25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Узаконенае рабства

63
Узаконенае рабства

У Магілёве кіроўцы прадпрыемства «Бабушкина крынка» працуюць у дзень па 16-17 гадзін, аднак у табелі ім ставяць толькі «васьмёркі».

Тым часам, заробак у развозчыкаў малочнай прадукцыі па гандлёвых сетках горада складае каля 6-7 мільёнаў рублёў.

«На прадпрыемстве я адпрацаваў паўтара года. Нагрузка невыносная, адсюль і цякучка кадраў. Кожны дзень на працу прыходзяць новыя кіроўцы, аднак, разабраўшыся ў чым сутнасць працы, больш там не з'яўляюцца», - распавядае сайту charter97.org былы кіроўца прадпрыемства Павел Анатольевіч.

Павел Анатольевіч адзначае, што працоўны дзень у кіроўцаў пачынаецца ў 2-3 гадзіны ночы, калі іх забірае начны аўтобус і вязе на «Бабушкину крынку». Далей да 5-00 ідзе загрузка машын прадукцыяй, пасля чаго пачынаецца яе развоз, які доўжыцца да 17-00.

Калі кіроўцы не паспяваюць развесці малако і сыр да гэтага часу, то сваю працу яны працягваюць выконваць, пакуль не скончаць. Кіроўцы абураюцца, аднак, ім проста паказваюць на дзверы: не падабаецца - сыходзь.

Каб аднавіць справядлівасць і ў нейкай ступені дапамагчы сваім калегам, Павел Анатольевіч звярнуўся з лістом у Магілёўскае абласное ўпраўленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.

«З дапамогай юрыста незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці я склаў зварот у Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы. Прашу паказаць, якой працягласці павінен быць працоўны дзень у кіроўцаў, а таксама, якім чынам павінны аплачвацца звышурочныя. Я таксама прашу Дэпартамент абавязаць кіраўніцтва «Бабушкиной крынки» весці фактычны ўлік адпрацаваных кіроўцамі гадзін і аплаціць мне ў падвойным памеры час, які я адпрацаваў звышнормы», - кажа кіроўца.

Рабочы адзначае, што калі кіраўніцтва «Бабушкиной крынки» не пойдзе на саступкі і не выплаціць недаплачаныя яму падчас працы грошы, то ён мае намер звярнуцца ў суд.

Варта адзначыць, што кіраўніцтва «Бабушкиной крынки» у Магілёве карыстаецца благой славай. Дырэктар прадпрыемства Ігар Кананчук знаходзіўся пад следствам за тое, што збіў сваіх супрацоўніц быццам бы за крадзеж прадукцыі, аднак праз суд ім удалося даказаць сваю невінаватасць. Кананчук пагражаў тэрмін па артыкуле «Хуліганства», аднак суддзя па просьбе кіраўніцтва горада, перакваліфікаваў артыкул абвінавачання, у выніку чаго ён здолеў сысці ад турэмнага зняволення.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках