26 лiстапада 2024, aўторак, 9:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кампанія Чыжа парушае нафтавае пагадненне з Расеяй?

32

Дзейнасць СЗАТ «Энерга-Ойл» парушае дамовы з Расеяй аб пастаўках нафты ў Беларусь.

Прыватная СЗАТ «Энэрга-Ойл» (былы «Трайпл-Энэрга») у парушэнне пагадненняў Беларусі і Расеі атрымала квоту ААТ «Сургутнефтегаз» на перапрацоўку нафты на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах (НПЗ) на ўмовах толінгу (давальніцкай перапрацоўкі).

У распараджэнне charter97.org трапіў дакумент з размеркаваннем расейскай нафты па беларускіх НПЗ на ліпень.

Згодна з дакументам, СЗАТ «Энерга-Ойл» у наступным месяцы атрымлівае права на перапрацоўку 129,25 тыс тон нафты, якая пастаўляецца расейскім ААТ «Сургутнефтегаз».

Нагадаем, у 2011 годзе Беларусь і Расея падпісалі пагадненне аб пастаўках давальніцкай сыравіны на беларускія НПЗ. Расейскія кампаніі (ААТ «Сургутнефтегаз», ААТ «Роснефть», ААТ «Лукойл», ААТ «Газпром нефть», ААТ «ТНК-ВР», ААТ «Татнефть», ААТ НК «Русснефть», ААТ «Башнефть») у адпаведнасці з двухбаковымі дамоўленасцямі маюць права на да 50% нафты, якая пастаўляецца на перапрацоўку на беларускія НПЗ на давальніцкіх умовах. У адпаведнасці з пратаколам ўзгаднення ўмоваў пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь на 2012-2015 гады права на давальніцкую перапрацоўку маюць толькі даччыныя арганізацыі расейскіх нафтавых кампаній.

У сувязі з адсутнасцю даччыных прадпрыемстваў у «Сургутнефтгаза» і «Роснефть» ў 2012 годзе была прынятая пастанова аб тым, што 20% сваёй нафтавай квоты гэтыя кампаніі могуць пераўступіць іншым аператарам, якія пастаўляюць нафту ў Беларусь.

Якое дачыненне кампанія алігарха Юрыя Чыжа мае да расейскіх пастаўнікаў нафты - невядома, аднак новы бізнэс настолькі паспяховы, што паводле вынікаў 1 квартала 2013 СЗАТ «Энерга-Ойл» увайшло ў дзесятку найбуйнейшых падаткаплатнікаў Менска.

Кампанія «Энерга-Ойл» раней называлася «Трайпл-Энерга» і ўжо апыналася ў цэнтры скандалу ў 2012 годзе. Менавіта гэтая фірма пастаўляла ў Беларусь так званы біядызель (у звычайную расейскую салярку дадавалі нязначную колькасць біякампанентаў, а атрыманы прадукт адпраўлялі на экспарт пад выглядам біядызеля без выплаты расейскай экспартнай мыты).

Мы паспрабавалі афіцыйна пацвердзіць атрыманую інфармацыю, аднак у ААТ «Сургутнефтегаз» журналісту charter97.org адмовіліся камэнтаваць, спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу, у канцэрне «Белнафтахім» паведамілі, што прэс-сакратарка ў адпачынку і ніхто не будзе ў яе адсутнасць каментаваць гэтую інфармацыю, а у СЗАТ «Энерга-Ойл», выслухаўшы пытанне, проста кінулі слухаўку.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках