25 лiстапада 2024, панядзелак, 11:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь або Егіпет?

36
Беларусь або Егіпет?

«Кіеў - не Менск», - кажуць удзельнікі акцый пратэсту ва Украіне.

«Трэба зрабіць усё для таго, каб мянты больш ніколі не дазвалялі сабе біць людзей за іх палітычныя погляды. А адправіць іх усіх у турму можна, толькі памяняўшы прэзідэнта», - заявіў 23-гадовы студэнт з Львова Кірыл.

«Сёння мы ўжо не спадзяемся хутка стаць Еўропай. Мы змагаемся за тое, каб застацца Украінай, а не ператварыцца ў Беларусь. Кіеў не Менск, і біць нас ніхто не мае права», - дадаў 40-гадовы мужчына з Ужгарада. Паводле яго слоў, ён прыехаў у Кіеў да свайго стрыечнага брата, піша Gazeta.ru. «Разлічвалі дзень народзінаў адзначыць. Але як убачылі па тэлевізары, што адбывалася ў гэтыя дні, вырашылі ісці на вуліцу. Я хачу, каб у маіх дзяцей, якім зараз 10 і 15 гадоў, была надзея на жыццё ў нармальнай краіне, дзе іх не будуць біць проста так», - тлумачыць ён.

Агульны настрой на акцыі пратэсту быў прыкладна такі: «Нашых дзяцей улада збіла ўпершыню за 20 гадоў незалежнасці. Калі гэта спусціць на тармазах, Януковіч ператворыцца ў Лукашэнку».

Учора днём калона мітынгоўцаў знесла загараджальныя металічныя шчыты, усталяваныя міліцыяй вакол Майдана Незалежнасці. Людзі занялі плошчу, нягледзячы на тое, што Акруговы адміністрацыйны суд Кіева ў ноч на нядзелю забараніў мітынгі на майдане Незалежнасці, Еўрапейскай плошчы, вуліцах Банкавая, Грушэўскага, Багамольца з 1 снежня 2013 года да 7 студзеня 2014 года.

Сілы спецпадраздзялення «Беркут» не сталі гэтаму процідзейнічаць: праваахоўнікі разбегліся пад радасныя воклічы натоўпу «Беркут знік!».

Усяго ў цэнтры Кіева ў нядзелю, паводле ацэнак апазіцыі, сабралася 600-700 тыс. чалавек. МУС ацаніла колькасць удзельнікаў акцыі не больш чым у 250 тыс.

Напярэдадні эксперты ў адзін голас казалі, што ўлада дапусціла «фатальную памылку»: калі б «Еўрамайдан» ніхто не разганяў у ноч на 30 лістапада сілавым шляхам, цяперашняя акцыя пратэсту магла б затухнуць сама сабой.

Выказваліся здагадкі, што прэзідэнта Януковіча падставіў хтосьці з яго каманды. Адначасна ў пятніцу вечарам адзін за адным сталі паступаць паведамленні пра тое, што дэпутаты рады з кіруючай большасці сталі пакідаць Партыю рэгіёнаў у знак пратэсту супраць сілавога разгону маніфестантаў. Ужо да раніцы ў нядзелю з партыі выйшлі тры дэпутата. Заяву аб адстаўцы падаў таксама кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Сяргей Лёвачкін. Раніцай у нядзелю таксама стала вядома, што рапарт аб адстаўцы падпісаў і начальнік кіеўскай міліцыі Валерый Карак.

«Гэта дае надзею, што далёка не ўсе людзі ва ўладзе дэгенераты. Спадзяемся, што ўсё можа пайсці так, як было ў Егіпце, калі Мубараку здрадзілі яго бліжэйшыя паплечнікі пасля таго, як пераканаліся, што ён канчаткова выжыў з розуму», - сказаў адзін з мітынгоўцаў - 35-гадовы кіеўскі прадпрымальнік Алег.

Еўразвяз гатовы працягнуць перамовы з Украінай аб падпісанні пагаднення аб асацыяцыі.

«У нас тут зараз два варыянты: ці Егіпет, ці Беларусь. Я спадзяюся на Егіпет, толькі без пагромаў, мы ж еўрапейцы», - кажа адзін з удзельнікаў акцыі.

Кіяўляне, якія жывуць у цэнтры горада, сталі арганізоўвацца ў «атрады самаабароны»: правакатары, на думку мітынгоўцаў дасланыя уладай з рэгіёнаў, спрабавалі ладзіць пагромы і кідаць камяні ў аўтамабілі. Таму многім жыхарам цэнтральных раёнаў прыходзілася не спаць усю ноч.

Нагадаем, на віленскім саміце Усходняга партнёрства 28-29 лістапада прэзідэнт Віктар Януковіч не падпісаў Пагадненне аб асацыяцыі Украіны з ЕЗ. Кіеў прапанаваў Брусэлю прыцягнуць Расею да абмеркавання палажэнняў пагаднення. Еўрачыноўнікі пакуль на такую прапанову не пагаджаюцца.

Жыхары краіны ўжо адказалі на зрыў падпісання пагаднення беспрэцэдэнтнай акцыяй пратэсту. Яна праходзіць па ўсёй Украіне ўжо другі тыдзень і б'е рэкорды колькасці ўдзельнікаў падзей 2004 года. Кульмінацыяй акцыі, якую ўжо называюць «еўрарэвалюцыяй», былі ўчорашнія падзеі ў Кіеве. У мірнай акцыі на Майдане Незалежнасці прынялі ўдзел ад 500 да 700 тысяч чалавек. Каля рэзідэнцыі Януковіча адбыліся сутыкненні, справакаваныя некалькімі сотнямі невядомых хуліганаў у масках. Апазіцыя асудзіла правакатараў і заявіла пра працяг акцыі. Сёння ва Украіне намечаны пачатак агульнанацыянальнай забастоўкі.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках