25 лiстапада 2024, панядзелак, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Хадаркоўскі: Мой бацька - маральны лідар

11

Пуціну будзе цяжка пратрымацца гэты тэрмін, мяркуе сын палітвязня.

Сын самага вядомага зняволенага ў Расеі ў інтэрв'ю «Deutsche Welle» распавёў пра кантакты з бацькам, пра надзеі і рызыкі, звязаныя з вызваленнем Міхаіла Хадаркоўскага.

Павел Ходорковский: Мой отец - моральный лидер

Павел Хадаркоўскі - сын Міхаіла Хадаркоўскага. Жыве ў ЗША, узначальвае Інстытут сучаснай Расеі. У чэрвені, напярэдадні саміту «вялікай васьмёркі», гэты інстытут правёў у Вашынгтоне форум аб стане спраў з выкананнем правоў чалавека ў Расеі. У інтэрв'ю вашынгтонскаму карэспандэнту DW Крысціне Бэргман Павел Хадаркоўскі даў сваю ацэнку палітычнай сітуацыі ў краіне і распавёў аб стасунках з бацькам.

- Спадар Хадаркоўскі, калі вы ў апошні раз размаўлялі з бацькам?

- Паўтары тыдні таму. На шчасце, у апошнія два гады мы маем магчымасць не толькі пісаць лісты, але і гаварыць праз тэлефон - два разы ў месяц па некалькі хвілін. Ён радуецца таму, што ў Карэліі пацяплела. І песімізму ў дачыненні да свайго лёсу не адчувае.

- Як яго здароўе?

- Ён у парадку. Але мой бацька ніколі не марнуе час на размовы пра сваё здароўе. Ён заўсёды, не зважаючы ні на што, схільны распавядаць, што ўсё цудоўна і не трэба турбавацца.

- Вы пра ўсё гаворыце праз тэлефон ці ў гэтых размовах стараецеся пазбягаць палітычных тэм?

- Я выдатна ведаю, што тэлефонныя размовы праслухоўваюцца і запісваюцца. Але пасля дзесяці гадоў зняволення, што мы можам такое сказаць, каб пагоршыць яго сітуацыю? Мы размаўляем і пра палітыку, але, у асноўным, пра сям'ю. Ён хоча ведаць усе дэталі нашага жыцця, з якога яго вырвалі.

- Ці спадзяецца ваш бацька на вызваленне ў 2014 годзе?

- Ён кажа, што з нецярпеннем чакае кастрычніка 2014. Але ён усведамляе, што з набліжэннем гэтай даты растуць і рызыкі. Вярхоўны суд прызначыў на 6 жніўня слуханні аб пераглядзе пастановы маскоўскага суда. У прэс-рэлізе сказана, што прызначанае судом у Маскве скарачэнне тэрміну не цалкам адпавядае літары закону. Так што, не выключана толькі мінімальнае скарачэнне тэрмінаў майму бацьку і Паўлу Лебедзеву (дзелавому партнёру Хадаркоўскага, асуджанаму разам з ім - Рэд.).

Павел Ходорковский: Мой отец - моральный лидер

- Вы не асцерагаецеся чарговага працэсу?

- Абвінавачванні пакуль не выстаўленыя, ні следчы камітэт, ні пракуратура нічога не дасылалі. Але я ж ведаю, што кажуць пра допыты экспэртаў, якія выказалі сваё меркаванне з нагоды другога працэсу. Многія робяць з гэтага выснову, што пад дываном нешта ладзіцца.

- Якое ў вас складаецца ўражанне, ці карыстаецца яшчэ ваш бацька падтрымкай у Расеі?

- Я б сказаў, «яшчэ» - не тое слова. За апошнія дзесяць гадоў у корані змянілася ўспрыманне майго бацькі, ягонага статусу ў грамадстве. У 2003 годзе, калі справа пачыналася, шмат хто не ведаў, чаму майго бацьку пачалі пераследаваць і што за абвінавачваннямі хаваліся палітычныя матывы. Сёння большасць расейцаў пра гэта выдатна ведаюць. Рэч у тым, што такая практыка закранула шмат якіх людзей. Я, у першую чаргу, маю на ўвазе абвінавачаных у «балотнага справе».

- Але падчас пратэстаў у Маскве плакатаў з патрабаваннем вызваліць вашага бацькі не відаць...

- Пратэсты ў 2012 годзе пачаліся з патрабавання вызваліць палітвязняў, у тым ліку майго бацьку і Паўла Лебедзева.

- У сваёй апошняй кнізе ваш бацька піша, што пасля вызвалення ён не мае намер наўпрост умешвацца ў палітыку ў Расеі. Ён бачыць сябе ў ролі экспэрта. Як ён сабе гэта ўяўляе?

- Майго бацьку сёння ўспрымаюць хутчэй як маральнага лідара, а не як асобу, якая можа аб'яднаць апазіцыю. Напэўна, адзіны шлях да поспеху - гэта супрацоўніцтва ўсіх лідараў, якія імкнуцца да пераменаў. Расейская гісторыя поўная прыкладаў таго, як сумна ўсё заканчваецца, калі ўлада засяроджаная ў руках аднаго правадыра з ягонай ўласнай праграмай.

- Давайце паспрабуем зазірнуць на дзесяць гадоў наперад. Якой вы бачыце Расею?

- Дзесяць гадоў - доўгі тэрмін. Пры цяперашніх тэмпах я ледзь наважваюся на пяць гадоў наперад глядзець. Бліжэйшым часам будзе нямала важных падзей, напрыклад, Алімпійскія гульні ў Сочы. Гэта гіганцкі праект, які можа ў той ці іншы бок паўплываць на імідж Расеі ў свеце. Калі паглядзець на ўнутраныя справы Расеі, то сёлетняя хваля рэпрэсій прычыніцца да далёкіх наступстваў.

Відэа: dw.de

Рэпрэсіі заўсёды выклікаюць агонь у адказ. Кожны раз, калі ўлады прымаюць пастанову пачаць кампанію насаджэння страху сярод насельніцтва, яна натыкаецца на супраціў. Гэта пацвярджае прыклад усіх арабскіх краін, дзе адбыліся рэвалюцыі. І я абсалютна ўпэўнены, што так будзе і ў Расіі. Адным словам, што будзе ў бліжэйшыя дзесяць гадоў, мне невядома, але драматычныя змены адбудуцца ўжо бліжэйшымі гадамі.

- Як доўга застанецца Уладзімір Пуцін на пасадзе прэзідэнта?

- Я думаю, яму цяжка будзе пратрымацца і гэты тэрмін да 2018 года. Па-першае, праз нарастальную незадаволенасць у грамадстве. Па-другое, праз эканамічную сітуацыю, якая апошнія гады пасля глабальнага крызісу пагаршаецца. Усё гэта падарвала асновы дамовы паміж грамадствам і ўладай. Дамова ў тым, што грамадства не ўмешваецца ў палітыку, а ўлада ў адказ гарантуе рост дабрабыту. Але росту больш няма, і гэта будзе набліжаць перамены ў грамадстве.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках