25 лiстапада 2024, панядзелак, 15:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканамісты не вераць Белстату

21
Эканамісты не вераць Белстату

Як вядома, нядаўна Нацыянальны статыстычны камітэт правёў удакладняльную ацэнку росту ВУП Беларусі ў III квартале 2012 года.

З раней агучанага значэння ў 1,9% паказчык росту эканомікі павышаны да 3,1%. Таксама была зроблена пераацэнка росту ВУП у I і II кварталах 2012 года. Эканоміка краіны вырасла да 3,4% з 3,1% і да 3,0% з 2,9% адпаведна, піша «Белорусская деловая газета».

Такім чынам, рост ВУП Беларусі ўшчыльную наблізіцца да запланаваных 5-5,5%. Аднак ці можна давяраць абноўленым дадзеным Нацыянальнага статыстычнага камітэта?

Як адзначыў кандыдат эканамічных навук, дацэнт і эканамічны эксперт Леанід Злотнікаў, у яго, па-першае, выклікае здзіўленне тая паспешнасць, з якой Белстат ажыццявіў другую ацэнку валавога ўнутранага прадукту за III квартал 2012 года.

- Гэта ж не так даўно Нацыянальны статыстычны камітэт даваў зусім іншыя лічбы. Як магчыма было пералічыць усе дадзеныя так хутка? - задаецца лагічным пытаннем Леанід Злотнікаў.

З іншага боку, нават калі прыняць на веру, што ВУП Беларусі склаў у ІІІ квартале 2012 года 103,1% да ІІІ кварталу 2011-га, то гэта ўсё роўна, на думку эксперта, не адмяняе папярэдніх дадзеных, а менавіта тое, што валавы ўнутраны прадукт з пачатку года ў нашай краіне ўпаў.

- Калі палічыць па-іншаму і ўзяць, напрыклад, дадзеныя за ІІ і ІІІ квартал 2012 года, то апынецца, што ў III квартале ў адносінах да папярэдняга кварталу гэтага ж года замест росту ВУП адбыўся яго спад, і, прычым, вельмі значны - прыкладна на 10%.

Выклікаюць сумневы абноўленыя дадзеныя па росту ВУП і ў экс-кіраўніка Нацбанка Станіслава Багданкевіча.

- Асабіста ў мяне ёсць вялікі недавер да дадзеных Белстата, - заўважыў эксперт. - Гэта тычыцца не толькі паказчыкаў росту ВУП, але і паказчыкаў інфляцыі за 2012 год. Напрыклад, ускосным пацверджаннем таго, што дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта па інфляцыі заніжаныя, можа служыць стаўка рэфінансавання Нацбанка. Як вядома, яна цяпер складае 30%. Такім чынам, і інфляцыя ў Беларусі павінна складаць прыкладна 30%, а не крыху больш за 20%, як адзначаецца афіцыйнай статыстыкай. На маю думку, інфляцыя ў Беларусі ў 2012 годзе была больш высокай, асабліва на тавары паўсядзённага попыту.

Калі ж казаць пра пераацэнку росту ВУП Беларусі, то, як заўважыў Станіслаў Багданкевіч, у гэтых дадзеных таксама больш пытанняў, чым адказаў.

- Калі інфляцыя ў эканоміцы краіны складае больш за 10%, то аб'ектыўна ацаніць ВУП фактычна немагчыма. Гэта вядомы эканамічны закон, таму па гэтых паказчыках могуць узнікаць цалкам абгрунтаваныя сумневы, - адзначыў былы кіраўнік Нацбанка.

Такім чынам, калі рэзюмаваць вышэйсказанае, можна адзначыць, што абноўленыя дадзеныя Белстата не дазваляюць казаць пра паляпшэнне ў эканоміцы Беларусі. Да таго ж, нават па гэтых, удакладненых паказчыках, ВУП Беларусі наўрад ці зможа дасягнуць той планкі, якую вызначыў на 2012 год Урад нашай краіны: у 105-105,5% да ўзроўню мінулага года. Калі ж казаць пра амбітныя планы беларускіх уладаў па тэмпах росту ВУП у 2013 годзе на 8,5%, то яны ўсё гэтак жа здаюцца прывіднымі і вельмі далёкімі ад рэальнасці.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках