25 лiстапада 2024, панядзелак, 3:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Германіяй будзе кіраваць «чорна-чырвоная» кааліцыя

1
Германіяй будзе кіраваць «чорна-чырвоная» кааліцыя

Хрысціянскія дэмакраты і сацыял-дэмакраты Германіі ўзгаднілі кааліцыйную дамову аб стварэнні новага ўрада ФРГ.

Блок Хрысціянска-дэмакратычны саюз/Хрысціянска-сацыяльны саюз (ХДС/ХСС) канцлера Германіі Ангелы Меркель і Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ) пасля перамоваў, які доўжыліся пяць тыдняў, узгаднілі дамову аб фармаванні «чорна-чырвонай» кіруючай кааліцыі ФРГ па выніках выбараў у бундэстаг, якія прайшлі 22 верасня. Пра гэта паведамілі крыніцы, якія ўдзельнічаюць у перамоўным працэсе, перадае ІТАР-ТАСС.

Дамова, у якой каля 170 старонак, будзе прадстаўленая ў сераду грамадскасці федэральным канцлерам, старшынёй ХДС Ангелай Меркель, лідарам ХСС Хорстам Зэехоферам і кіраўніком СДПГ Зігмарам Габрыэлем.

Па дадзеных крыніц, бакам удалося дамовіцца аб устанаўленні ў краіне з 2015 года мінімальнага ўзроўню аплаты працы ў памеры 8,50 еўра ў гадзіну, як таго патрабавалі сацыял-дэмакраты. Узгоднены таксама комплекс мер па ўдасканаленні пенсійнага забеспячэння.

Кампраміс быў дасягнуты і па пытанні аб увядзенні пошліны за праезд па нямецкіх хуткасных аўтамагістралях, супраць чаго першапачаткова выступала Меркель. Гэты дарожны падатак будзе спаганяцца толькі з замежных кіроўцаў легкавых аўтамабіляў. Адпаведны закон запланавана прыняць у 2014 годзе.

Таксама прынятае рашэнне дазволіць народжаным у Федэратыўнай рэспубліцы дзецям замежнікаў атрымліваць падвойнае грамадзянства, чаго патрабавала СДПГ. Гаворка ідзе пра тое, што надалей народжаным у Германіі ад замежных бацькоў дзецям не прыйдзецца да 23 гадоў выбіраць, якому пашпарту аддаць перавагу - сваёй краіны ці нямецкаму.

Акрамя таго, ХДС/ХСС дамовіліся не павышаць падаткі для рэалізацыі ў краіне праектаў «вялікай кааліцыі». Мяркуецца таксама, што з 2015 года ФРГ не будзе браць на сябе новых пазыковых абавязацельстваў, піша NEWSru.com.

Перамоўны марафон працягваўся ўсю ноч у тым ліку таму, што ў чацвер Ангела Меркель адправіцца на саміт «Усходняга партнёрства» ў Вільню. У атачэнні кіраўніка германскага ўрада адзначылі, што яна абавязкова мае намер прыняць удзел у гэтым форуме.

Ангела Меркель, Хорст Зэехофер і Зігмар Габрыэль на заключным этапе перамоваў правялі трохбаковую сустрэчу, на якой яны ўзгаднялі пытанні фінансавання праектаў «чорна-чырвонай» кааліцыі.

Перамовы былі ўскладненыя рашэннем сацыял-дэмакратаў ухваліць дамову толькі пасля таго, як яе ўхваліць партыйны базіс. Мяркуецца, што шараговыя сябры СДПГ будуць апытаныя з гэтай мэтай у пачатку снежня па пошце. У залежнасці ад зыходу гэтага своеасаблівага рэферэндуму пагадненне будзе альбо прынята, альбо адпрэчана. Па гэтай прычыне на той жа перыяд перанесенае абнародаванне паіменнага спісу будучых міністраў, што звычайна заўсёды адбывалася непасрэдна пасля завяршэння перамоваў.

Як дамовіліся бакі, СДПГ атрымае ў новым «чорна-чырвоным» кабінеце на чале з Ангелай Меркель шэсць міністэрстваў, да ХДС адыдуць пяць федэральных ведамстваў плюс пасада кіраўніка ведамства федэральнага канцлера (у рангу міністра), а прадстаўнікі ХСС узначаляць тры міністэрства.

Такім чынам, 17 снежня Ангела Меркель можа быць у трэці раз абраная федэральным канцлерам. У гэтым выпадку новы «чорна-чырвоны» кабінет міністраў ФРГ у той жа дзень прыступіць да працы.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках