24 лiстапада 2024, Нядзеля, 19:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прыярытэтам Літвы павінен быць не бізнэс, а правы чалавека

13
Прыярытэтам Літвы павінен быць не бізнэс, а правы чалавека

Што чакаць Беларусі ад старшынства Літвы ў Еўразвязе?

Канферэнцыя «Што чакаць Беларусі ад старшынства Літвы ў Еўразвязе?», прымеркаваная да 95-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, адбылася 26 сакавіка ў Сэйме Літвы.

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі намеснік старшыні камісіі еўрапейскіх спраў Сэйма Літвы Эмануэліс Зінгерыс і дырэктар Фонду абароны грамадзян Стасіс Каўшыніс. З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся першы кіраўнік незалежнай Беларусі, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч і галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна.

У канферэнцыі ўзяў удзел былы прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс, віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрус Крывас, дэпутаты Сэйма Літвы, прадстаўнікі замежных амбасад, праваабаронцы і журналісты з Літвы і Беларусі, а таксама сваякі беларускіх палітвязняў - жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч і маці Эдуарда Лобава Марына Лобава.

Адкрываючы канферэнцыю, Эмануэліс Зінгерыс зазначыў, што «слоган сённяшняй канферэнцыі ў Сэйме Літвы - «Жыве Беларусь!»

«Спроба абвясціць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі была патопленая ў крыві бальшавіцкага штыха. Праз 95 гадоў мы сутыкаемся з тымі ж праблемамі. Сёння гэтая краіна - музей Фелікса Дзяржынскага пад адкрытым небам. Сваякі беларускіх палітвязняў заклікалі нас не пускаць беларускіх чыноўнікаў на еўрапейскія саміты ў Вільні, пакуль не будуць вызваленыя ўсе вязні сумлення. Нельга забываць тое, што адбылося ў Беларусі 19 снежня 2010 года, калі ў краіне былі арыштаваныя амаль усе незалежныя кандыдаты ў прэзідэнты і актывісты іх штабоў. У краіне адбываюцца проста зверскія парушэння правоў чалавека. Для Літвы павінны быць прыярытэтам ня транспарт, не энэргетыка, а правы чалавека. Беларускі народ хоча быць неад'емнай часткай Еўропы. Беларусы - гэта еўрапейская нацыя, і яны могуць быць нават вядучай еўрапейскай нацыяй», - адзначыў Зінгерыс.

Станіслаў Шушкевіч даў свой адказ на пытанне, зададзенае ў тэме імпрэзы.

«Што чакаць Беларусі ад старшынства Літвы ў Еўразвязе? Я б хацеў, каб Літва паступіла вельмі проста - сказала б так, як кажуць вялікія майстры сваім вельмі таленавітым вучням: «Рабі так, як мы». Літва ўжо апяклася на памылках, і гэта не выпадкова зробленыя памылкі. Літва ўжо ведае ўсе цяжкасці, разумее, што пераканаць беларускую старану ў чым-небудзь немагчыма, добра разумее, што адбываецца ў Беларусі. І калі яна пакажа прыклад, як быць з Беларуссю, гэта будзе цудоўна. Чаго я баюся? Усюды ідзе размова пра тое, што ёсць пэўныя намеры, што дамовяцца з Беларуссю, што вызваляць палітвязняў, што ёсць нейкія зрухі. Я не ведаю ніводнаго факту зрухаў з беларускага боку. Назавіце мне хоць адзін факт!

У 1996 годзе Лукашэнка падпісаў стамбульскім дэкларацыю АБСЕ. Там былі сфармуляваныя 4 прынцыпы, ЕЗ потым сфармуляваў з іх 12 прынцыпаў, а потым пачалі казаць: ну што ж мы ўсе патрабуем і патрабуем, давайце дамаўляцца з Лукашэнкам. Прыязджаюць камісары Хаўер Салана, Бэніта Фэрэра-Вальднэр і кажуць, што няма ніякіх умоў. Большай непавагі да беларускай апазіцыі быць не можа. Мы ўвесь час казалі, што Еўропа - гэта прыклад сумленнасці, справядлівасці. Якая тут справядлівасць? Дык вось Літва павінна паказаць, як трэба дзейнічаць Еўразвязу».

Даючы слова галоўнаму рэдактару сайта charter97.org Наталлі Радзінай, Эмануэліс Зінгерыс нагадаў, што журналістка была заарыштаваная ў Беларусі і змешчаная ў турму КДБ. Са слоў дэпутата, Беларусь сёння - гэта «сумесь сталінскага і брэжнеўскага рэжымаў, дзе журналістаў катуюць у КДБ нават за знаёмства з замежнымі палітыкамі».

Наталля Радзіна заклікала літоўцаў узгадаць, як яны самі змагаліся за свабоду больш за 20 гадоў таму.

«Паколькі сённяшняя канферэнцыя таксама прымеркаваная да 95-годдзя стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, я задаюся пытаннем: чаму не здолела адбыцца тая дзяржава? Таму было шмат прычын, і адна з іх - адсутнасць міжнароднай салідарнасці. Менавіта з гэтай праблемай сёння сутыкаецца сучасная Беларусь, якую справядліва называюць астатняй дыктатурай Еўропы. У нас таксама няма міжнароднай салідарнасці. Я заклікаю літоўскі народ узгадаць тыя часы, калі яны самі змагаліся за свабоду і незалежнасць. Больш за 20 гадоў таму разам з вамі быў увесь свет. У складаны крытычны момант вашай барацьбы ў студзені 1991 года да вас прыязджалі і дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі, у тым ліку Станіслаў Шушкевіч. Гэтая хваля салідарнасці, якая была з літоўскім народам у той час, выратавала вашу краіну і дазволіла вам сёння жыць у вольнай дэмакратычнай Літве. Таму мне вельмі хочацца, каб вы глядзелі на нас, на беларусаў, як на сябе ў тыя часы.

Год таму, прыехаўшы ў Літву пасля ўцёкаў з Беларусі, я выступала ў Сэйме Літвы. Тады толькі арыштавалі праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Тады я сказала, што адной з прычынаў здачы літоўскімі ўладамі рахункаў вядучага праваабаронцы Беларусі стала тое, што кіраўніцтва Літвы ў свой час перапыніла міжнародную ізаляцыю Лукашэнкі і паспрабавала пайсці з ім на чарговы «дыялог». Сёння сітуацыя паўтараецца. Беларускія чыноўнікі зноў спрабуюць прарваць міжнародную ізаляцыю і патрапіць на саміт «Усходняга партнёрства» у Вільні. Не паўтарайце ранейшых памылак. Будзьце прынцыповыя. Гэта дыктатура, і з ёй трэба размаўляць толькі на мове сілы. Іншай мовы дыктатар не разумее. Я заклікаю вас быць салідарнымі з беларускім народам, але ізаляваць Лукашэнку і ягоных чыноўнікаў, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні і ў краіне не пройдуць свабодныя выбары. Не забывайце, якімі вы былі больш за 20 гадоў таму, і будзьце салідарныя з намі».

Былы прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс адзначыў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі «настолькі дрэнная, што нават няма пра што дыскутаваць», і задаўся пытаннем, як дапамагчы беларусам. «Мы павінны бачыць Беларусь як частку агульнай еўрапейскай прасторы. У палітычнай бітве паміж Расеяй і Захадам за гэты рэгіён пакуль перамагае Расія», - адзначыў Кубілюс. На ягоную думку, змене сітуацыі ў Беларусі можа паспрыяць падпісанне пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕЗ на саміце «Усходняга партнёрства». У пацверджанне сваіх слоў Кубілюс падаў выказванне амерыканскага палітолага Збігнэва Бжэзінскага аб тым, што з геапалітычнага пункту гледжання Украіна займае стратэгічна важнае становішча, якое злучае Расею з Еўропай.

На канферэнцыі з дакладамі выступілі таксама намеснік старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч і палітолаг Юрый Чавусаў.

Чавусаў спыніўся на апошняй ініцыятыве Еўразвязу «Дыялог для мадэрнізацыі Беларусі».

«Беларускія ўлады хацелі б, каб у гэтай ініцыятыве бралі ўдзел меней прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і апазіцыі і болей прадстаўнікоў улады. Калі Менск чуе «дыялог для мадэрнізацыі», ён разумее гэта як «дыялог для інвестыцый». Беларускую старану не цікавіць акумуляцыя праектаў рэформаў і розных поглядаў на тое, як беларуская сістэма можа быць мадэрнізаваная ў палітычнай, адукацыйнай, гуманітарнай сферах. Асноўнае, пра што кажа беларуская старана - гэта эканоміка, канкрэтныя прадпрыемствы, іх тэхналагічная мадэрнізацыя і пераабсталяванне, што, вядома, патрабуе грошай. Пры гэтым улады намагаюць, каб пры рэалізацыі гэтай ініцыятывы не ўлічваліся палітычныя моманты, каб ЕЗ пакінуў закранаць пытанні палітвязняў, пытанні палітычных рэформаў», - сказаў палітолаг.

Валянцін Стэфановіч спыніўся на сітуацыі з правамі чалавека:

«Пасля 19 снежня 2010 года ў Беларусі адбыўся яшчэ больш значны рэгрэс у сітуацыі з правамі чалавека, які выявіўся і ў яшчэ больш рэпрэсіўным заканадаўстве, і ў небывалай хвалі палітычна матываванага крымінальнага пераследу. Наступствы падзеяў 19 снежня мы адчуваем і да гэтага часу.

Сёння мы патрабуем вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў. Наяўнасць нескасаваных суджанасцяў з'яўляецца вельмі важным аспектам, бо гэта не толькі дазваляе ўладам кантраляваць гэтых людзей пасля іхнага вызвалення, але і абмяжоўвае іхныя правы. Напрыклад, былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, які быў вызвалены ў 2012 годзе. Яго суджанасць будзе касавацца на працягу 10 гадоў, і ён не можа браць удзел у выбарах. Таму пытанне зняцця суджанасці вельмі важна разглядаць у кантэксце рэабілітацыі палітрэпрэсаваных.

І апошняя інфармацыя пра палітвязняў. Менавіта цяпер ціск на палітвязняў узрос, бо ўлады разумеюць, што іхнае вызваленне - адна з асноўных прычын адсутнасці стасункаў з ЕЗ. З аднаго боку, улады гэта разумеюць, з другога боку - вызваляць вязняў сумлення проста так не хочуць. Ім патрэбныя прашэння палітвязняў аб памілаванні. Пасля 19 снежня на палітвязняў сталі ціснуць самымі рознымі спосабамі, чаго раней не назіралася: улады не грэбуюць такімі бруднымі метадамі, як правакацыі, працягваюць тэрміны зняволення. Гэта ўсё нагадвае найлепшыя традыцыі савецкіх часоў, сталінскія метады ціску на людзей», - сказаў Валянцін Стэфановіч.

Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, пералічыла на канферэнцыі імёны палітвязняў Беларусі і заклікала Еўразвяз да прынцыповай і кансалідаванай пазіцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Прадстаўнік арганізацыі «Фрыдам Хаўс» Віціс Юрконіс адзначыў, што ЕЗ сёння павінен набрацца стратэгічнага трывання ў дачыненні да Беларусі, але не павінен блытаць стратэгічнае трыванне з пасіўнасцю і не ажыццяўляць сваю палітыку «для птушачкі». З ягоных слоў, Еўразвяз сёння павінен стаць больш моцным гульцом і жорстка патрабаваць вызвалення і поўнай рэабілітацыі палітвязняў і дапамагаць людзям, якія працягваюць змаганне за свабоду Беларусі.

Дэпутат Сэйма Літвы Эгідзіюс Варэйскіс адзначыў, што сёння ў літоўскім парламэнце новага склікання, на жаль і сорам, няма групы сувязяў з дэмакратычнай Беларуссю і паабяцаў ініцыяваць яе стварэнне бліжэйшым часам.

Падпісанты Акту аб незалежнасці Літвы, былы дэпутат Сэйма Саўлюс Пэчэлюнас адзначыў, што старшынства Літвы ў ЕЗ - вялікая адказнасць.

«І нам нельга быць нэйтральнымі. Нэйтральных на фронце забіваюць першымі. Прычым страляюць у іх з абодвух бакоў. Трэба ваяваць адказна, не баючыся страціць вагон з калійнымі ўгнаеннямі ў порце Клайпэды. Нездарма ж Папа Рымскі Ян Павел II казаў: «Не бойцеся!» Перамагае ўрэшце той, хто не баіцца», - сказаў Саўлюс Пэчэлюнас.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павел Марыніч перасцярог прысутных:

«Беларусь не павінна сыходзіць на 3-е або 4-е месца. Лукашызм сёння як фашызм, распаўсюджваецца па ўсёй Еўропе. Тыя ж праблемы ў Расеі ды Украіне з дэмакратыяй - наступства папушчальніцтва Захаду ў дачыненні да рэжыму ў Беларусі. Я б хацеў, каб спадар Кубілюс, які сёння цытаваў словы пра важнасць Украіны для дэмакратызацыі постсавецкай прасторы, зразумеў, наколькі, перадусім, важная Беларусь для бяспекі рэгіёну».

На заканчэнне канферэнцыі выступіў віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрус Крывас:

«Для нас Беларусь блізкая не толькі гістарычна, але і духоўна, эмацыйна. Ва «Усходняе партнёрства» уваходзяць 6 зусім розных краін. Але Беларусь усё адно выпадае з агульнага кантэксту, і не толькі таму, што ўваходзіць у іншую інтэграцыйную прастору з Расеяй. Галоўнае - каштоўнасці, якія беларускія ўлады не хочуць прымаць. Мы спадзяемся, што Беларусь зможа вярнуцца ў сям'ю вольных еўрапейскіх народаў. Але цяпер мяч на баку беларускіх улад. Яны ведаюць, што рабіць. Першы крок - вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў», - сказаў віцэ-міністр.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках