Мінабароны Украіны: На падаўленні дэманстрацый армія не пойдзе
29- 4.12.2013, 12:32
- 24,008
Магчымасць прымянення Узброеных Сіл Украіны супраць мірных дэманстрантаў у міністэрстве называюць правакацыяй.
Узброеныя сілы Украіны не могуць быць выкарыстаныя для абмежавання правоў і свабод грамадзян або з мэтай звяржэння канстытуцыйнага ладу ў краіне, зрушэння органаў улады або перашкоды іх дзейнасці.
Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Украіны.
«У сувязі з апошнімі палітычнымі падзеямі ва Украіне з'явіліся заклікі асобных палітычных і грамадскіх арганізацый да камандавання і асабістага складу Узброеных Сіл Украіны з мэтай прыцягнення іх на свой бок для ўдзелу ў палітычных акцыях. Таксама ў сродках масавай інфармацыі з'явіліся паведамленні аб прыцягненні падраздзяленняў Узброеных Сіл Украіны, узброеных цяжкай бронетэхнікай, для нібыта падаўлення мірных дэманстрацый грамадзян Украіны. Міністэрства абароны Украіны, Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны афіцыйна заяўляюць, што згодна з арт.17 і арт.37 Канстытуцыі Украіны ўдзел падраздзяленняў УС Украіны як дзяржаўнага інстытута, прызначанага выключна для абароны Украіны, абароны яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці, ва ўнутрыпалітычнай барацьбе цалкам выключаецца», - гаворыцца ў паведамленні.
У Мінабароны падкрэслілі, што згодна з палажэннямі Канстытуцыі, Узброеныя Сілы Украіны не могуць быць выкарыстаныя для абмежавання правоў і свабод грамадзян або з мэтай звяржэння канстытуцыйнага ладу ў краіне, зрушэння органаў улады або перашкоды іх дзейнасці. «Таму паведамленні, якія распаўсюджваюць некаторыя СМІ, аб магчымасці прымянення Узброеных Сіл Украіны супраць мірных дэманстрантаў з'яўляюцца безумоўнай правакацыяй», - падкрэслілі ў ведамстве.