Лінас Лінкявічус: Пакуль невядома, хто прадставіць Беларусь на саміце ў Вільні
38- 16.11.2013, 8:52
- 21,735
Хто будзе прадстаўляць Беларусь на будучым саміце «Усходняга партнёрства» - пакуль невядома.
Пра гэта заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org кіраўнік МЗС Літвы, якая старшынюе ў Радзе ЕЗ, Лінас Лінкявічус: «Мы пакуль не інфармаваныя», - паведаміў ён. З ягоных слоў, ЕЗ рэгулярна нагадвае беларускім уладам аб праблеме палітычных зняволеных і патрабуе іхнага вызвалення. Лінас Лінкявічус называе наяўнасць палітвязняў дрэннай практыкай, аднак пры гэтым кажа, што размова з кіраўніцтвам Беларусі вядзецца, а Літва зацікаўлена ў спрашчэнні візавага рэжыму для беларусаў, бо гэта добра для абедзвюх старон: беларусы будуць больш падарожнічаць, а Літва здабудзе ад гэтага ў эканамічным плане.
- Што можна чакаць Беларусі ад саміту?
- Мэты ня такія амбіцыйныя (як ва Украіны - charter97.org), Беларусь не хоча інтэгравацца. Мы хочам размаўляць, каб быў дыялог, каб мы маглі выйсці на іншы ўзровень. Асабіста я хачу, каб быў спрошчаны візавы рэжым, Літва выдае звыш 1000 віз штодзень, і гэта добра, людзі больш убачаць, будуць больш падарожнічаць. Такая наша мэта. На мой погляд, візы вельмі дарагія і тут трэба абедзвюм старанам дамаўляцца.
У нас ёсць дамова аб спрошчаным памежным руху ў 50-кіламетровай зоне, усё падрыхтавана, падпісана, але яна пару гадоў як затрымалася і не працуе. Я б хацеў, каб і гэта было развязана. Так што ўсё гэта невялікія крокі, каб можна было дамаўляцца паміж сабой, напрыклад, у такіх пытаннях, як будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Мы з'яўляемся чальцамі канвенцыі ядзернай бяспекі, ёсць пэўныя нарматывы, правілы стасункаў. Мы хацелі б, каб іх пільнаваліся.
Так што ў нас даволі сціплыя жаданні. Але ўсё астатняе залежыць ад самой Беларусі, наколькі шырэй і глыбей яна захоча супрацоўнічаць. Будзем паважаць партнёра, яны нашы партнёры, суседзі, без усялякіх сумненняў, мы не будзем мяшацца ў іхныя нутраныя справы, гэта не наша праблема. Але мы выказваем тое, што нас турбуе, і адна з такіх рэчаў - палітычныя зняволеныя. Пра гэта мы і ЕЗ рэгулярна нагадваем, што гэта дрэнная практыка і патрабуем іхнага вызвалення.
- Іншымі словамі, ёсць дыялог?
- Гэта дыялог, мы размаўляем. Маем стасункі і з міністрам, і з віцэ-міністрамі, сустракаемся, гутарым, дарэчы, вельмі канструктыўна, на мой погляд.
- Яшчэ невядома, хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце?
- Я яшчэ не ведаю, не магу сказаць. Мы пакуль не інфармаваныя.
- Пасол Польшчы ў Менску заявіў, што Польшча ахвочая наогул скасаваць візы для беларусаў.
- Яны не могуць гэтага зрабіць. Ёсць агульны парадак, гэта ж краіны Шэнгенскай зоны.
- Якая пазіцыя Літвы ў гэтым пытанні?
- Як я і казаў, як мага больш спрасціць візавы рэжым, каб было як мага танней, прасцей. Нарэшце, гэта апраўдвае сябе і з эканамічнага пункту гледжання. Мы гэта адчуваем, да нас прыязджае шмат людзей, яны актыўна купляюць нашы прадукты. Гэта выгадна нам і эканамічна. Ва ўсіх сэнсах. Але я не думаю, што так проста адна краіна магла б узяць і скасаваць візы.
Саміт Усходняга партнёрства пройдзе ў Вільні (Літва) 28-29 лістапада. 15 кастрычнік віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрус Крывас перадаў кіраўнікам дыпламатычных місій краін - удзельніц УП ў Літве запрашэнні для іхных дзяржаў на трэці саміт ініцыятывы.
Беларусь атрымала безыменнае запрашэнне на саміт. Хто паедзе ў Вільню, пакуль невядома. 24 кастрычнік міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў: «Пастанова аб тым, хто прадставіць Беларусь на саміце Усходняга партнёрства ў Вільні, будзе прынятая неўзабаве».
Фота: urm.lt