Чыж будуе «Аўдзі-цэнтр» на месцы зялёнай зоны
34- 13.06.2013, 17:16
- 71,059
Чарговы скандал разгараецца вакол «Трайпла».
У Менску на месцы зялёнай зоны пабудуюць аўтацэнтр. Ініцыятар прыроднага вандалізму - беларуская кампанія «Трайпл», якая належыць набліжанаму да Лукашэнкі алігарху Юрыю Чыжу, паведамляе «Белсат».
Жыхар сталічнага мікрараёна Уручча Вячаслаў Піліпук мае намер адправіць скаргу ў нямецкі офіс Audi AG з нагоды будаўніцтва аўтацэнтра кампаніі на месцы зялёнай зоны.
12 чэрвеня на месцы будучага аўтацэнтра адбылася цэрымонія закладкі капсулы з пасланнем нашчадкам. Будаўніцтва вядзецца на месцы хвойнай лесапаласы, якая агароджвае жылыя дамы ад шуму і выхлапаў праспекта Незалежнасці. Частка дрэў ужо спілаваная, і высечка працягвалася нават падчас цэрымоніі закладкі капсулы. У каментары БелаПАН прадстаўнік аддзела збыту ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе кампаніі Audi AG заявіў, што «не валодае дастатковымі ведамі ў прававой сферы» і не ведае, як вырашаюцца праблемы з высечкай дрэў у Беларусі.
Пры гэтым, паводле яго слоў, пры адкрыцці дылерскіх цэнтраў у Расеі, Украіне, Славакіі, Венгрыі, Румыніі такіх праблем не ўзнікала альбо яны вырашаліся яшчэ да пачатку будаўніцтва. «Для гэтага ёсць адпаведныя спецыялісты, якія знаходзяцца на месцы і ў стане вырашаць падобныя пытанні», - адзначыў прадстаўнік Audi AG. Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Юрый Трушчанка ўпэўнены, што будаўніцтва аўтацэнтра ва Уруччы вядзецца законна. Паводле яго слоў, грамадскія слуханні па гэтым пытанні адбыліся, аднак чыноўнік не змог назваць даты іх правядзення. Пры гэтым Трушчанка адзначыў, што адміністрацыя Першамайскага раёна «не пярэчыць супраць рэалізацыі праекта».
Па словах Уладзіслава Туркіна, гендырэктара ТАА «Аўтасалон-AV» - імпарцёра аўтамабіляў Audi у Беларусі, для будаўніцтва аўтацэнтра разглядаліся яшчэ дзве пляцоўкі. Адна з іх знаходзілася недалёка ад вуліцы Сярова, дзе размешчаны дзеючы аўтацэнтр кампаніі, другая - недалёка ад абранай пляцоўкі ва Уруччы, аднак «там па праекце будзе будавацца гандлёвы цэнтр». «Я не праекціроўшчык, але ўпэўнены на 100%, што праект прайшоў экспертызу і кампенсацыя гораду была прыстойнай за кожнае ссечанае дрэва», - сказаў Туркін.
Паводле яго слоў, недалёка ад аўтацэнтра таксама плануецца пабудаваць вялікі стадыён, таму, на яго думку, дрэвы ўсё роўна былі б спілаваныя. Мясцовы жыхар Вячаслаў Піліпук усведамляе, што выратаваць лесапаласу яму ўжо не атрымаецца, аднак ён мае намер звярнуцца ў нямецкі офіс Audi AG і паведаміць пра высечку дрэў на месцы будучага аўтацэнтра кампаніі. Піліпук таксама плануе адправіць скаргу на высечку дрэў старшыні Менгарвыканкама Мікалаю Ладуцьку.
Будаўніцтва новага аўтацэнтра плануецца завяршыць да чэрвеня 2014 года. Агульная плошча адведзенага пад будаўніцтва ўчастка складае 17 тыс. кв. метраў, плошча самога цэнтра - 6 тыс. кв. метраў.
Нагадаем, дзеля выгады ад супрацоўніцтва з інвестарамі ўлады знішчаюць зялёныя масівы Менска. З апошніх гучных выпадкаў - высечка парку 40-годдзя Кастрычніка. На тэрыторыі парку кітайскі інвестар плануе ўзвесці гасцінічны комплекс «Пекін». Прадугледжаная высечка больш 300 дрэў і забудова каля 70% тэрыторыі парку.