25 лiстапада 2024, панядзелак, 2:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Кіраве аднавіўся працэс над Навальным

4
У Кіраве аднавіўся працэс над Навальным

Суд над адным з лідараў расейскай апазіцыі, перарваны 26 красавіка, праходзіць у Кіраве.

У сераду і чацвер павінен працягнуцца допыт сведак абвінавачвання.

Падтрымаць Аляксея Навальнага ў судзе зноў прыехалі актывісты апазіцыі. Прыбыў у Кіраў і апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў, перадае BBC.

Першым на пасяджэнні ў сераду быў дапытаны намеснік старшыні ўрада Кіраўскай вобласці Сяргей Шчарчкоў. Сведка абвінавачання Шчарчкоў не сказаў нічога, што пацвярджала б версію абвінавачвання. Па словах віцэ-прэм'ера, ніхто з дырэктараў лясгасаў не скардзіўся яму, што іх прымушаюць прадаваць лес праз «Вяцкую лясную кампанію».

Працэс па справе «Кіраўлеса» пачаўся 17 красавіка. Аднак першае пасяджэнне працягвалася не больш за паўгадзіны і было адкладзена па хадайніцтве абароны.

Навальны катэгарычна адмаўляе прад'яўленыя яму абвінавачванні.

Сорак сведак

Першае паўнавартаснае судовае паседжанне прайшло 24 красавіка, калі было зачытана абвінаваўчае заключэнне.

На пасяджэнні Навальны заявіў пра сваю невінаватасць і палітычную матываванасць усёй справы.

Абарона Навальнага паспрабавала таксама заявіць адвод суддзі Сяргею Блінову, сцвярджаючы аб яго прадузятасці, але патрабаванне адвакатаў не было падтрымана.

Затым на працэсе прыступілі да допыту сведак з боку абвінавачання.

У зале суда выступілі цяперашні прадстаўнік інтарэсаў «Кіраўлеса» Павел Смерцін, экс-кіраўнік прадпрыемства Вячаслаў Апалёў, пасля чаго суд перайшоў да допыту дырэктараў лясгасаў.

Пасля пасяджэння Аляксей Навальны выказаў здагадку, што спачатку абвінавачванне хоча дапытаць усіх дырэктараў лясгасаў, а ўжо затым - чыноўнікаў. У справе ёсць паказанні прыкладна 40 сведак, у тым ліку больш за 20 дырэктараў філіялаў «Кіраўлеса».

Справа аб крадзяжы лесу

Абвінавачванне Навальнаму было прад'яўлена ў студзені.

Як сцвярджаюць ў Следчым камітэце Расеі, Аляксей Навальны, з'яўляючыся дарадцам губернатара Кіраўскай вобласці, нібыта арганізаваў крадзеж маёмасці прадпрыемства «Кіраўлес», уступіўшы ў змову з дырэктарам ТАА «Вяцкая лясная кампанія» Пятром Афіцэравым і генеральным дырэктарам КАГУП «Кіраўлес» Вячаславам Апалёвым».

Між тым, юрысты, якія аналізавалі матэрыялы справы, не змаглі зразумець, як следству ўдалося прыйсці да высновы, што створаная па прапанове Аляксея Навальнага «Вяцкая лясная кампанія» растраціла больш за 16 млн рублёў (510 тыс. даляраў), якія належалі «Кіраўлесу».

Па дакументах, ВЛК купіла ў «Кіраўлеса» тавару на 16,8 млн рублёў: 13,7 млн з гэтай сумы паступілі на рахункі «Кіраўлеса», а астатнюю запазычанасць у 3,1 млн прызнавалі абодва бакі.

Не цалкам ясным застаецца, праўда, і тое, як і чаму менавіта знаёмы Навальнага Пётр Афіцэраў апынуўся пасярэднікам пры продажы часткі лесапрадукцыі, якая належыць дзяржаўнаму «Кіраўлесу».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках