25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: два гады палітычнаму прысуду

5
Алесь Бяляцкі: два гады палітычнаму прысуду

Два гады таму быў вынесены прысуд кіраўніку праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесю Бяляцкаму.

Згодна з вынесеным прысудам, ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 2 арт. 243 КК Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) і быў пакараны пазбаўленнем волі ва ўмовах строгага рэжыму тэрмінам на 4,5 года з канфіскацыяй маёмасці.

Праваабарончы цэнтр «Вясна», а таксама вядучыя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, ацанілі гэты прысуд як палітычна матываваны, накіраваны на спыненне легітымнай шматгадовай праваабарончай дзейнасці Алеся Бяляцкага і ПЦ «Вясна» ў цэлым.

Вынесены прысуд супярэчыць не толькі міжнародным абавязацельствам Беларусі ў галіне абароны правоў чалавека, але і дзеючаму нацыянальнаму заканадаўству.

Так, згодна з арт.22 Закона Рэспублікі Беларусь ад 21.12.1991 года «Аб падаходным падатку з фізічных асоб» і аналагічным арт.178 Падатковага Кодэкса РБ абавязак прадстаўляць падатковую дэкларацыю, паказваць у ёй пэўныя даходы, плаціць з іх падаходны падатак узнікае толькі ў тым выпадку, калі плацельшчык атрымаў даходы, што падлягаюць падаткаабкладанню. Гэта значыць, даходы, якія не падлягаюць падаткаабкладанню, не дэкларуюцца, і з іх не выплачваецца падаходны падатак.

Згодна з падпунктам 2.19 арт.153 Кодэкса Рэспублікі Беларусь і падпунктам 2.19 пункта 2 арт.2 вышэйназванага Закона аб'ектам падаткаабкладання не прызнаюцца даходы, атрыманыя ў грашовай форме фізічнай асобай ад іншай асобы для выканання яго даручэння па ажыццяўленні якіх-небудзь разлікаў, аплаты на яго карысць ці на карысць трэціх асоб за тавары (работы, паслугі) альбо па перадачы трэцім асобам атрыманых сродкаў і выканання абавязацельстваў.

Гэта азначае, што калі грамадзянін атрымлівае ад нейкай замежнай арганізацыі грашовыя сродкі для выканання даручэння гэтай арганізацыі па ажыццяўленні разлікаў, аплаты за нешта, перадачы трэцім асобам або выканання нейкіх абавязацельстваў, то такія грашовыя сродкі не прызнаюцца аб'ектам падаткаабкладання. А значыць, абавязак дэклараваць даходы і выплачваць падатак адсутнічае.

Адпаведная ацэнка крымінальнай справы Бяляцкага была дадзеная і на міжнародным узроўні. У меркаваннях Працоўнай групы па адвольных затрыманнях ААН, дасланых ўраду Беларусі, змяшчалася рашэнне аб тым, што «пазбаўленне волі Бяляцкага з'яўляецца адвольным, паколькі яно супярэчыць артыкулу 20, пункту 1 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулу 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Затрыманне падпадае пад катэгорыю II сярод катэгорый, якія ўжываюцца пры разглядзе спраў, перададзеных на разгляд Працоўнай групы;

З улікам гэтага Заключэння, Працоўная група просіць урад прыняць неабходныя меры для выпраўлення становішча Бяляцкага і прывесці яго ў адпаведнасць з нормамі і прынцыпамі, выкладзенымі ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і МПГПП.

Працоўная група падкрэслівае, што адэкватнымі сродкамі прававой абароны з'яўляецца вызваленне сп. Бяляцкага і наданне яму законнага права на кампенсацыю ў адпаведнасці з артыкулам 9, пунктам 5 МПГПП».

У пачатку лістапада палітвязень Алесь Бяляцкі адбыў палову тэрміну пакарання, якое ён адбывае ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска і, лагічна, што ў дачыненні да яго маглі быць выкарыстаныя розныя метады датэрміновага вызвалення. Аднак гэтага не адбылося, паколькі рэгулярна, нават за самыя нязначныя парушэнні рэжыму адбыцця пакарання, на праваабаронцу накладаюцца новыя спагнанні.

 З самага першага дня затрымання Бяляцкага ў многіх краінах свету і ў Беларусі праходзяць акцыі салідарнасці і з палітзняволеным кіраўніком Праваабарончага цэнтра «Вясна», ён атрымлівае тысячы лістоў падтрымкі з самых розных куткоў планеты. Міжнародныя арганізацыі і сусветна вядомыя палітыкі заклікаюць беларускія ўлады спыніць крымінальны пераслед Алеся Бяляцкага. За час знаходжання за кратамі Алесь Бяляцкі быў ганараваны прэміяй імя Вацлава Гавела, нямецкай прэміяй імя Петры Кэлі, прэміяй свабоды дацкай газеты «Politiken», двойчы быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру.

Нават за кратамі ў Бабруйскай папраўчай калоніі №2 Алесь Бяляцкі не спыняе, наколькі гэта магчыма, сваёй дзейнасці. Ён выдаў кнігу літаратуразнаўчых артыкулаў «Асьвечаныя беларушчынай». Неўзабаве ўбачаць свет яшчэ дзве новыя кнігі праваабарончых эсэ зняволенага праваабаронцы.

Калегі і сябры Алеся Бяляцкага годна выконваюць яго лаканічны запавет «Трымайце «Вясну!»

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках