25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы: Андрэя Гайдукова могуць катаваць

19
Праваабаронцы: Андрэя Гайдукова могуць катаваць

Праваабаронцы накіравалі спецдакладчыку ААН паведамленне аб магчымым ужыванні катаванняў у дачыненні да Андрэя Гайдукова.

Аўтары паведамлення звяртаюць увагу на абуральныя факты недапускання адваката ў следчы ізалятар КДБ да арыштаванага падазраванага, што, на іхную думку, можа сведчыць аб ужыванні катаванняў. У паведамленні спецдакладчыка просяць запатрабаваць у беларускіх улад тлумачэнняў і рэкамендаваць дзяржаве неадкладна даць магчымасць сустрэцца з адвакатам, паведамляе сайт «Праваабаронцы супраць катаванняў».

«Падазраваць ужыванне катаванняў да Андрэя Гайдукова ёсць вялікія падставы. Кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і чальцы іхніх выбарчых штабоў Андрэй Саннікаў, Аляксандр Атрошчанкаў, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Алесь Міхалевіч, Уладзімір Кобец ды іншыя паведамлялі, што ў следчым ізалятары Камітэта дзяржаўнай бяспекі пры аналагічных абставінах (недапусканне адвакатаў) зазнавалі катаванні. Заяўляў аб ужыванні катаванняў расстраляны за дачыненне да выбуху ў метро Уладзіслаў Кавалёў. Паводле заяў пра катаванні належная праверка ўладамі не праводзілася, ніхто са службовых асоб, якія маюць дачыненне да супрацьпраўных дзеянняў, не быў прыцягнуты да адказнасці. Таму мы як праваабаронцы не можам чакаць і спадзявацца на сумленнасць службовых асоб ізалятара КДБ, бо, як вядома, беспакаранасць спараджае беззаконне», - растлумачыў віцебскі праваабаронца Павел Левінаў.

Нагадаем, Андрэй Гайдукоў быў затрыманы ў лістападзе 2012 года. 23-гадовага аператара наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкулу «Здрада дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасці».

Паводле афіцыйнай інфармацыі, хлопца затрымалі «падчас закладкі схованкі са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Гэта абвінавачванне шмат хто ўважае за бессэнсоўнае. Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» выступіла з заявай, у якой паведамлялася аб тым, што актывіста затрымалі за распаўсюд газеты «Хартыя'97». Праваабаронцы пераслед Гайдукова звязваюць з ягонымі апазіцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі запалохаць моладзевых актывістаў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках