24 лiстапада 2024, Нядзеля, 15:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Волчак: Справа Аўтуховіча - глупства ад пачатку да канца

5
Алег Волчак: Справа Аўтуховіча - глупства ад пачатку да канца

У гадавіну нараджэння палітвязня ў офісе партыі БНФ прайшоў «Марафон салідарнасці» з ім.

Мікалай Аўтуховіч зараз адбывае ўжо другі тэрмін у турме. Першы раз ён быў асуджаны 7 ліпеня 2006 года на 3 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў з нанясеннем шкоды бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама ў ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і атрымання ліцэнзіі. Тэрмін зняволення яму вылічаўся пачынаючы з 15 кастрычніка 2005 года, калі яго пасадзілі ў следчы ізалятар у калоніі №1 у Мінску, піша camarade.biz.

Ужо тады праваабаронцы не сумняваліся: Мікалая Аўтуховіча асудзілі незаконна. Рэальнай прычынай стала тое, што ён выдатна ведаў ваўкавыскія карупцыйныя схемы, і сам адмаўляўся ў іх удзельнічаць.

Ён быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕЗ у пачатку 2008 года. Аднак, выйшаўшы на волю, ён паступіў досыць дзіўна з пункту гледжання цяперашняй улады.

Ён заявіў пра намер напісаць кнігу аб карупцыі ў Ваўкавыску. І, мабыць, пачаў пісаць такую кнігу. Таму што на свабодзе ён прабыў крыху больш за год. 8 лютага 2009 года яго зноў затрымалі і ў 2010 годзе асудзілі да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі нібыта за захоўванне зброі. Здароўе Аўтуховіча тады было сур'ёзна падарванае серыяй працяглых галадовак пратэсту і недахопам неабходнай медыцынскай дапамогі.

Чаму ж улады ўхапіліся за Аўтуховіча?

На думку сустаршыні аргкамітэта па стварэнні руху ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане «Абаронцы Айчыны» Аляксандра Камароўскага, Аўтуховіч быў і застаецца аўтарытэтам у афганскім руху. У 2009 годзе, ужо будучы пад следствам у турме, Аўтуховіч, Камароўскі і Волчак адмовіліся атрымліваць ад Аляксандра Лукашэнкі медалі з нагоды 20-годдзя вываду войскаў з Афганістана. Яны выступілі з адкрытай заявай з гэтай нагоды, у якой палічылі амаральным атрымліваць такія ўзнагароды пасля таго, як улада ліквідавала льготы ветэранам баявых дзеянняў у Афганістане. Пасля больш за дзве тысячы афганцаў паступілі гэтак жа... Гэта была аплявуха асабіста Лукашэнку.

Аўтуховіч імкнуўся дапамагчы ўсім, хто прасіў у яго дапамогі. Яго да гэтага часу ўспамінаюць добрым словам у Ваўкавыску. Ён дапамагаў дзіцячым дамам, ён імкнуўся працаваць сумленна. Ён паказаў усім, што, па словах праваабаронцы Алега Волчака, «афганцы» - гэта не панурыя баявікі, а добрыя людзі».

«Тое, у чым яго вінавацілі, - глупства ад пачатку да канца. Ну, проста недарэчна, маючы бізнес з абаротам мільён даляраў ладзіць арганізацыю нейкіх партызанскіх атрадаў невядома навошта», - лічыць Волчак. Ён у чарговы раз падкрэсліў, што ніякага крыміналу ў дзеяннях Аўтуховіча няма. Пры гэтым суд апраўдаў Аўтуховіча па самых складаных эпізодах яго справы - абвінавачванні ў тэрарызме, у падпалах будынкаў і збудаванняў падчас суду рассыпаліся, як картачны домік. У выніку суд вымушаны быў прычапіцца толькі да пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі, якія захоўваліся ў Аўтуховіча ў зброевым сейфе. Калісьці, добраахвотна здаючы ў міліцыю паляўнічую зброю, Аўтуховіч проста не пакапаўся ў глыбіні сейфа і гэтыя патроны, магчыма, там забыў. А можа, іх там і не было - на судзе паўстала столькі нестыковак і пытанняў, што прысутныя наогул ні аднаму доказу і ні аднаму сведчанню ўжо не верылі.

Падчас вечарыны салідарнасці з Аўтуховічам былі згаданыя ўсе: і «сведкі», і «пацярпелыя»: тагачасны намеснік міністра па падатках і зборах Васіль Камянко і экс-старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Саўчанка, і пракурор Эльдар Сафараў, і суддзя Аляксей Цяцюхін. Гэта значыць, што ніхто не забыты і нішто не забытае.

Аўтуховіч адбываў пакаранне ў ВК-5 у Івацэвічах. Ён мог бы быць вызвалены ўмоўна-датэрмінова, ніякіх падставаў для адмовы Аўтуховічу ва УДВ, пачынаючы з вясны 2011 года не было. Тым не менш, вызвалены ён не быў. З восені 2011 года ціск на палітвязня рэзка ўзмацніўся. У выніку аднаго з інцыдэнтаў Аўтуховіч вымушаны быў ускрыць сабе вены. А рашэннем суда ад 17 студзеня 2012 года ўмовы адбывання пакарання былі замененыя на больш жорсткія, і ён быў пераведзены з калоніі № 5 у Івацэвічах ў турму № 1 у Гродне.

Аўтуховіч мог выйсці з турмы неаднаразова: і па двух амністыях, і па памілаванні, і любымі спосабамі. Але, на думку Алега Волчака, ён выйдзе толькі пасля заканчэння яго тэрміну:

«Да мяне даходзяць размовы нават з «зоны» аб тым, што Аўтуховіча там ведаюць і паважаюць менавіта як лідэра «афганскага» руху. Менавіта як лідэр руху ветэранаў вайны ў Афганістане ён небяспечны для ўлады. Як палітык, а не як прадпрымальнік, ён небяспечны для ўлады. І, як мне казалі, улада па-ранейшаму лічыць яго «тэрарыстам».

Ну і другая праблема, гэта, вядома, дзейнасць Аўтуховіча ў адсочванні карупцыйных схем.

«Тое, што ён агучыў у судзе: факты карупцыі, шэрых схем руху тавараў праз мяжу, прыкрыццё гэтай кантрабанды вышэйшымі службовымі асобамі - усё гэта «паліцца» да гэтага часу. Цяпер Саўчанка працуе ў сферы аграпрамысловага комплексу, і, як мне паведамляюць, вельмі хвалюецца з нагоды таго, што ў Аўтуховіча засталіся нейкія дакументы па карупцыйных схемах, у якіх ён уграз», - сказаў Волчак.

Ну а ўдзельнікі «Марафону салідарнасці» выказалі надзею, што Аўтуховіч выйдзе з турмы раней, чым скончыцца яго тэрмін. Разам яны запісалі відэавіншаванні Аўтуховічу з 50-годдзем, якія зняволены, убачыць, напэўна, толькі на волі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках