Ежы Бузэк: Веру, што сітуацыя ў Беларусі зменіцца
15- 15.11.2013, 11:50
- 12,352
Такое меркаванне выказаў былы кіраўнік Еўрапейскага Парламента на канферэнцыі ў Варшаве, на якой абмяркоўваліся найбольш значныя пытанні палітыкі ЕЗ.
Адным з пунктаў у праграме стала размова аб праблемах і шанцах «Усходняга партнёрства». Галоўным чынам было закранута ўкраінскае пытанне. Прысутныя пагадзіліся, што Украіна зможа зблізіцца з ЕЗ мінімум праз 10 гадоў. Пытанне Беларусі засталося закрытым. Ежы Бузэк выказаў сваю пазіцыю ў каментары «Радыё Рацыя».
- Калі я быў старшынёй Еўрапейскага Парламента на працягу двух з паловай гадоў, я меў рознага роду планы. І магу сказаць, што большасць з іх выкананыя. Гаворка ідзе пра агульны рынак энергіі ў Еўразвязе, пра супрацоўніцтва з суседзямі ЕЗ, пра годны бюджэт ЕЗ. Адзінае, што не спраўдзілася і было для мяне вельмі важным - гэта тое, што сітуацыя ў Беларусі не змянілася ў бок дэмакратыі, свабоднага рынку, прынцыпаў цывілізаванага свету. Гэтага не атрымалася. Але ўпэўнены, што гэта адбудзецца, - адзначыў Бузэк.
Аналітык Польскага інстытута міжнародных спраў Альжбета Каца сцвярджае, што сітуацыя адносінаў Еўрапейскага звяза і Беларусі зайшла ў тупік:
- У дачыненні да Беларусі ўведзеныя санкцыі, няма кантакту на ўзроўні ўрадаў. Таму Еўразвяз падтрымлівае грамадскія аб'яднанні і няўрадавыя арганізацыі, якія дзейнічаюць у Беларусі. Еўразвяз прапанаваў Лукашэнку візавыя льготы для грамадзян Беларусі, але няма ніякай рэакцыі афіцыйнага Менска. З такога пункту гледжання сітуацыя не выглядае аптымістычнай.
Канферэнцыя была прымеркаваная да выбараў у Еўрапейскі Парламент, якія пройдуць у бліжэйшы час.
Фота: wp.pl