25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Філіп Качмарэк: Дыялог ЕЗ з народам

7
Філіп Качмарэк: Дыялог ЕЗ з народам

Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Філіп Качмарэк піша пра ініцыятыву ЕЗ «Дыялог аб мадэрнізацыі з беларускім грамадствам».

Прыводзім тэкст артыкула, апублікаванага ў блогу палітыка, цалкам (пераклад - charter97.org):

Еўрапейскі Звяз абвясціў пра пашырэнне дыялогу з беларускім грамадствам. З грамадствам, таму што дыялог з урадам без выканання пэўных умоў - гэта не варыянт.

Гэта заява - вынік сур'ёзнага тупіку ў афіцыйных адносінах Еўрапейскага Звяза з уладамі ў Менску, які доўжыцца на працягу некалькіх гадоў.

Выхадам з дадзенай сітуацыі з'яўляецца «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з беларускім грамадствам», у рамках якога прадстаўнікі ЕЗ працуюць з беларускай апазіцыяй і незалежнымі экспертамі. Рабочыя групы рыхтуюць праекты палітычных, эканамічных, сацыяльных і прававых рэформаў. Еўрапейскі дыялог накіраваны, перш за ўсё, на выпрацоўку выразнага бачання рэформаў для дэмакратызацыі Беларусі. Таксама распрацаваны інструмент для таго, каб дапамагчы партнёрам у перадачы практычнага вопыту пераўтварэнняў, праз якія прайшлі дзяржавы-удзельніцы ЕЗ. Гэты набор дакументаў павінны быць гатовы да таго часу, калі адбудуцца дэмакратычныя перамены. Польшча, з'яўляючыся прыкладам мадэлі трансфармацыі, можа падзяліцца ўласным вопытам

Беларускія ўлады з падазрэннем ставяцца да дыялогу, не ўступаюць у яго. Раней яны ставіліся да яго з непрыязнасцю, нягледзячы на тое, што дыялог не азначае змены ўрада. У цяперашні час гэта стаўленне некалькі змянілася. Пытанне заключаецца ў тым, ці можна нешта абмяркоўваць з прадстаўнікамі аўтарытарнай улады і, калі так, то на якіх умовах. Ці спрыяе мадэрнізацыя легітымізацыі кіруючай сістэмы або змякчае яе?

Беларуская апазіцыя ў падыходзе да магчымых перамоваў з рэжымам падзялілася. Гэта падобна на сітуацыю, якая была ў Польшчы падчас «круглага стала». Некаторыя яе прадстаўнікі - такія як Аляксандр Мілінкевіч - выступаюць за перамовы і зняцце санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў, супраць выштурхоўвання краіны з Еўропы. Іншыя - такія, як Анатоль Лябедзька і Франак Вячорка, - робяць стаўку на больш жорсткую палітыку і выступаюць супраць перамоваў з прадстаўнікамі ўладаў, якія не выконваюць мінімальныя ўмовы і нясуць адказнасць за рост пагроз незалежнасці краіны. Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў выступіў за спыненне ўсіх адносін з рэжымам да вызвалення і рэабілітацыі палітычных зняволеных.

У Польшчы аказаўся больш эфектыўным першы падыход, у Паўночнай Афрыцы да пераменаў прывяла бурная «арабская вясна». Што больш эфектыўна ў выпадку з Беларуссю - мы не ведаем. Важна, каб пасля магчымай змены ўлады не трэба было марнаваць час на абмеркаванні і дыскусіі аб напрамку развіцця краіны, а новы ўрад меў гатовыя праекты рэформаў. Вось чаму мы робім гэта цяпер у рамках «Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі».

У ходзе канферэнцыі «Дыялог аб мадэрнізацыі», арганізаванай Еўрапейскай народнай партыяй, яе ўдзельнікі прыйшлі да агульнага меркавання, што для пачатку дыялогу з уладамі павінна адбыцца вызваленне палітычных зняволеных і іх поўная рэабілітацыя. Мы павінны быць не толькі цвёрдымі, але і адкрытымі. Еўрапейскі Звяз не можа адмаўляцца ад дыялогу, і, як казаў Аляксандр Мілінкевіч, аддаваць Беларусь пад выключны ўплыў Расеі. Toе, што ЕЗ можа зрабіць цяпер, - гэта зрабіць шэнгенскія візы больш даступнымі для беларусаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках