Мікалай Аўтуховіч: Са здароўем усё нармальна
6- 9.10.2013, 15:45
- 9,803
Пасля працяглага перапынку пачалі даходзіць з гродзенскай турмы лісты ад палітвязня Мікалая Аўтуховіча.
У адным з іх ён, у прыватнасці, паведаміў, што атрымаў вясельны альбом ад сям'і Дашкевічаў, піша сайт ПЦ «Вясна».
«Вельмі рады за Насту і Змітра. Сэрца парадавалася ад шчаслівых твараў на гэтых здымках. Хоць нейкі пазітыў атрымаў у апошні час», - піша ён.
Палітвязень таксама паведамляе, што «са здароўем усё нармальна»: «Прашу тых, хто мяне падтрымлівае, не хвалявацца».
У сваім лісце Мікалай Аўтуховіч успамінае арыштаванага ўладальніка начнога клуба Юрыя Данькова: «Ён быў некалі ў апякунскім савеце і дапамагаў СІЗА №1 на Валадарскага ў Менску, мяняў там унітазы. А цяпер, значыць, сам сядзіць».
Ветэран афганскай вайны Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны ў траўні 2010 года на пяць гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму за захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі. У верасні стала вядома пра тое, што ў турме ён разрэзаў сабе жывот у знак пратэсту супраць незаконных дзеянняў адміністрацыі. Пасля гэтага ад асуджанага прадпрымальніка перасталі прыходзіць лісты.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй.