МЗС Літвы: Макея запросяць у Вільню
49- 9.06.2013, 13:36
- 26,267
Візавыя санкцыі супраць Уладзіміра Макея могуць зняць на перыяд, пакуль ён будзе займаць пасаду міністра замежных спраў Беларусі.
Пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Літвы Андрус Крывас, перадае Polskie radio. Ён адзначыў, што Ўладзімір Макей зможа прыбыць на саміт «Усходняга партнёрства» у Вільню.
«Міністр замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей, супраць якога былі ўведзеныя візавыя абмежаванні з боку ЕЗ, зможа ўзяць удзел у пасяджэнні кіраўнікоў МЗС краін« Усходняга партнёрства», якое адбудзецца 22 ліпеня ў Брусэлі», - заявіў Андрус Крывас.
Ён таксама адзначыў, што візавыя санкцыі ў дачыненні да Макея будуць знятыя на той перыяд часу, пакуль ён знаходзіцца на пасадзе міністра замежных спраў.
Нагадаем, міністр замежных спраў Беларусі знаходзіцца ў спісе чыноўнікаў і алігархаў, супраць якіх уведзеныя санкцыі праз рэпрэсіі ў нашай краіне. Яму забаронены ўезд у краіны Еўрапейскага Звязу і ў ЗША. Некаторыя еўрапейскія чыноўнікі раней заяўлялі пра тое, што Макею могуць дазволіць уезд у ЕЗ. Гэтая ідэя была скрытыкаваная як з боку беларускай апазіцыі, так і з боку ўплывовых праваабарончых арганізацый.
Уладзімір Макей, якога сёй-той падае як ці не галоўнага «ліберала» сярод беларускіх чыноўнікаў, - выхадзец з спецслужбаў і сыграў адну з галоўных роляў як у правакацыі 19 снежня 2010 года, так і ў наступных. Калі перад выбарамі 2006 года беларусаў, якія пратэставалі супраць фальсіфікацый, палохаў асабіста старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка, то ў 2010 годзе ўдзельнікаў Плошчы запалохваў тэрактамі сам кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Макей.