Еўрамайдан рыхтуецца прыняць мільён чалавек на Новы год
34- 24.12.2013, 10:19
- 20,497
Украінцы сустрэнуць Новы год на вуліцах і плошчах.
У ноч на Новы год на Майдане Незалежнасці ўсіх удзельнікаў будуць частаваць безалкагольным шампанскім і цукеркамі, заявіў камендант Дома прафсаюзаў Міхаіл Блавацкі, піша Gazeta.ua.
На брыфінгу ў панядзелак ён выказаў надзею, што на Майдан прыйдзе такая колькасць людзей, якая дазволіць унесці гэта мерапрыемства ў Кнігу рэкордаў Гінеса - па яго ацэнцы, гэта можа быць да мільёна чалавек.
Таксама, паводле яго слоў, у навагоднюю ноч на Майдане запланаваная вялікая канцэртная праграма, у прыватнасці запрошаныя гурты Modern Talking, Pink Floyd. Таксама ў канцэрце возьмуць удзел украінскія выканаўцы. Плануецца таксама правядзенне розных гульняў, конкурсаў.
Акрамя таго, моладзевае крыло Майдана мае намер арганізаваць мерапрыемства «святочная паштоўка з Майдана».
З гэтай мэтай на Майдане будзе арганізаванае месца, дзе ўсе карыстальнікі сацыяльных сетак змогуць пазнаёміцца, а таксама сфатаграфавацца на фоне «дзядулі Майдана». Фатаграфія будзе адразу ж выстаўляцца на адмысловую старонку ў сацсетку «Фэйсбук».
Масавыя акцыі прыхільнікаў еўраінтэграцыі ў Кіеве і іншых рэгіёнах Украіны пачаліся 21 лістапада пасля абвяшчэння ўрадам аб прыпыненні падрыхтоўкі Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ, якое планавалася аформіць на саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні. Улады краіны некалькі разоў спрабавалі спыніць іх сілавымі метадамі, зачысціўшы Майдан Незалежнасці ад намётаў і актывістаў апазіцыі. Тым не менш, людзі застаюцца ў цэнтры Кіева, а акцыі працягваюцца ўжо другі месяц.