25 лiстапада 2024, панядзелак, 18:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея чакае экстрадыцыі Баўмгертнера

43
Расея чакае экстрадыцыі Баўмгертнера

Маскоўскі суд арыштаваў кіраўніка «Уралкалію» дзеля яго хутчэйшай выдачы на радзіму.

У Расеі, гэтак жа як і ў Беларусі, Уладзіслаў Баўмгертнер абвінавачваецца ў злоўжыванні паўнамоцтвамі. Яго абарона мае намер абскардзіць рашэнне аб арышце, піша «Коммерсант».

Гісторыя вакол гендырэктара «Уралкалію» ў апошні час усё больш нагадвае дэтэктыў. Ва ўсякім выпадку, і Расея, і Беларусь прыкладаюць усе намаганні, каб мінімізаваць інфармацыю як пра саму справу, так і пра лёс арыштаванага. Нават, здавалася б, банальная гісторыя з яго завочным арыштам у Басманным судзе Масквы апынулася ахутанай таямніцай. Прычым маўчанне захоўваюць як у Следчым камітэце Расеі (СКР), так і абаронцы гендырэктара «Уралкалію».

Як высветлілася, хадайніцтва следства аб завочным арышце Уладзіслава Баўмгертнера было разгледжана Басманным судом яшчэ 17 кастрычніка, але вядома пра яго стала толькі нядаўна. Абгрунтоўваючы неабходнасць гэтай меры, следчы адзначыў, што гендырэктар «Уралкалію» абвінавачваецца ў здзяйсненні цяжкага злачынства, за якое прадугледжана пакаранне на тэрмін звыш трох гадоў пазбаўлення волі, а застаючыся на волі, ён можа як працягнуць займацца злачыннай дзейнасцю, так і аказаць ціск на сведак, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча. Яшчэ адным довадам на карысць арышту, як адзначыў следчы, з'яўляецца тое, што Уладзіслаў Баўмгертнер знаходзіцца ў міжнародным вышуку.

З усімі гэтымі аргументамі суд пагадзіўся, завочна арыштаваўшы спадара Баўмгертнера на два месяцы. Гэтая мера стрымання пачне дзейнічаць з таго моманту, як абвінавачаны будзе перададзены расейскім праваахоўным органам. Пра тое, калі гэта можа адбыцца, пакуль ніякай канкрэтнай інфармацыі няма. Па словах афіцыйнага прадстаўніка СКР Уладзіміра Маркіна, «расейскія следчыя органы плануюць падрыхтаваць дакументы аб экстрадыцыі Баўмгертнера ў бліжэйшы час». Зрэшты, як адрэагуе на гэты запыт афіцыйны Менск, застаецца толькі здагадвацца. Ва ўсякім выпадку, 21 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што Уладзіслаў Баўмгертнер можа быць перададзены Расеі пасля кампенсацыі шкоды ў памеры $100 млн.

Нагадаем, што і ў Расеі, і ў Беларусі Баўмгертнеру, а таксама былому першаму намесніку кіраўніка ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК) Канстанціну Саладоўнікаву інкрымінуецца злоўжыванне паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 201 КК РФ). Па версіі следчых, абвінавачаныя, выконваючы кіраўніцкія функцыі ў камерцыйных арганізацыях, злоўжывалі сваімі паўнамоцтвамі, выкарыстоўваючы іх насуперак законным інтарэсам гэтых арганізацый і ў мэтах здабывання выгод і пераваг для іншых асоб. Іх дзеянні пацягнулі за сабой прычыненне істотнай шкоды і цяжкія наступствы для БКК і «Беларуськалію».

Адзін з абаронцаў спадара Баўмгертнера заявіў, што рашэнне Басманнага суда будзе абскарджана. Больш падрабязна на гэтую тэму абаронца гендырэктара «Уралкалію» размаўляць адмовіўся.

Фота: ria.ru

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках