Дэвід Крэмер: Патрэбныя санкцыі супраць Януковіча і яго сям'і
6- 3.12.2013, 17:17
- 17,178
Адрасныя санкцыі - адзін з нямногіх спосабаў спыніць кровапраліцце ва Украіне.
Пра гэта піша кіраўнік праваабарончай арганізацыі Freedom House Дэвід Крэмер у сваім артыкуле «Будучыня Украіны ў небяспецы пры прэзідэнце Януковічы», апублікаваным у выданні Washington Post (пераклад - charter97.org).
Ён піша, што цяперашні прэзідэнт Украіны ніколі не хацеў узмацняць інтэграцыю сваёй краіны з ЕЗ і падкрэслівае, што ўжыванне сілы павінна пацягнуць за сабой адрасныя санкцыі з боку дэмакратычных краін, у тым ліку, ЗША. У якасці прыкладу Дэвід Крэмер прывёў «спіс Магніцкага», у якім знаходзіцца шэраг расейскіх чыноўнікаў.
«Адрасныя санкцыі супраць Януковіча і яго сыноў, магчыма, з'яўляюцца адзіным спосабам прадухіліць далейшае кровапраліцце, дамагчыся вызвалення Юліі Цімашэнка, адмены закона, што пазбаўляе Віталя Клічко права балатавацца ў прэзідэнты і даць краіне надзею на інтэграцыю з Захадам», - піша ён.
Дэвід Крэмер растлумачыў, што, на яго думку, Януковіч будзе трымацца за ўладу да апошняга, таму шт, у выпадку яе страты, яго чакае суд і турма.
«Калі ён пакіне сваю пасаду, дык і ён сам, і яго сям'я патрапяць пад расследаванні і, магчыма, будуць асуджаныя. Ён можа памяняцца месцамі з Цімашэнка, якую сам пасадзіў у турму пасля скандальнага судовага працэсу», - заявіў ён.
Дэвід Крэмер лічыць, што ўвядзенне санкцый стане маральнай падтрымкай для сотняў тысяч украінцаў, якія пратэставалі супраць палітыкі ўладаў і якія выходзяць на вуліцы сваіх гарадоў.
Нагадаем, 30 лістапада, каля 4 раніцы, «Беркут» сілай зачысціў Майдан Незалежнасці ад мітынгоўцаў, якія выступаюць супраць непадпісання пагаднення аб асацыяцыі з Еўразвязам. Па медыцынскую дапамогу звярнулася 35 чалавек. 7 з іх шпіталізаваныя.
Днём 30 лістапада тысячы ўкраінцаў самаарганізаваліся і выйшлі на Міхайлаўскую плошчу, каб выказаць свой пратэст супраць сілавога разгону мірнага мітынгу.
1 снежня ў Кіеве адбылося Веча, арганізаванае апазіцыяй, на якое выйшла некалькі тысяч чалавек.
Пазней пратэстоўцы занялі частку будынка Кіеўскай гарадской адміністрацыі і Дом прафсаюзаў.
У той жа дзень на вуліцы Банкавай каля адміністрацыі прэзідэнта адбылася сутычка паміж сілавікамі і невядомымі правакатарамі.