Юрый Джыбладзэ і Вольга Захарава: Нельга ратаваць дыктатара, што тоне
26- 12.06.2013, 15:32
- 49,818
Еўразвяз не павінен працягваць руку дапамогі Лукашэнку.
Прадстаўнікі Рабочай групы ў інвестыцыях Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Вольга Захарава і Юрый Джыбладзэ прадставілі на прэс-канферэнцыі ў Варшаве даклад «Дылема ЕЗ: Якім быць дыялогу з Беларуссю».
Прэзентацыя адбылася ў прэс-клубе польскай сталіцы. Арганізатарамі прэзентацыі дакладу расейскіх праваабаронцаў выступілі Офіс дэпутата Еўрапейскага парламента Марэка Мігальскага, фонд «Хартыя'97» і Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.
Юрый Джыбладзэ нагадаў, што гэта ўжо трэці такі дакумент, пададзены Рабочай групай. Ён ахоплівае перыяд 2012 і першай паловы 2013 гадоў. Аўтары дакладу прааналізавалі як сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне, так і эканамічныя сувязі рэжыму Лукашэнкі з Еўрапейскім Звязам і Расеяй. Юрый Джыбладзэ мяркуе, што заходнія краіны, гандлюючы з Лукашэнкам, фактычна ратуюць ягоны рэжым.
«Мы вельмі выразна бачым, што сітуацыя з правамі чалавека не проста застаецца дрэннай, якой яна была ў 2011 годзе, але і прадаўжае пагаршацца. Ні адна рэкамендацыя або патрабаванне, якія ўтрымліваюцца ў рэзалюцыях ААН або АБСЕ, іншых міжнародных арганізацый не былі выкананыя. Выклікае вялікую трывогу становішча палітвязняў, якія зазнаюць ціск - як псіхалагічны, так і фізічны - з мэтай «выбіць» з іх прызнанне віны і прашэнне аб памілаванні.
Самае галоўнае з аналізу мінулых двух гадоў - тое, што гандаль з Еўрапейскім Звязам самы эфектыўны спосаб фінансавання рэжыму Лукашэнкі і ўмацавання рэпрэсіўнага апарата. Эканамічныя санкцыі, уведзеныя ў 2011 годзе, былі эфектыўнымі, таму што дзякуючы пагрозе іх пашырэння ўдалося дамагчыся вызвалення двух палітвязняў - Андрэя Саннікава і Дзмітрыя Бандарэнкі. Але з іншага боку, як паказвае аналіз эканамічных звестак, у гэтых абмежавальных мерах засталася вялізная дзірка, бо вялікая колькасць ключавых кампаній-нафтатрэйдэраў, якія належаць набліжаным да беларускага правадыра алігархам, не былі ўключаныя ў «чорныя спісы». Яны выратавалі Лукашэнку і дапамаглі яму адчуваць сябе больш упэўнена.
Прадстаўнікі рэжыму стала палохаюць Захад тым, што калі не будуць скасаваныя санкцыі, Расея паглыне беларускую эканоміку. Гэтая палітыка прыносіць плён. Але мы бачым, што Крэмль апошнім часам стаў дзейнічаць больш жорстка і не гатовы абыходзіцца проста дэкларацыямі са стараны Лукашэнкі. Расейскія ўлады патрабуюць продажу беларускіх прадпрыемстваў. Але дыктатар на гэта не пойдзе, бо ён выдатна разумее, што як толькі аддасць кантроль над ключавымі актывамі, то адразу страціць уладу. Таму рэверансы ў бок Захаду, якія адбываюцца цяпер, з'яўляюцца для яго адзіным выхадам.
У дакладзе мы прапануем, каб ЕЗ будаваў свае патрабаванні да рэжыму Лукашэнкі на прынцыповых і паслядоўных пазіцыях, звязаных з выкананнем тых патрабаванняў, якія ўжо даўно сфармуляваныя і агучаныя міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку ААН і АБСЕ. Галоўная з іх - вызваленне і рэабілітацыя палітзняволеных. Разам з гэтым патрэбна зразумелая стратэгія ўзаемадзеяння са звычайнымі беларусамі, якая павінна ўключаць і аднабаковую лібералізацыю візавага рэжыму, і падтрымку незалежных СМІ, і дапамогу грамадзянскай супольнасці. Беларусы павінны выразна разумець, што можа даць Еўрапейскі Звяз, і чым гэта лепш за тое, што прапаноўвае Лукашэнка», - сказаў Юрый Джыбладзэ.
Вольга Захарава падкрэсліла, што Еўрапейскі Звяз зноў спрабуе выратаваць дыктатара «які тоне», выдаючы яму авансы ў выглядзе зняцця санкцый з шэрагу фірмаў і працягваючы руку дапамогі.
«Трэці год запар ЕЗ робіць адну і тую ж памылку - гуляе паводле правіл Лукашэнкі. Пры гэтым кожны раз выпускаючы магчымасць рэальна націснуць і не толькі дамагчыся вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў, але і паўплываць на магчымыя сістэмныя змены ў Беларусі. У 2011 годзе падчас глыбокага крызісу, як эканамічнага, так і з правамі чалавека, Еўропа марудзіла з уводам рэальных эканамічных абмежавальных захадаў, дазволіўшы ў выніку Лукашэнку «выплыць» за кошт гандлю з ЕЗ. У тым годзе дадатнае сальда склала каля 7 мільярдаў даляраў.
У 2012 годзе ЕЗ зноў дазволіў весці выгадны гандаль фірмам, якія не патрапілі намаганнямі некаторых дзяржаў у спіс санкцый і нагандлявалі дадатнае сальда ў суме блізу 8 мільярдаў даляраў. Дзіўна, але ў 2013 годзе ўжо Расея спыніла схему гандлю нафтапрадуктамі, і экспарт у ЕЗ упаў на 40 адсоткаў. Але цяпер Еўразвяз практычна працягвае руку дыктатару, выдаючы авансы ў выглядзе зняцця санкцый з двух прадпрыемстваў, адно з якіх мае наўпроставае дачыненне да сям'і Лукашэнкі. Гэта адбываецца замест таго, каб жорстка дыктаваць яму свае ўмовы.
Падзенне экспарту разам з патрэбай аддаваць пазыкі за мінулыя гады - вось рэальная пуга, якая прымусіць Лукашэнку імітаваць «збочванне» на Захад. Не скарыстацца гэтым - дурасць.
У першую чаргу, згубным для Беларусі будзе паўтор сцэнару 2008-2010 гадоў з так званым пацяпленнем на «заходнім фронце». Тады эканамічны крызіс прымусіў Лукашэнку паказаць дэмакратычную «адлігу», якой Захад ахвотна паверыў, забяспечыўшы яго, у тым ліку, крэдытам МВФ ды іншай дапамогай.
Паўтор такога сцэнару прывядзе да кансервацыі рэжыму да выбараў 2015 з яго наступным захаваннем яшчэ, як мінімум, на пяць гадоў. Ці будзе наступная Плошча - сказаць цяжка. Грамадства запалоханае і вынішчанае, вырасла цэлае пакаленне, якое не ведае, што такое свабода, думае, што так было заўсёды. Тым не менш, у Еўразвязу ёсць усе вагары, каб дапамагчы беларусам адкрыць шлях да свабоды, і мы спадзяемся, што ён усё ж гэтымі вагарамі скарыстаецца», - заявіла Вольга Захарава.
На прэзентацыі таксама выступіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў. Ён падзякаваў аўтарам дакладу за праведзеную працу, падкрэсліўшы, што з'яўленне такога дакумента адыгрывае важную ролю для інфармавання міжнароднай супольнасці аб сітуацыі ў нашай краіне.
«Я даведаўся аб стварэнні Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі знаходзячыся ў турме. Гэта было ўнікальнай падзеяй, такога раней не рабілася ў дачыненні да нашай краіны. Я зразумеў, што людзі ў ноч, калі адбываліся арышты, думалі пра тое, як можна дапамагчы беларускім праваабаронцам, якія самі зазналі пераслед. Быў створаны ўнікальны механізм. Вельмі важна, што ў ім узялі ўдзел праваабаронцы з Расеі. Дакумент, які быў прадстаўлены сёння, важны тым, што два папярэднія даклады актыўна выкарыстоўваліся Еўрапейскім Звязам для выпрацоўкі палітыкі ў дачыненні да Беларусі. У ім гаворыцца пра тое, што сітуацыя з правамі чалавека не палепшылася, рэпрэсіі прадаўжаюцца, ёсць палітвязні. Даклад заснаваны на фактах. Пра тое ж самае гаворыцца ў дакуменце, падрыхтаваным спецдакладчыкам Рады правоў чалавека ААН Міклашам Харашці. Гэта значыць, што палітыкі, якія спрабуюць лабіяваць інтарэсы Лукашэнкі, грунтуюцца не на аб'ектыўным аналізе сітуацыі, а на нейкіх сваіх планах і інтарэсах. Сёння вельмі важна як для грамадскіх арганізацый, так і для палітыкаў распаўсюдзіць гэтую інфармацыю і дамагчыся вывучэння дакладу Рабочай групы інвестыцый Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі ў Еўракамісіі і Еўрапарламенце», - сказаў Андрэй Саннікаў.
Падаем на сайце charter97.org кароткі змест дакладу «Дылема ЕЗ: Якім быць дыялогу з Беларуссю».
Поўны тэкст на англійскай мове ТУТ.
Які менавіта дыялог з Беларуссю патрэбны? Актывізацыя ўзаемадзеяння з грамадствам і ўзмацненне ціску на рэжым.
Даклад Рабочай групы Камітэта міжнародных інвестыцый за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі
Кароткі змест
Сітуацыя з правамі чалавека і становішчам грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў 2012 годзе і першай палове 2013 не проста застаецца такой жа дрэннай, якой яна была ў 2011 годзе. Яна стабільна пагаршаецца. Беларускія ўлады прадаўжаюць трымаць за кратамі больш за дзясятак палітычных зняволеных, у тым ліку былога кандыдата ў прэзідэнты, лідара праваабарончага руху і моладзевага лідара. У канцы 2012 і першай палове 2013 рэжым рэзка ўзмацніў фізічны і псіхалагічны ціск на палітвязняў, прымушаючы іх прызнаць віну і падпісаць прашэнне аб памілаванні. Абмежаваны доступ да адвакатаў, сустрэчы з якімі праходзяць у прысутнасці аховы, не дазваляе палітвязням бяспечна перадаць на волю інфармацыю аб сваім цяжкім становішчы.
Катаванні ў турмах, пераслед грамадзянскіх актывістаў, журналістаў і адвакатаў, адвольныя затрыманні і збіццё ўдзельнікаў пратэстных акцый работнікамі праваахоўных органаў у форме і ў цывільным, беспакаранасць парушальнікаў правоў чалавека, сістэматычныя абмежаванні свабоды сходаў, свабоды аб'яднанняў і свабоды выказвання меркаванняў, у тым ліку інтэрнэт, і многае іншае - гэта штодзённая рэальнасць сённяшняй Беларусі. Усё гэта прывяло да фарміравання ўстойлівай атмасферы страху ў краіне. Важна не забывацца і на тое, што Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая прадаўжае прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды. Гэтая практыка працягвалася і ў 2012 г.
Вельмі паказальным з'яўляецца стаўленне беларускага ўрада да супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі ў сферы правоў чалавека. На працягу 2012 беларускае Міністэрства замежных спраў неаднаразова падкрэслівала, што Беларусь не будзе адказваць на запыты Камітэта правоў чалавека ААН у рамках разгляду індывідуальных скаргаў беларускіх грамадзян. Ніводная з прынятых Камітэтам пастаноў на індывідуальныя скаргі з Беларусі не была выкананая ўладамі. Праблемы ў супрацоўніцтве Менска са структурамі ААН сталі яшчэ больш прыкметнымі пасля прыняцця рэзалюцыі Рады правоў чалавека ААН у ліпені 2012 аб стварэнні мандата спецыяльнага дакладчыка аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У адказ на прыняцце рэзалюцыі ўрад Беларусі заявіў аб тым, што яны не прызнаюць мандат спецдакладчыка.
Уладамі не было нічога зроблена для расследавання парушэнняў правоў чалавека і рэпрэсій, якія пачаліся пасля выбараў 19 снежня 2010 года. У перыяд 2012 - першай паловы 2013 не была выкананая ніводная з рэкамендацый, якія змяшчаюцца ў рэзалюцыях Рады правоў чалавека ААН, дакладзе Вярхоўнага камісара правоў чалавека ААН, пастановах дамоўных органаў ААН або дакладзе Маскоўскага механізму АБСЕ - якія ўважаюцца як сістэмныя, шматгадовыя праблемы правоў чалавека ў Беларусі.
У сакавіку 2012 г. Еўрапейскі Звяз прыняў абмежавальныя эканамічныя захады супраць шэрагу кампаній, якія належаць блізкім да Лукашэнкі бізнэсоўцам. Відавочна, што прыняцце гэтых санкцый і пагроза іх далейшага пашырэння, прывялі да вызвалення двух вядомых палітычных зняволеных - былога прэзідэнцкага кандыдата Андрэя Саннікава і яго шматгадовага паплечніка Дзмітрыя Бандарэнка.
ЕЗ меў магчымасць дамагчыся вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у 2012 годзе. Гэта магло адбыцца толькі ў тым выпадку, калі б ён не паддаўся на няпэўныя абяцанні Лукашэнкі аб супрацоўніцтве ў будучыні і працягнуў б надалей ціснуць на рэжым, пашырыўшы разумныя эканамічныя санкцыі, накіраваныя на набліжаных да ўлады алігархаў, падрываючы такім чынам магчымасці Лукашэнкі прадаўжаць рэпрэсіі і аслабляць ягоную эканамічную базу. На жаль, гэтыя магчымасці былі выпушчаныя ў 2012 годзе з двух прычын.
Па-першае, эканамічныя санкцыі мелі вельмі абмежаваны характар і таму не былі настолькі эфектыўнымі, наколькі маглі б. Увесну 2012 лабісты Лукашэнкі ў Еўропе здолелі дамагчыся неўключэння ў спіс санкцый ЕЗ ключавых прадпрыемстваў, якія былі задзейнічаныя ў гандлі нафтай і нафтапрадуктамі і якія належаць аднаму з «партманэтаў» Лукашэнкі, Юрыю Чыжу. Выключыўшы іх са спісу, ЕЗ зрабіў велізарны падарунак рэжыму і дапамог яму пазбегнуць чарговага фінансавага крызісу значна больш эфектыўнага, чым расейскія крэдыты. У 2012 годзе аб'ём экспарту з Беларусі ў ЕЗ склаў 17.5 млрд даляраў, са станоўчым сальда 8.3 млрд (у 2011 г. - 7 млрд). Вось такія грошы атрымаў рэжым ад Еўразвязу для фінансавання рэпрэсіўнага апарата і працягу рэпрэсіяў.
Па-другое, у 2012 г. рэжым паспяхова распрацаваў прыбытковую схему для продажу ў ЕЗ нафтапрадуктаў, перапрацаваных у Беларусі з нафты, атрыманай з Расеі нізкім коштам. Перапродаж гэтых нафтапрадуктаў у краіны ЕЗ пад выглядам распушчальнікаў праз давераныя фірмы і без выплаты Расеі мыты прынёс рэжыму блізу 2 млрд даляраў і даў яму дадатковую прастору для манеўру ў перамовах з ЕЗ і Расеяй. Аднак у другой палове 2012 Лукашэнку давялося згарнуць гэты бізнэс на патрабаванне Расеі.
Прыбыткі ад гандлю з ЕЗ і крэдыты ад Расеі былі недастатковыя для таго, каб цалкам пакрыць бюджэтныя патрэбы і вярнуць старыя пазыкі, набраныя рэжымам у 2008-2010 гадах. Менавіта таму Лукашэнка пазначае цяпер паварот у бок Захаду для атрымання новых крэдытаў і прадухілення пашырэння санкцый ці нават іх поўнага скасавання.
Незразумелыя кіўкі рэжыму на магчымае ў няпэўнай будучыні вызваленне палітычных зняволеных разам з ціскам ягоных лабістаў на ЕЗ і гутаркамі аб «расейскай пагрозе» спрацавалі і здалелі прадухіліць пашырэнне санкцый. У Брусэлі цяпер нават не ўспамінаюць аб магчымым пашырэнні санкцый, нягледзячы на тое, што сітуацыя ў Беларусі ніяк не палепшылася.
План Лукашэнкі ў тым, каб пасля таго, як ён зломіць і «абясшкодзіць» палітвязняў вымушаным падпісаннем імі прашэння аб памілаванні з прызнаннем віны, ён «прадасць» іх вызваленне Захаду ў абмен на новыя крэдыты. Гэтыя крэдыты разам з прыбыткамі ад гандлю з ЕЗ павінны, на ягоную думку, даць яму пратрымацца да выбараў 2015 і застацца ва ўладзе надоўга, не мяняючы ў краіне нічога. На жаль, падобна, што ЕЗ прыняў гэтую гульню дыктатара.
Як і прагназавалася, пачынаючы з 2012, Расея ўзмацніла ціск на Лукашэнку. Гэта выяўляецца ў настойлівых патрабаваннях дапусціць расейскі бізнэс да беларускай прыватызацыі, спыненні бязмытнага продажу нафтапрадуктаў з Беларусі ў ЕЗ пад выглядам распушчальнікаў, патрабаванні выканання абавязанняў паставак бензіну на расейскі рынак і «падвешванні» гадавога нафтавага балансу з пераводам яго ў паквартальнае падпісанне.
Эканамічныя дамаганні Расеі ўсё больш турбуюць беларускага правадыра. Адзіны козыр, які застаўся ў Лукашэнкі - гэта яго дэкларатыўная падтрымка пуцінскага праекта еўразійскай інтэграцыі, якая на самой справе небяспечная для менскага дыктатара. У 2012 годзе здавалася, што Маскву цалкам задавальняла слоўная падтрымка, і яна адказвала грашовымі крэдытамі. Аднак у 2013 годзе Масква, якая трымае Лукашэнку на кручку, патрабуе значна больш важкіх доказаў адданасці. Лукашэнка ўсімі магчымымі спосабамі адцягвае рэальныя крокі продажу прадпрыемстваў. Ён разумее - як толькі ён страціць кантроль над эканомікай, ён страціць уладу.
Відавочна, што адзіны выхад для Лукашэнкі з гэтай пасткі - паварот «ківача» ягонай замежнай палітыкі на Захад, за новымі, не звязанымі са стратай улады грашыма. Гэты «паварот» ужо бачны няўзброеным поглядам у першай палове 2013 года – уключна з раптоўнай абудзіўшайся цікавасцю да «Усходняга Партнёрства» і «дыялог аб мадэрнізацыі». Спробы зняць санкцыі з міністра замежных спраў Макея і забяспечыць асабіста сабе запрашэнне на саміт Усходняга Партнёрства ў Вільні - гэта толькі пробы, якімі Лукашэнка правярае гатоўнасць Захаду «перазапусціць дыялог» без папярэдніх умоў і даць яму новыя крэдыты.
На гэты момант карціна – прынамсі, як яе падаюць беларускай грамадскасці дзяржаўныя СМІ, - вельмі непрывабная для рэпутацыі ЕЗ. Гэта тое, што вырасла ў разы колькасць кантактаў паміж прадстаўнікамі рэжыму і заходняй дэмакратыяй на розных узроўнях, аж да Камісара спраў Усходняга партнёрства Штэфана Фюле. Таксама большасць каментатараў паказваюць на тое, што тэма вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі паступова сыходзіць з першага плана ў ЕЗ. Падкрэсліваецца імкненне і патрэба «пачаць дамаўляцца».
Мы не ведаем, ці такія намеры ЕЗ напраўду, аднак гэтая сітуацыя вельмі моцна б'е па дэмакратычных каштоўнасцях Беларусі , дэманструючы беларусам прыярытэт для ЕЗ эканамічных і геапалітычных інтарэсаў. Такім чынам, еўрапейскі выбар для беларусаў з пункту гледжання каштоўнасцяў пад сур'ёзнай пагрозай.
Цяпер перад міжнароднай супольнасцю стаіць няпростая задача ў дачыненні да выбару стратэгіі далейшых дзеянняў у дачыненні да Беларусі. Мы аддаём сабе справаздачу ў тым, што фон для прыняцця новых эфектыўных пастаноў Еўрапейскага Звязу, якія маглі б дапамагчы рэальна палепшыць сітуацыю з правамі чалавека і вяршэнствам права ў Беларусі, цяпер неспрыяльны.
На Захадзе існуе пэўная «стомленасць» ад «беларускага пытання», бо з дапамогай падыходаў, якія рэалізуюцца з пачатку 2011 года, пакуль не ўдалося дамагчыся якіх-небудзь значных вынікаў. Кожны палітык не любіць параз і імкнецца атрымаць вынік у кароткай перспектыве.
Акрамя таго, нарастае ціск на ЕЗ на карысць аднаўлення «дыялогу» з рэжымам Лукашэнкі з боку лабістаў рэжыму - як з боку еўрапейскага бізнэсу і еўрапейскіх палітыкаў-прагматыкаў, так і з ліку шэрагу прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і аналітычных цэнтраў, вольна (у сваіх уласных мэтах) або мімаволі (пад ціскам улады), што цяпер дзейнічаюць у інтарэсах рэжыму Лукашэнкі. Акрамя таго, шмат якім еўрапейскім палітыкам цяпер папросту не да Беларусі, бо Еўропа паглынутая пастановай уласных складаных праблем крызісу еўра і паслаблення агульнаеўрапейскіх працэсаў.
У сувязі з усім гэтым вялікая спакуса выдаць за паспяховы вынік аднаўлення дыялогу з беларускім рэжымам пад атрыманне абяцанняў ад Лукашэнкі і паспяховае сканчэнне новага раунда «гандлю закладнікамі» - вызваленне палітвязняў у абмен на выдачу новых заходніх крэдытаў. Вектар настрояў сярод еўрапейскіх дыпламатаў цяпер відавочна рухаецца ў гэты бок, нягледзячы на папярэджанні экспэртаў і звароты былых і тых, хто ўсё яшчэ знаходзіцца ў няволі, што гэтая стратэгія - пагібельная для Беларусі.
Зразумела, усе будуць вітаць вызваленне палітычных вязняў, але аднаўленне поўнамаштабнага дыялогу з дыктатарам і прызнанне легітымнасці рэжыму пры адсутнасці сістэмных зменаў у галіне вяршэнства права і дэмакратычных інстытутаў паслужыць толькі ўмацаванню ўлады Лукашэнкі, кансервацыі аўтарытарнага рэжыму і замацаванню звыклага патэрна гандлю закладнікамі. Не пройдзе і года-двух, як адбудзецца новы віток заганнага кола: дыктатар «праесць» новыя крэдыты і набярэ чарговую групу палітвязняў для абмену на новыя грошы ад Захаду.
Як жа выйсці з гэтага заганнага кола і пераадолець «стомленасць Еўропы»?
Па-першае, палітыка міжнароднай супольнасці ў дачыненні да Беларусі не павінна быць сітуацыйнай і рэактыўнай. Наадварот, яна павінна мець стратэгічны характар. Нам уяўляецца, што паспяховая палітыка павінна рэалізоўваць дзве паралельныя і ўзаемадапаўняльныя стратэгіі ўзаемадзеяння з Беларуссю: актывізацыя дыялогу з беларускім грамадствам і ўзмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі. Мы мяркуем, што такая палітыка павінна быць заснаваная на наступных прынцыпах:
1. Мэтай палітыкі павінна быць дасягненне сістэмных зменаў.
2. Стратэгіі павінны быць доўгачасовымі і паслядоўнымі.
3. Дзеянні міжнароднай супольнасці павінны быць актыўнымі.
4. Трэба дамагацца кансалідаванай пазіцыі краін-чальцоў Еўрапейскага Звязу.
Актывізацыя поўнамаштабнага дыялогу з Беларуссю сапраўды неабходная, але не з нелегітымным дыктатарскім рэжымам, а з беларускім грамадствам. Экспэрты справядліва адзначаюць, што аднымі толькі вонкавымі намаганнямі сітуацыю ў Беларусі (ды і ў любой іншай краіне) змяніць у бок дэмакратыі і правоў чалавека немагчыма. Павінен паўстаць унутраны попыт на гэтыя каштоўнасці і актыўнасць грамадства ў прасоўванні да будучыні, пабудаванай на гэтых каштоўнасцях. Аднак падтрымліваць тых, хто ўжо дзейнічае ў гэтым кірунку і спрыяе развіццю ўнутранага попыту на дэмакратыю, міжнародныя актары могуць і павінны.
Мы прапануем некалькі стратэгічных падыходаў для ўзаемадзеяння міжнароднай супольнасці з беларускім грамадствам:
1. Распрацоўка і рэалізацыя эфектыўнай камунікацыйнай стратэгіі;
2. Пашырэнне магчымасцяў для паездак беларускіх грамадзян у іншыя краіны;
3. Пашырэнне падтрымкі незалежнай грамадзянскай супольнасці;
4. Пашырэнне фінансавай падтрымкі актывістам і іхным сем'ям, што зазналі пераслед.
Замест аднаўлення дыялогу з рэжымам без папярэдніх умоў або ў абмен на туманныя абяцанні і замест згоды на скасаванне санкцый у абмен на вызваленне закладнікаў трэба ўзмацняць ціск на рэжым, абапіраючыся на вышэйапісаныя прынцыповыя падыходы і выкарыстоўваючы патрэбу рэжыму ў замежных рэсурсах.
Як мінімум, неабходна заладзіць «пралом» у эканамічных санкцыях і ўключыць ужо ў гэтым годзе ў спіс санкцый ключавыя кампаніі - нафтатрэйдары, якія належаць набліжаным да Лукашэнкі алігархам, заблакаваныя Латвіяй у мінулы раз вясной 2012 года. Шэраг вядомых актывістаў і апазіцыянераў патрабуе пайсці далей і накласці санкцыі на кампаніі, якія гандлююць калійнымі ўгнаеннямі – другая галоўная крыніца паступленняў рэжыму даходаў ад знешняга гандлю.
Ёсць некаторыя рэчы, якіх рабіць нельга ні пры якіх абставінах. Ні ў якім разе нельга аднаўляць поўнамаштабны дыялог з рэжымам без вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных. ЕЗ не мае права абменьваць санкцыі на дыпламатычнае паляпшэнне стасункаў, у той час як людзі ў зняволенні зазнаюць знявагу і катаванне і губляюць здароўе. Акрамя таго, найважнейшай папярэдняй умовай для аднаўлення дыялогу павінна стаць неадкладнае спыненне ціску на грамадзянскую супольнасць і рэпрэсіі ў дачыненні да грамадства ў цэлым.
Вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных зняволеных не павінны стаць канчатковым пунктам патрабавання да рэжыму Лукашэнкі. Пашырэнне распачатага пасля гэтага дыялогу павінна быць пакрокавым. У аснову крокаў са стараны Еўразвязу павінна быць пакладзенае выкананне беларускімі ўладамі канкрэтных патрабаванняў у галіне вяршэнства права, захавання міжнародных абавязанняў у сферы правоў чалавека і аднаўлення дэмакратычных інстытутаў. Найлепшым інструментам для гэтага можа паслужыць «дарожная карта пераменаў», якая змяшчае вымяральныя вынікі. Прынцыпы такой карты змяшчаюцца i ў «прамежкавым дакуменце Еўрапейскага звязу», і ў прапановах міжнароднай грамадзянскай супольнасці.
Правядзенне сумленных і свабодных выбараў і аднаўленне ў выніку гэтага легітымнасці ўлады павінна стаць не першым, а канчатковым этапам на гэтым шляху, бо без свабодных СМІ, незалежнага суду, гарантый свабоднай дзейнасці грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі ўсялякія выбары зноў ператворацца ў фарс ды імітацыю.