26 лiстапада 2024, aўторак, 0:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заводы стаяць: рабочых адпраўляюць у вымушаныя адпачынкі

210
Заводы стаяць: рабочых адпраўляюць у вымушаныя адпачынкі

На шматлікіх беларускіх прадпрыемствах складваецца крытычная сітуацыя з-за праблем са збытам.

Пацвердзілася інфармацыя аб тым, што вядучае прадпрыемства брэсцкага рэгіёну - СП «Брэстгазаапарат» - адпраўляе сваіх рабочых у вымушаны адпачынак.

Як стала вядома charter97.org, галаўны завод гэтага ААТ, дзе кантрольны пакет акцый належыць «Газпраму», не будзе працаваць палову траўня з-за праблем са збытам. І гэта нягледзячы на тое, што ў Расеі ў «Брэстгазаапарата» існуе добра наладжаная дылерская сетка.

«Прадпрыемства мае цяжкасці з рэалізацыяй сваёй прадукцыі ў Беларусі і ў Расеі, - паведаміў генеральны дырэктар СП «Брэстгазаапарат» Анатоль Марозаў. - Людзі сталі менш атрымліваць, кошты павысіліся... Вы ж чытаеце пра крызіс у Еўропе: Італія, Грэцыя, Францыя, Кіпр, дзе з'яўляецца шмат беспрацоўных, якім не да газавых пліт. Да таго ж падае спажыванне энергіі, а сыравінныя рэсурсы ў Еўропу прадае Расня. Значыць, чакайце падзення коштаў на газ і нафту. У Расеі таксама будзе менш грошай і знізіцца попыт: там ужо спыняецца ВАЗ і іншыя заводы».

Пры гэтым нават пасля вяртання рабочых з вымушанага адпачынку, які будзе доўжыцца з 1 па 14 траўня, генеральны дырэктар «Брэстгазаапарата» не дае гарантый, што гісторыя не паўторыцца: «Пачнем працаваць, а калі гэтая сітуацыя будзе працягвацца, то трэба ўціскацца».

Аналагічная сітуацыя складваецца і на многіх іншых беларускіх прадпрыемствах. Рабочым паніжаюць зарплаты, не выплачваюць прэміі, скарачаюць і прымушаюць браць адгулы і адпачынкі за свой кошт.

Замежнае прадпрыемства «Белы Чырвоны Чорны», якое таксама знаходзіцца ў Брэсце і спецыялізуецца на выпуску мэблі таксама не будзе працаваць да 20 траўня. Па словах намесніка дырэктара Міраслава Уланоўскага, работнікі ўжо апавешчаныя, што іх адправяць у адпачынак. Выключэнне зроблена толькі для службаў, якія займаюцца рамонтам і абслугоўваннем абсталявання.

Менскі завод «Гарызонт» таксама працуе з перабоямі. Звольненыя больш за сто чалавек. Праблемы на заводзе пачаліся некалькі месяцаў таму. А ў пачатку сакавіка ў некаторых цэхах быў уведзены чатырохдзённы працоўны тыдзень. У прыватнасці, гэта кранула цэхі па зборцы тэлевізараў. Пятніца была абвешчаная выходным днём, а чатыры працоўныя дні перанеслі на восень.

З мінулага месяца на МАЗе ўведзены скарочаны працоўны тыдзень. Згодна з загадам ад 25 лютага 2013 года, працоўныя дні ў сакавіку пераносяцца на восень таго ж года. У красавіку сітуацыя паўтарылася.

Сотні рабочых Асіповіцкага завода аўтаагрэгатаў могуць застацца без працы. На заводзе ўвялі «чатырохдзёнку», а дырэктар прадпрыемства прапанаваў скараціць колькасць інжынерна-тэхнічных работнікаў на 10%.

Сітуацыя на ПВУП «Завод Беліт», адным са структурных вытворчых прадпрыемстваў холдынгу «Гарызонт», таксама блізкая да крытычнай. Рабочых адпраўляюць у вымушаныя адпачнкі з-за падзення продажаў.

З заводу «Магілёўліфтмаш» звольніліся каля 50 чалавек. Больш за 70 чалавек развіталіся з прадпрыемствам у сакавіку. Акрамя таго, у чарзе на звальненне стаіць яшчэ каля 200 рабочых і спецыялістаў. Менавіта столькі работнікаў адмовіліся ад прапановы кіраўніцтва падоўжыць свой працоўны кантракт. Прычына звальненняў заключаецца ў нізкіх заробках.

Рабочыя многіх прадпрыемстваў пратэстуюць супраць скарачэнняў і ўразання заробкаў і прэмій.

15 сакавіка рабочыя філіяла «Бабруйскі завод ДВП» ТАА «БізнесБудСвет» атрымалі на рукі разліковыя лісты і ўбачылі, што ім значна скарацілі прэміяльныя выплаты. Раней яны складалі 40 адсоткаў, а ў сакавіку скараціліся да 20 адсоткаў у рабочых і да 10 адсоткаў у служачых. Толькі пасля пратэстаў рабочым атрымалася дамагчыся вяртання ранейшага ўзроўню выплат.

1 красавіка рабочыя Віцебскага домабудаўнічага камбіната адмовіліся прыступаць да працы з-за затрымкі заробкаў. Яны былі незадаволеныя не толькі іх несвоечасовай выплатай, але і памерамі - большасць атрымлівае ад 2 да 3 мільёнаў рублёў.

Прафсаюзныя лідары кажуць, што з пачатку года пачасціліся канфлікты паміж рабочымі і кіраўніцтвам прадпрыемстваў з-за скарачэнняў і нізкіх заробкаў. Не пра ўсіх з іх становіцца вядома СМІ.

«Паколькі прынцыповыя меры па змене сацыяльна-эканамічнай палітыкі не прынятыя, то можаце быць упэўненыя, што калі дадзены курс не зменіцца, то ў рэжыма няма ніводнага шанцу ўзяць сітуацыю пад кантроль. Тут маецца на ўвазе памер і своечасовасць выплаты заробкаў. Я з усёй адказнасцю магу сказаць, што на самой справе падобных фактаў значна больш, проста яны не заўсёды трапляюць у СМІ. Паводле дадзеных, якія мае БКДП, такое ў апошні час адбываецца нярэдка і па ўсёй Беларусі. Мы, не маючы стоадсоткавай упэўненасці ў тым, што гэта дакладная інфармацыя, не каментуем, але адсочваем сітуацыю», - кажа старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Напісаць каментар 210

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках