Ад Мікалая Аўтуховіча перасталі прыходзіць лісты
9- 3.10.2013, 13:03
- 16,628
Лістоў няма некалькі тыдняў.
Пра гэта, па словах адказнага сакратара аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніса Садоўскага, паведамілі некалькі актывістаў, якія даўно перапісваюцца з Мікалаем Аўтуховічам, перадае «Радыё Рацыя».
«Актывісты БХД, якія ўвесь час перапісваюцца з усімі палітвязнямі, за апошнія некалькі тыдняў адзначылі адсутнасць лістоў ад Мікалая Аўтуховіча і адказаў з яго боку на іх лісты, чаго раней не было. На нашу думку, гэта сведчыць пра тое, што Мікалая Аўтуховіча абмяжоўваюць ад усякай інфармацыі і ў тым ліку ад лістоў з волі», - сказаў Дзяніс Садоўскі.
Ён не выключае, што гэта звязана з акцыяй пратэсту палітвязня. У знак нязгоды з вынесеным адміністрацыяй турмы спагнаннем і бяздзейнасцю пракуратуры, куды ён накіраваў скаргу, Мікалай Аўтуховіч моцна парэзаў сабе жывот.
Былы прадпрымальнік з Ваўкавыска і ветэран вайны ў Афганістане знаходзіцца за кратамі з 8 лютага 2009 года. Асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы нібыта за захоўванне некалькіх патронаў.