З-за рэпетыцыі парада перакрыюць праспект Машэрава
16- 10.06.2013, 11:22
- 21,472
З 10 чэрвеня па вечарах будзе абмежаваны рух па праспекце Машэрава ў Менску.
Рух транспартных сродкаў на ўчастку праспекта Машэрава ад вуліцы Даўмана да праспекта Пераможцаў будзе абмежаваны ў сувязі з правядзеннем рэпетыцый зводнай роты ганаровай варты пры падрыхтоўцы да параду войскаў Менскага гарнізона 3 ліпеня 2013 года.
Рух транспарту (у тым ліку і грамадскага) будуць абмяжоўваць 10, 12,14,17,19,21 і 24 чэрвеня з 21.45 да 24.00, паведамляе прэс-служба УДАІ ГУУС Менгарвыканкама.
Сталічная Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе кіроўцам і пасажырам грамадскага транспарту ўлічваць дадзеную інфармацыю пры выбары маршруту руху.
Нагадаем, да вайсковага параду 3 ліпеня актыўна рыхтуюцца парадныя разлікі Мінабароны, МУС, МНС і ГПК. У ваенным парадзе таксама возьмуць удзел парадныя разлікі Дзяржаўнага памежнага камітэта, унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Кошт правядзення парада Мінабароны традыцыйна замоўчвае.