25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд па справе аб «экстрэмізме» ў Belarus Press Photo будзе закрытым

56
Суд па справе аб «экстрэмізме» ў Belarus Press Photo будзе закрытым

«Экстрэмізм» у фотаальбомах Belarus Press Photo знайшлі нават у рубрыках «Спорт» і «Прырода».

Фотажурналістка Юлія Дарашкевіч апублікавала ў «Фэйсбуку» поўную экспертызу альбома «Прэс-фота Беларусі», зробленую ідэолагамі і выкладчыкамі на замову КДБ.

Нагадаем, КДБ знайшоў у альбомах фотаконкурсу «экстрэмізм». Характэрна, што «экстрэмізм» выявілі нават у рубрыках «Спорт» і «Прырода».

Суд па гэтай справе, які пройдзе 17 красавіка ў Ашмянах, будзе закрытым «для прадухілення выдавання інфармацыі пра змест інфармацыйнай прадукцыі да судовага рашэння па справе».

Экспертная камісія, якая працавала з 27 лютага па 18 сакавіка 2013 года, у складзе Скрабко, Хілюты, Шульгі і Бондара зрабіла экспертызу канфіскаванага друкаванага выдання, які змяшчае тэставыя і фатаграфічныя матэрыялы на прадмет наяўнасці ў іх прыкмет заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці, якія прапагандуюць такую дзейнасць. Эксперты знайшлі ў фотаальбомах «наўмысна скажоныя выдумкі аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, якія не адпавядаюць рэчаісначці і прыніжаюць нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь».

«Друкаванае выданне «Прэс-фота Беларусі-2011», выдавецтва «Tauropolis», г. Каўнас (Літва), на 80 лістах, уяўляе сабой ілюстраваны альбом, які змяшчае фатаграфіі розных аспектаў жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь, яе грамадзян з адпаведнымі каментарамі і тлумачэннямі.

Агульны аналіз наяўных у доследным друкаваным выданні фотаздымкаў, тэкставых каментарыяў сведчыць пра наўмысна скажонае прадстаўленне інфармацыі, фактаў аб рэальным становішчы ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах дзейнасці дзяржаўных органаў, прававога і эканамічнага становішча грамадзян Рэспублікі Беларусь.

У выніку ўласных і надуманых выдумак аўтараў доследнага друкаванага выдання, тэкставых і фотаматэрыялаў, неабгрунтаванай і мэтанакіраванай дэманстрацыі негатыўных бакоў жыццядзейнасці беларускіх грамадзян, непрывабных бытавых момантаў у цэлым фармуецца скажонае, прыніжаючае для дзяржавы Рэспубліка Беларусь і грамадства ў цэлым, прадстаўленне аб становішчы ў Рэспубліцы Беларусь», - гаворыцца ў справаздачы.

У фотаматэрыялах рубрыкі «Навіны» ідэолагі выявілі «грубую характарыстыку якасцяў і дзеянняў супрацоўнікаў сілавых структур».

«У анатацыі да фатаграфіі (старонка 20) «Дэманстрант, збіты міліцыянтамі, ляжыць ля сценаў Дома ўраду» ўтрымліваюцца загадзя ілжывыя звесткі, прадстаўленыя ва ўласных выдумках аўтара ў выглядзе грубай характарыстыкі якасцяў і дзеянняў супрацоўнікаў сілавых структур у выглядзе выказвання «збіты міліцыянтамі», то ёсць супрацоўнікі сілавых структур падаюцца як непадкантрольныя, небяспечныя асобы, патэнцыйныя крыніцы праблем, якія выклікаюць страх і боязь у іншых, якія парушаюць закон.

Прыпісванні салдатам і афіцэрам праваахоўных службаў нізкіх маральных якасцяў, а таксама супрацьпраўных дзеянняў, якія здзяйсняюцца імі (перавышэнне службовых паўнамоцтваў), супярэчыць нормам маралі, прынятым у грамадстве, прыніжае і абражае іх чалавечую годнасць і дыскрэдытуе іх: прымяншае аўтарытэт дзяржаўнай улады, падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў, замежных або міжнародных арганізацый. У каментарах да фатаграфіі (старонка 20) «Сарваны дзяржаўны сцяг ляжыць на вуліцы пасля акцыі пратэсту» з'яўляецца ўласнай выдумкай аўтара, якая прымяншае гонар і годнасць беларускага народа - Дзяржаўны сімвал Рэспублікі Беларусь», - напісана ў справаздачы.

У рубрыцы «Людзі ў навінах» камісія знайшла факты, якія «прымяншаюць аўтарытэт дзяржаўных органаў».

«У анатацыі да фатаграфіі (старонка 32) «Актывіст рыхтуе агітацыйныя матэрыялы для аднаго з кандыдатаў на сваім лецішчы. Дзяржаўныя выдавецтвы адмаўляюцца вырабляць прадукцыю для аппазіцыйных палітыкаў» змяшчаюцца ілжывыя звесткі ў выглядзе скажэння праўдзівай інфармацыі ў прававой сферы аб дзеяннях дзяржаўных органаў па забароне падрыхтоўкі агітацыйнай прадукцыі для кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы і выбарчаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Распаўсюд падобнай загадзя ілжывай інфармацыі прымяншае аўтарытэт дзяржаўных органаў, зневажае гонар і годнасць беларускага народа, як неад'емнай часткі дзяржавы і падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў і жыхароў Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага, прапагандуецца супрацьпраўная дзейнасць па вырабе і распаўсюджванню незаконнай прадукцыі.

Фотаматэрыял (старонка 33) з анатацыяй «Чалавек стаіць на партрэце дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашенкі падчас аднаго з мітынгаў, арганізаваных апазіцыйнымі кандыдатамі» з'яўляецца абразлівым не толькі для кіраўніка дзяржавы, але і ўсяго беларускага народа, які сваёй воляй абраў прэзідэнта. З'яўляецца знявагай нацыянальнага гонару і годнасці беларускага народа, губляе аўтарытэт прэзідэнта сярод насельніцтва Рэспублікі Беларусь і за яе межамі.

У каментары да фатаграфіі (старонка 36) «Маладыя людзі дапамагаюць жанчыне, параненай падчас акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў» аўтар выкарыстоўвае словазлучэнне «фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў», якое магчыма трактаваць як «неаднаразовыя мэтанакіраваныя ўмяшанні ў вынікі выбарчых кампаній па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, наўмыснае скажэнне дадзеных, загадзя няправільнае тлумачэнне іх з мэтай атрымання ўласнай выгады». Выкарыстанне словазлучэння «фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў» у дадзеным кантэксце ў дачыненні да дзеянняў кіраўніка дзяржавы з'яўляецца ўласнай выдумкай аўтара тэксту і сведчыць пра распаўсюджванне інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці і супярэчыць афіцыйным дадзеным Цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і выбарчаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Дадзеная інфармацыя прымяншае аўтарытэт дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь і падрывае давер да іх з боку замежных дзяржаў і жыхароў Рэспублікі Беларусь», - напісалі ідэолагі.

У фотаматэрыялах рубрыкі «Штодзеннае жыццё» камісіі не спадабаліся кадры з вайсковай казармы.

«Фотаздымкі (старонка 48) з анатацыяй «Абавязковы прагляд вечаровых навінаў. А 21:00 усё вайскоуцы тэрміновай службы абавязаны глядзець інфармацыйную праграму «Панарама» на дзяржаўным канале беларускага тэлебачання. Гэты элемент ідэалагічнага выхавання выкарыстоўваўся яшчэ ў арміі Савецкага Саюза і захаваўся у беларускім войску, якое лічыць сябе пераемнікам традыцыяў савецкіх узброеных сілаў», (старонка 67) з анатацыяй «Штодзенная вечаровая працэдура падшывання падкаўнерыкаў падчас прагляду «Панарамы» на дзяржаўным тэлебачанні. Як толькі афіцэр выходзіць з казармы, нудныя навіны пераключаюць на новы баявік», (старонка 94) з анатацыяй «Прагляд інфармацыйнай праграма «Панарама» дзяржаўнага тэлебачання» з'яўляецца ўласнай выдумкай аўтара тэксту і сведчыць пра распаўсюджванне ім загадзя скажонай інфармацыі аб жыццядзейнасці вайскоўцаў ва Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь.

Фотаздымак (старонка 51) з анатацыяй «Мужчыны прымяраюць капелюшы на вулічным кірмашы» падае жыхароў беларускага населенага пункта, а ў іх асобе, увесь беларускі народ, у непрывабным выглядзе - жабраком, бамжаватага віду на фоне новых заходніх рэчаў. Распаўсюд такой інфармацыі ў сродках масавай інфармацыі фармуе ў чытачоў скажоныя ўяўленні аб маральным абліччы беларускага народа, прыніжае нацыянальны гонар і годнасць беларусаў як нацыі і выклікае негатыўнае стаўленне чытачоў да Беларусі ў цэлым», - гаворыцца ў справаздачы.

У рубрыцы «Партрэт» ідэолагам не спадабаўся фотаздымак Аляксандра Лукашэнкі, які «прадстаўляе яго ў непрывабным выглядзе».

«Фатаграфія (старонка 87) ажыццёўлена з падобнага ракурсу, спецыяльна, каб прадставіць кіраўніка дзяржавы ў непрывабным выглядзе, што з'яўляецца абразлівым ў адносінах да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прымяншае яго аўтарытэт і падрывае давер да яго з боку замежных дзяржаў і жыхароў Рэспублікі Беларусь», - пішуць ідэолагі.

У фотаматэрыялы рубрыкі «Спорт» (старонкі 118-126), на думку камісіі, «прадстаўленыя элементы спартыўнага жыцця ў Рэспубліцы Беларусь у нізка эстэтычным ракурсе, месцамі - у непрыстойным выглядзе, які ў цэлым негатыўна дэманструе паказаную сферу жыцця беларускага грамадства».

А фотаматэрыялы рубрыкі «прырода» (старонкі 142-145), якая змяшчае фатаграфіі збору, нарыхтоўкі і кансервацыі грыбоў на фоне знака радыяцыйнай небяспекі, на думку «экспертаў», ілюструюць ў стылі алегорыі прыніжальны стан беларускай нацыі, яе прыроды.

Фотаматэрыялы рубрыкі «Архіў» (старонкі 140-147) паказалі «непрывабныя тэмы жыцця людзей».

«У анатацыі да фатаграфій паказана, што «... Аргкамітэт конкурсу «Прэс-фота Беларусі» распачынае публікацыю рэтраспектыўнага цыклу, які пазнаеміць з вядучымі фотажурналістамі Беларусі, што ў свой час сфармавалі погляд на краіну і вызначылі патэнцыял развіцця беларускай фотажурналістыкі сення». У прадстаўленых фотаматэрыялах дэманструюцца непрывабныя тэмы жыцця людзей: Чарнобыль, адсяленне, пахаванне, старыя, інваліды, хворыя, прыёмнік-размеркавальнік для дзяцей, мітынгі, гульня рабочых у даміно і карты, нецвярозыя жыхары і г.д.», - гаворыцца ў справаздачы.

У выніку, камісія зрабіла выснову, што ў альбомах Belarus Press Photo «беларускі народ падаецца як народ, які дайшоў да жабрацтва і спіўся, а дзяржава як мілітарызаваная».

«Такім чынам, фотаальбом «Прэс-фота Беларусі-2011» прызначаны для дэманстрацыі розных аспектаў жыцця беларускага народа, стварэння ўражання пра Беларусь і яе народ. Пры гэтым, падборка матэрыялаў змяшчае толькі негатыўныя моманты жыцця беларускага народа, падае яго народам, які дайшоў да жабрацтва і спіўся, а дзяржаву як мілітарызаваную. Пакідае ў чытача толькі негатыўныя ўражанні, як пра беларускіх жыхароў, так і дзяржаву ў цэлым, што сведчыць пра распаўсюджванне скажонай інфармацыі пра Беларусь, прыніжае нацыянальны гонар і годнасць беларускага народа.

Для правядзення даследавання прадстаўленых дакументаў выкарыстоўваліся Слоўнік рускай мовы С.І. Ожагава, Новы слоўнік замежных слоў. - Выдавецтва «ІДДК», 2007 і іншыя.

У прадстаўленым для даследавання друкаваным выданні «Прэс-фота Беларусі-2011», выдавецтва «Tauropolis», г. Каўнас (Літва), на 80 (васьмідзесяці) лістах, утрымліваюцца наўмысна скажоныя выдумкі аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай , сацыяльнай і іншых сферах, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і прыніжаюць нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Акрамя гэтага, падборка матэрыялу ў сукупнасці адлюстроўвае толькі негатыўныя аспекты жыццядзейнасці беларускага народа з уласнымі выдумкамі і высновамі аўтара, што з пункту гледжання сацыяльных нормаў, прынятых у грамадстве і маральнасці таксама прыніжае нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь, прымяншае аўтарытэт дзяржаўнай улады, падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў, замежных або міжнародных арганізацый.

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці з'яўляецца адной з прыкмет экстрэмісцкай дзейнасці», - гаворыцца ў справаздачы ідэолагаў.

41 фотаальбом з фатаграфіямі леташняга конкурсу «BELARUS PRESS PHOTO» забралі 12 лістапада 2012 года на памежным пераходзе «Каменны лог» у беларускіх фатографаў Аляксандра Васюковіча і Юліі Дарашкевіч.

Belarus Press Photo - гэта першы адкрыты незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ў Беларусі. У гэтым годзе конкурс праводзіцца ў чацвёрты раз. Тыя самыя «экстрэмісцкія» фота пераможцаў конкурсу за 2011 год можна паглядзець тут.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках