25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юлія Цімашэнка: Народу Украіны трэба неадкладна браць уладу

36
Юлія Цімашэнка: Народу Украіны трэба неадкладна браць уладу

Былая прэм'ер-міністр Украіны заклікала суайчыннікаў да рашучых дзеянняў.

Пра гэта гаворыцца ў заяве лідара апазіцыйнай партыі «Батькивщина», якая апублікаваная на сайце Юліі Цімашэнка.

«Зняволенне нявінных і мірных патрыётаў Украіны, па-зверску збітых «Беркутам», у той час, калі ўся Украіна і ўвесь дэмакратычны свет чакае прыцягнення да адказнасці вінаватых у крывавай расправе над нашымі дзецьмі, у той час, калі на плошчах стаяць мільёны абураных украінцаў і патрабуюць адстаўкі Януковіча, у той час, калі ў Кіеве праводзіцца сустрэча міністраў замежных спраў АБСЕ, - гэта з'яўляецца выклікам, які Януковіч кідае ўсёй Украіне, ўсяму дэмакратычнаму свету.

Арыштам збітых нявінных людзей ён прама кажа, што плюе на ўсіх, што ён будзе і далей біць, забіваць, саджаць усіх, хто будзе стаяць на яго шляху да абсалютнай улады. Ён не хавае, што абраў шлях дыктатуры, ён сваімі дзеяннямі заяўляе гэта адкрыта на ўвесь свет. Ён крычыць усім нам у твар, што мы ўсе - ніхто, што мы - маса, якая яго не цікавіць і з якой ён не плануе лічыцца. Ён заяўляе дэмакратычнаму свету, што ён тыран, і калі дэмакратычны свет хоча супрацоўнічаць з Украінай, то павінен яго ўспрымаць такім, якім ён ёсць, таму што ён не плануе мяняцца. На тэрыторыі Украіны адбываецца станаўленне новага Сталіна», - заявіла Юлія Цімашэнка.

Палітык лічыць, што ў тым выпадку, калі не дамагчыся змены ўлады зараз, Украіну чакае лёс Паўночнай Карэі. Яна заклікала ўдзельнікаў пратэстаў не весці перамовы з Віктарам Януковічам, а «браць уладу».

«Я заклікаю ўсіх людзей, якія здольныя змагацца, - дзейнічайце! Яшчэ не позна! Адных размоў на плошчах недастаткова. Народу Украіны трэба неадкладна браць уладу ў свае рукі, а не весці з дыктатарам салодкія размовы. Усе дзеянні павінны быць скаардынаваныя з апазіцыяй: на яе ўскладзеная вялікая місія і да яе трэба прыслухоўвацца, каб не дапусціць кровапраліцця. Наша супрацьстаянне мірнае, легітымнае. Яно павінна стаць пераможным, і я ў гэтым упэўненая. Прапановы па канкрэтным плане дзеянняў я перадала лідарам апазіцыі, спадзяюся, яны прыслухоўваюцца.

Я прашу вас усіх, хто гатовы змагацца, адчуйце сваю сілу і паверце ў яе! Нашы сілы растуць з кожным днём. Паверце ў іх! Паверце ў сябе! Я прашу вас - адчуйце ўсю нізасць і рэальную слабасць тых двух-трох «асобін», якія зрабілі ваша жыццё невыносным, і ідзіце наперад. Ці зараз перамагайце, ці рыхтуйцеся да абсалютнай дыктатуры на доўгія гады.

Я веру ў вас! Шкадую, што не магу ў гэтыя гістарычныя хвіліны стаць з вамі бок аб бок, але ўсім сэрцам імкнуся да нашай перамогі», - гаворыцца ў заяве.

Акцыі пратэсту супраць зрыву еўраінтэграцыі праходзяць ва Украіне другі тыдзень. Актыўны ўдзел у іх бяруць і прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных арганізацый. Пратэсты набылі масавы і бесперапынны характар пасля 30 лістапада, калі «Беркут» сілай зачысціў Майдан Незалежнасці ад мітынгоўцаў.

Ужо днём 30 лістапада тысячы ўкраінцаў самаарганізаваліся і выйшлі на Міхайлаўскую плошчу, каб выказаць свой пратэст супраць сілавога разгону мірнага мітынгу.

1 снежня ў Кіеве адбылося Народнае веча, арганізаванае апазіцыяй, на якое выйшла некалькі соцень тысяч чалавек. Пазней пратэстоўцы занялі частку будынка Кіеўскай гарадской адміністрацыі і Дом прафсаюзаў. У той жа дзень на вуліцы Банкавай каля адміністрацыі прэзідэнта адбылася сутычка паміж сілавікамі і невядомымі правакатарамі.

Пазаўчора Вярхоўнай Радзе Украіны не ўдалося адправіць у адстаўку ўрад, як таго патрабавала апазіцыя. У адказ дэманстранты заблакавалі яшчэ шэраг дзяржаўных устаноў, у тым ліку, рэзідэнцыю Януковіча.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках