25 лiстапада 2024, панядзелак, 7:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За асабістую мужнасць

35
За асабістую мужнасць

1 лютага ў Варшаве сайт charter97.org уручыў Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека.

На цырымоніі ў варшаўскай рэдакцыі charter97.org сабраліся польскія і беларускія праваабаронцы, палітыкі, грамадскія дзеячы і журналісты.

Распачынаючы імпрэзу, галоўны рэдактар charter97.org Наталля Радзіна заявіла:

«1 лютага - важны дзень у гісторыі Беларусі. 1 лютага 1863 года пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам нашага славутага земляка Кастуся Каліноўскага. Дарэчы, заўтра дзень нараджэння Героя.

Такія людзі як Кастусь Каліноўскі і ягоныя паплечнікі сваёй барацьбой вярнулі беларусам годнасць і пачуццё нацыянальнай самасвядомасці. Людзі, якіх мы ўшаноўваем сёння, таксама змагаюцца за свабоду нашай краіны і сваім прыкладам прымушаюць беларускую нацыю ўспомніць пра годнасць.

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная грамадзянскай ініцыятывай Хартыя'97 у 1998 годзе. На працягу 15 гадоў прэмія была прысуджаная сотні мужных змагароў за свабоду Беларусі.

Сёння сайт Хартыя'97 працягвае традыцыю грамадзянскай ініцыятывы. Пры вылучэнні лаўрэатаў прэміі за 2012 мы раіліся рэдакцыяй і з заснавальнікамі ініцыятывы Хартыя'97. Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека ў намінацыі «За асабістую мужнасць» атрымліваюць праваабаронца Алесь Бяляцкі, першы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, музыка Сяргей Міхалок, шведскія пілоты Томас Мазэці, Пэр Кромвэль, Ганна Фрэй і прафзвязавы лідар Генадзь Фядыніч».

Першую прэмію Наталля Радзіна ўручыла Станіславу Шушкевічу.

«Я маю гонар уручыць Нацыянальную прэмію чалавеку, якога бязмежна паважаю - першаму кіраўніку незалежнай Беларусі Станіславу Шушкевічу.

Гэты чалавек даўно ўпісаў сваё імя ў гісторыю: і за разбурэнне «імперыі зла», і за вывад ядзернай зброі з Беларусі. Але і сёння ён застаецца адным з самых прынцыповых палітыкаў краіны. Мы, журналісты, любім браць інтэрв'ю ў Станіслава Станіслававіча, бо ведаем: ён заўсёды скажа праўду і не пабаіцца трапіць у спісы невыязных або завядзення крымінальнай справы.

У гэтым годзе Станіслаў Шушкевіч выдаў кнігу «Маё жыццё: крах і ўваскрашэнне СССР», у якой аналізуе гісторыю Беларусі. Палітык застаўся верны сабе і даў сумленную і цвярозую ацэнку падзеям: на постсавецкай прасторы адраджаюцца дыктатуры і гэтаму трэба даць адпор», - сказала рэдактар charter97.org.

Лаўрэат прэміі Станіслаў Шушкевіч заявіў:

«Я вельмі рады, што ўручэнне прэміі звязанае з імем Кастуся Каліноўскага. Уявіце сабе: быць забітым у 26 гадоў, напісаўшы перад гэтым тое, што сёння з'яўляецца шэдэўрам лаканічнасці і выдатнай улёткай - «Мужыцкая праўда».

Для мяне ў лютым ёсць яшчэ адна важная дата. Сёння - дзень нараджэння Барыса Ельцына - адзінага прэзідэнта Расіі, які разумеў, што такое незалежнасць Беларусі, разумеў, да чаго мы імкнемся і не супрацьстаяў гэтаму. Ён сказаў: «Бярыце незалежнасці столькі, колькі здолееце ўзяць». І мы ўзялі яе роўна столькі, колькі было патрэбна.

Я рады яшчэ і таму, што «Хартыя'97» - гэта маладыя людзі. Можна быць спакойным з нагоды таго, што справа барацьбы за незалежную Беларусь - у маладых дасведчаных руках, а дзеля дасягнення гэтай мэты працуюць маладыя светлыя галовы».

У працяг цырымоніі Наталля Радзіна адзначыла, што Нацыянальная прэмія гэтага года мае свае асаблівасці. Па-першае, упершыню сайт charter97.org уручае гэтую прэмію замест грамадзянскай ініцыятывы. Па-другое, упершыню за 15 гадоў яе лаўрэатамі сталі замежныя грамадзяне - шведскія пілоты Пэр Кромвэль, Ганна Фрэй, Томас Мазэці, прэмія якім была ўручаная днямі ў Швецыі. І, па-трэцяе, упершыню charter97.org прапануе ўручыць прэмію замежным сябрам, бо роля міжнароднай салідарнасці ў станаўленні грамадзянскай супольнасці Беларусі сёння вельмі вялікая.

Прэмію Алеся Бяляцкага ягонай жонцы Наталлі Пінчук уручыў віцэ-прэзідэнт польскага Фонду міжнароднай салідарнасці Марцін Вайцяхоўскі.

«Паважаная Наталля, паважаны спадар Прэзідэнт, паважаныя сябры. Алесь Бяляцкі з'яўляецца сімвалам. Сімвалам свабоды, незалежнага мыслення, правоў чалавека, чалавечай годнасці і барацьбы за гэтыя каштоўнасці. На жаль, Алеся Бяляцкага цяпер няма з намі, ён знаходзіцца ў калоніі.

Польшча ў нейкай меры нясе сваю адказнасць за ягоны арышт і прысуд. Мы шкадуем з гэтай нагоды. Гэтай памылкі не павінна было быць. Адзінае, што мы можам рабіць цяпер, акрамя надання падтрымкі сям'і і калегам Алеся Бяляцкага, гэта казаць аб тым, што ён сядзіць у турме за свае перакананні, за сваю дзейнасць, за тое, каб Беларусь была свабоднай дэмакратычнай краінай.

Для мяне вялікі гонар уручыць гэтую прэмію ад імя charter97.org жонцы Алеся Бяляцкага - Наталлі Пінчук. Дзякуй за тое, што вы кажаце пра тое, што адбываецца ў Беларусі і пра сітуацыю з Алесем Бяляцкім і ягонымі калегамі», - сказаў Марцін Вайцяхоўскі.

Наталля Пінчук у адказ заявіла:

«Апошнім часам маёй місіяй стала прамаўляць за Алеся Бяляцкага. Я таксама хацела б падзякаваць сайту charter97.org за ўручэнне гэтай прэміі. Гэта ўзнагарода за асабістую мужнасць, за абарону правоў чалавека, за дапамогу ахвярам рэпрэсій, за распаўсюд інфармацыі аб тых парушэннях, якія адбываюцца ў Беларусі. Я пералічыла тое, за што была ўручаная гэтая ўзнагарода.

Тое, што Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў турме, азмрочвае гэтую ўрачыстасць. Праблема, звязаная з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, усё яшчэ застаецца - невыпадкова праваабаронцы далей атрымліваюць гэткія прэміі. Самае горкае - тое, што ў нашай краіне ёсць палітвязні і сярод іх - Алесь Бяляцкі.

Таксама я хацела б падзякаваць charter97.org за тое, што сайт заўжды звяртае ўвагу на сітуацыю з палітвязнямі і трымае ў курсе таго, што з імі адбываецца, робіць усё магчымае для іхнага вызвалення і поўнай рэабілітацыі.

Я здалела перадаць Алесю Бяляцкаму інфармацыю аб уручэнні гэтай прэміі. Ён выказаў сваю падзяку і пераказаў, што ўспрымае гэтую ўзнагароду не толькі як сваю асабістую, але і як узнагароду праваабарончаму цэнтру «Вясна», у якім ён працаваў усе гэтыя гады», - сказала жонка праваабаронцы.

Прэмію наступнаму лаўрэату - Генадзю Фядынічу - уручыў намеснік старшыні Фонду «Свабода і дэмакратыя» - Марэк Буцько.

«Хацеў бы падзякаваць за запрашэнне на гэтую імпрэзу. Для нас вельмі важна тое, што нашы беларускія калегі запрашаюць нас, палякаў, на гэткія імпрэзы. Паўстанне Каліноўскага - гэта тая падзея гісторыі, якое лучыла ў той час палякаў і беларусаў. Гэта вельмі добрая нагода для ўручэння ўзнагароды. Я хачу сказаць пра наступнага лаўрэата.

Гэта чалавек, які ўжо больш за 20 гадоў знаходзіцца ў прафзвязавым руху, чалавек, на якога ў вялікай ступені абапіраецца прафзвязавы рух. У яго вельмі вялікі досвед у гэтай галіне, ён з практычнага боку ведае, як працуюць незалежныя прафзвязы ў рэпрэсіўнай краіне. Не выпадкова першы ўдар рэжыму Лукашэнкі ў 90-я гады прыйшоўся менавіта па прафзвязах.

Чаму гэта так важна? Ёсць Еўропа і яе праграмы, выступы ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Але чалавек унутры краіны сутыкаецца з рэпрэсіўным рэжымам сам на сам. Хто яму дапаможа, калі не яго калегі з прафзвязавай суполкі? Я хацеў бы адзначыць заслугі Генадзя Фядыніча яшчэ і таму, што я з'яўляюся грамадзянінам краіны, у якой вёў барацьбу незалежны прафзвяз «Салідарнасць». Думаю, што гэтым шляхам будуць ісці і беларускія прафзвязы», - сказаў Марэк Буцько.

Лаўрэат Генадзь Фядыніч заявіў:

«Узнагароджанне гэтай прэміяй было прыемнай неспадзяванкай. Мы звыклі, што нашу працу ацэньваюць чальцы прафзвязу - напрыклад, падчас выбараў. Гэта не зусім асабістая прэмія. Гэта ўзнагарода нашай камандзе, якая сёння працуе, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі. Нягледзячы на тое, што нас «душаць», кідаюць за краты, звальняюць з працы, людзі прыходзяць у прафзвяз. За гэты перыяд мы зрабілі ўсё, што маглі, але не ўсё, што хацелі. Наперадзе яшчэ шмат працы.

Але ўсе павінны ведаць: незалежны прафзвяз РЭП – гэта найперш, адсутнасць кампрамісаў з уладамі і з наймальнікамі, калі яны парушаюць правы працоўных. На гэтым мы стаім сёння, на гэтым будзем стаяць заўтра».

У канцы цырымоніі рэдактар charter97.org адзначыла, што сёння ў зале знаходзіцца жывая легенда, адзін з лідэраў падпольнай «Салідарнасці» Збігнеў Буяк. Польскі палітык выступіў на цырымоніі ўручэння Нацыянальнай прэміі:

«Калі нешта адбываецца ў суседніх краінах, такіх, як Беларусь, мы, палякі, сканцэнтраваныя на тым, што там адбываецца, чым мы можам дапамагчы. Я рады, што ёсць гэтая прэмія, рады, што вы знаходзіцеся тут, у Польшчы, што можаце працаваць. Я зайздрошчу вам. У нас было пачуццё, што мы змагаемся інструментамі 19-га стагоддзя: толькі друкарні друкавалі ўлёткі. Сёння я чую пра спадарожнікавую тэлевізію, пра інтэрнэт-радыё, пра партал charter97.org. І бачу, што ў вашых руках - дзівосная сучасная тэхніка. Гэта поспех. Карыстайцеся гэтым поспехам. У вас будуць перамогі, вы праведзяце свабодныя выбары (і прэзідэнцкія, і парламенцкія) і зможаце стварыць свой асабісты незалежны суд і адміністрацыю. Я гэта кажу са сваім, «салідарным», досведам.

Я быў у Тунісе, у Егіпце, у Расеі, назіраў за «памаранчавай» рэвалюцыяй. Мы ўсе маем агульную праблему. Перамагаем і рэфармуем галоўныя дзяржаўныя структуры, але для звычайнага чалавека важна, як яны да яго ставяцца. Польшча з'яўляецца тым месцам, за якім трэба назіраць для правядзення рэформаў. Улады павінны клапаціцца аб грамадзянах. Гэта выклік, гэта рэфарматарскі выклік, які стаіць перад вамі. І я, і мы ўсе гатовыя вам у гэтым дапамагчы».

Прэмія Сяргею Міхалку будзе ўручана charter97.org у бліжэйшы час.

Генадзь Фядыніч і Збігнеў Буяк

Збігнеў Буяк і Зміцер Бандарэнка

Збігнеў Буяк і Уладзімір Кобец

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках