў беларускага бюджэту. Па дадзеных міністэрства па падатках і зборах, «Беларуськалій» з'яўляецца другім па значнасці падаткаплацельшчыкам краіны пасля «Белтрансгаза». Вытворчасць хлорыстага калію, адзначае эксперт, патрабуе мінімальных валютных выдаткаў, паколькі грунтуецца на ўласнай сыравіне. Усё астатняе, што прыносіць Беларусі валюту, у тым ліку экспарт іншых відаў мінеральных угнаенняў, прадуктаў нафтаперапрацоўкі, машынабудаванне патрабуе валютных укладанняў, паколькі грунтуецца на імпартнай сыравіне.

«Падзенне коштаў на хлорысты калій для Беларусі вельмі балюча, паколькі на дзесяткі і нават сотні мільёнаў даляраў могуць скараціцца валютныя паступленні ў бюджэт краіны», - лічыць Леў Марголін. Калі тэндэнцыя захаваецца, то гэта моцна ударыць па аплатнаму балансу, упэўнены эканаміст. Асабліва зараз, калі ў 2013 годзе Беларусі давядзецца заплаціць па знешніх пазыках больш за тры мільярды даляраў.

Адмоўная дынаміка

Паводле звестак беларускіх СМІ, 15 студзеня Беларуская калійная кампанія (БКК), якая валодае манапольным правам на экспарт хлорыстага калію, заключыла паўгадавы кантракт з карпарацыямі Sinochem і CNAMPGC - найбуйнейшымі кітайскімі імпарцёрамі мінеральных угнаенняў. Па гэтым кантракце тона прадукцыі будзе каштаваць 400 даляраў. Аб'ём экспарту беларускага хлоркалію ў першым паўгоддзі 2013 года складзе 700 тысяч тон з апцыёнам ў трыста тысяч тон.

Паводле інфармацыі аглядальніка Таццяны Манянок, у 2011 годзе аб'ём валютнай выручкі «Беларуськалію» склаў 3,2 мільярда даляраў. За адзінаццаць месяцаў 2012 года ён не перавысіў 2,5 мільярдаў даляраў (каля 14,7 адсотка ўсіх валютных паступленняў у краіну). Прычым, напрыклад, у Індыю Беларусь пастаўляла калійныя ўгнаенні па кошце 490 даляраў за тону, а ў Кітай - па 470 даляраў. Так што за пастаўкі, напрыклад, мільёна тон хлорыстага калію толькі ў Кітай у першым паўгоддзі 2013 года па новым кошце Беларусь не далічыцца семдзесят мільёнаў даляраў.

Пакуль нічога не паведамляецца з нагоды заключэння кантрактаў на пастаўкі ўгнаенняў у Індыю, якая разам з Кітаем з'яўляецца найбуйнейшым спажыўцом беларускага хлоркалію. Аднак, на думку экспертаў, яго кошт і ў дадзеным выпадку не перавысіць 400 даляраў за тону. Тым больш што Індыя з-за дэвальвацыі сваёй валюты паменшыла субсідаванне фермерскіх гаспадарак - актыўных спажыўцоў калійных угнаенняў. Што ж прывяло да падзення коштаў?

Канада дэмпінгуе?

31 снежня 2012 года з'явілася інфармацыя аб тым, што канадская кампанія Canpotex - трэйдар шэрагу паўночнаамерыканскіх кампаній - ужо заключыла кантракт на пастаўку ў Кітай аднаго мільёна тон хлорыстага калію ў першай палове 2013 года. Прычым, па кошце 400 даляраў за тону, што на 70 даляраў менш у параўнанні з леташнім коштам угнаенняў, якія пастаўляў у Кітай БКК.

На думку экспертаў, цяжка чакаць, што іншыя краіны захочуць набываць хлоркалій па больш высокім кошце. Кітай, напрыклад, гэта ўжо прадэманстраваў. Таму беларускаму боку варта зыходзіць менавіта з чатырохсот даляраў за тону калійных угнаенняў пры магчымым заключэнні іншых кантрактаў. Што не можа радаваць беларускую эканоміку, падкрэсліваюць эксперты.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках