Лукашэнка нервуецца з-за Еўрамайдана
127- 5.12.2013, 15:10
- 283,087
Кіраўнік занепакоіўся падзеямі, якія адбываюцца ва Украіне.
Лукашэнка абмеркаваў у Менску з дзяржсакратаром «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі Рыгорам Рапотай падрыхтоўку да пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета і развіццё двухбаковага ўзаемадзеяння. Пры гэтым, адной з найважнейшых тэм размовы сталі падзеі, якія адбываюцца ў суседняй дзяржаве, піша «Інтэрфакс».
«Я хацеў бы пачуць вашыя ацэнкі беларуска-расейскіх адносінаў у кантэксце тых праблем, якія сёння ўзнікаюць, у тым ліку канфлікту ЕЗ з Украінай, як гэта праламляецца на нашы адносіны і якія ўрокі і высновы мы павінны зрабіць», - заявіў Лукашэнка.
Акрамя таго кіраўнік нагадаў пра маючае адбыцца пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы», прапанаваўшы абмеркаваць яго падрыхтоўку.
«Я б хацеў, каб вы праінфармавалі, як ідзе падрыхтоўка, што там не стыкуецца, што не ўзгоднена, можа быць, патрэбнае зараз умяшанне прэзідэнтаў, каб менш спрэчак было на ВДС», - працягнуў кіраўнік. Ён таксама прапанаваў абмеркаваць і падрыхтоўку да пасяджэння Саўміна «саюзнай дзяржавы» (пройдзе 13 снежня), на якім рыхтуюцца пытанні для вынясення на разгляд на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета.
У сваю чаргу Рапота растлумачыў журналістам пасля сустрэчы з Лукашэнкам, што пасяджэнне ВДС запланавана на канец снежня. «Думаю, на працягу аднаго-двух дзён мы афіцыйна аб'явім дату», - сказаў дзяржсакратар, патлумачыўшы, што ў цяперашні час «ідуць апошнія ўзгадненні па тэрмінах».
Акцыі пратэсту супраць зрыву еўраінтэграцыі праходзяць ва Украіне другі тыдзень. Актыўны ўдзел у іх бяруць і прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных арганізацый. Пратэсты набылі масавы і бесперапынны характар пасля 30 лістапада, калі «Беркут» сілай зачысціў Майдан Незалежнасці ад мітынгоўцаў.
Ужо днём 30 лістапада тысячы ўкраінцаў самаарганізаваліся і выйшлі на Міхайлаўскую плошчу, каб выказаць свой пратэст супраць сілавога разгону мірнага мітынгу.
1 снежня ў Кіеве адбылося Народнае веча, арганізаванае апазіцыяй, на якое выйшла некалькі соцень тысяч чалавек. Пазней пратэстоўцы занялі частку будынка Кіеўскай гарадской адміністрацыі і Дом прафсаюзаў. У той жа дзень на вуліцы Банкавай каля адміністрацыі прэзідэнта адбылася сутычка паміж сілавікамі і невядомымі правакатарамі.
Пазаўчора Вярхоўнай Радзе Украіны не ўдалося адправіць у адстаўку ўрад, як таго патрабавала апазіцыя. У адказ дэманстранты заблакавалі яшчэ шэраг дзяржаўных устаноў, у тым ліку, рэзідэнцыю Януковіча.