25 лiстапада 2024, панядзелак, 4:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ута Цапф: Лукашэнка - злачынец

77
Ута Цапф: Лукашэнка - злачынец

Змен у Беларусі не будзе, пакуль ва ўладзе знаходзіцца дыктатар.

Пра гэта ў інтэрв'ю Deutsche Welle заявіла Ута Цапф, дэпутат бундэстага ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі. На працягу 15 гадоў яна ўзначальвае германа-беларускую парламенцкую групу, а некалькі апошніх гадоў - спецыяльную працоўную групу Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (ПА АБСЕ) па Беларусі. Нядаўна Цапф вырашыла не балатавацца ў бундэстаг на новы тэрмін. Аднак Беларусь, як заявіла нямецкі палітык у інтэрв'ю DW, падводзячы вынікі сваёй дзейнасці, была і застаецца для яе болевай кропкай.

- Чаму Беларусь, краіна-сусед Еўразвяза, для большасці еўрапейцаў, у тым ліку немцаў, уяўляецца больш далёкай, чым, напрыклад, Новая Зеландыя?

- Можа быць, уся справа ў некалькі дзіўным прэзідэнце, які павёў краіну так далёка ад еўрапейскіх стандартаў? Я ўпэўненая, што вобраз краіны вызначаецца дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі, таму еўрапейцы, у тым ліку немцы, лічаць яе такой непрывабнай.

- Як у вас складваліся адносіны з беларускімі «парламентарыямі»? Яны ўвогуле выказваюць уласнае меркаванне? Ці дазволена ім ўласнае меркаванне мець?

- Я мяркую, не дазволена. Ва ўсякім выпадку, я не сустракала ніводнага, хто выказваў бы што-небудзь, што адрозніваецца ад таго, што загадана дэпутатам зверху. Мы ж ведаем, каго вылучаюць у дэпутаты і якімі метадамі адсяваюць непажаданых кандыдатаў. Застаюцца толькі тыя, хто паслухмяна скача пад дудку Лукашэнкі.

- Еўразвяз і Германія спрабавалі выкарыстоўваць і пугу, і пернік ў адносінах з Менскам. Што было больш эфектыўна - палітыка санкцый ці палітыка збліжэння праз дыялог?

- На мой погляд, ні тое, ні іншае нічога не дало. Англічане замест выразу «пуга і пернік» кажуць «палка і морква». Цяпер у нас не засталося ў запасе санкцый, таму што санкцыі, якія ўдарылі б па простых беларусах, для нас непрымальныя. Але і морквы ў Менску не хочуць.

Колькі надзвычай прывабных прапановаў рабілі і Германія, і Еўразвяз! Тут былі і дапамога ў развіцці інфраструктуры, і перадача ноў-хаў, і садзейнічанне ў пабудове прававой дзяржавы. Чаго толькі не было, Менску дастаткова было пагадзіцца. Але Лукашэнка і яго каманда сказалі «не». Ні санкцыі іх не напалохалі, ні нашыя прапановы не спакусілі. Я лічу, уся справа ў тым, што для Лукашэнкі галоўная задача - утрымацца ва ўладзе.

- Прабачце за асабістае пытанне, але не ахоплівае вас часам адчай?

- Так. Я зараз поўная песімізму. За тыя доўгія гады, што я ездзіла ў Беларусь, я сустракала так шмат выдатных людзей. Мне да болю шкада, што яны вымушаныя жыць у такой краіне, пад такім прыгнётам. Людзі выдатныя, яны не шкадуюць сіл, каб дапамагчы адзін аднаму.

Няўрадавыя арганізацыі аказваюць адзiн аднаму падтрымку, дапамагаюць палітвязням, якія спрабавалі абараніць свае грамадзянскія і палітычныя правы або змагаліся за свабоду прэсы. Але ж і яны нічога не дамагліся. Наадварот, сітуацыя такая, што якраз запасці ў дэпрэсію. Таму мяне часам сапраўды ахоплівае роспач ад таго, што мы нічога не змаглі зрабіць.

- Ваш таварыш па партыі, кандыдат у канцлеры ад СДПГ Пер Штайнбрук (Peer Steinbrück) нядаўна наклікаў на сваю галаву нямала нараканняў за тое, што назваў італьянскіх палітыкаў Бепе Грыла і Сільвіо Берлусконі блазнамі. Па сутнасці выказвання ніхто не пярэчыў, але не прыстала кандыдату ў канцлеры так казаць пра замежных палітыкаў. Як бы вы назвалі Аляксандра Лукашэнку?

- Я б назвала яго злачынцам.

- Абапіраючыся на ваш вопыт, якія тры самыя важныя парады вы далі б сваім калегам, якім трэба будзе і далей працаваць з Менскам?

- Калі наогул будзе магчымасць працаваць з беларусамі, а ў кагосьці такая магчымасць яшчэ ёсць, то трэба забыцца пра палітыку, тут нічога не зробіш. Неабходна ўсе сілы кінуць на сацыяльныя і адукацыйныя праекты. Толькі так можна дапамагчы людзям, палепшыць умовы іх жыцця. Вось канкрэтны прыклад: мой калега па Бундэстагу Ілля Зайферт (Ilja Seifert) - ён сам прыкаваны да інваліднага вазка - многае зрабіў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Беларусі. Ёсць паспяховыя праекты ў галіне экалогіі, адукацыі, дапамога дзіцячым дамам.

Другая парада - не трэба чакаць, што перамовы з прадстаўнікамі ўладаў прывядуць да канкрэтных вынікаў. Адмаўляцца ад дыялогу не варта, але не варта траціць намаганні на пошукі такіх кантактаў.

І трэццяя парада - ствараць у самой Германіі магчымасці для таго, каб як мага больш людзей з Беларусі маглі хоць бы на пару месяцаў прыехаць сюды - на вучобу, працу ці ў адпачынак. Думаю, гэта дапаможа разбурыць забабоны, якія, магчыма, яшчэ захаваліся ў каго-небудзь з беларусаў.

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках