24 лiстапада 2024, Нядзеля, 17:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Якаўлеўскі: У Менск прыедуць рэвізоры з ЕЗ

11
Раман Якаўлеўскі: У Менск прыедуць рэвізоры з ЕЗ

Не варта разлічваць на вызваленне палітвязняў пасля візіту Макея ў Брусэль.

Такое меркаванне палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі выказаў сайту charter97.org, каментуючы вынікі візіту кіраўніка МЗС Беларусі ў Брусэль.

«Я нагадаю, што Карл Більт сказаў пра жаданне паслухаць Макея, а міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус станоўча ацаніў тое, што кіраўнік МЗС Беларусі слухаў моўчкі і не вучыў жыццю іншых, як гэта звычайна здараецца. Я спадзяюся, што ў Брусэлі ад візіту Макея не аслеплі і не аглухлі», - сказаў Раман Якаўлеўскі.

Ён падкрэсліў, што па некаторых дадзеных, пасля гэтага візіту ў Менск пацягнецца цэлы ланцужок шэраговых чыноўнікаў з розных краін Еўразвяза, у тым ліку з Бруселя.

«Я думаю, што на гэтым ці на наступным тыдні яны пачнуць з'яўляцца. На мой погляд, яны будуць выконваць ролю рэвізораў, і будуць рыхтаваць справаздачы пра тое, што Макей нагаварыў ім там, пра што нам, дарэчы, невядома, і ці змянілася на самой справе сітуацыя», - заявіў палітычны аглядальнік.

Ён таксама адзначыў, што ў верасні міністр замежных спраў Беларусі павінен з'явіцца ў Ерэване на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Усходняга партнёрства.

«Як раз тады ў Бруселі ўжо начытаюцца справаздач сваіх пасланцаў у Менску. Што з гэтага атрымаецца, цяжка меркаваць. Але я ніякага аптымізму наконт пазіцыі афіцыйнага Менска не маю і, на мой погляд, яна застаецца нязменнай, а гэта не можа задавальняць Брусель. Палітвязні застаюцца ў турмах, а іх вызваленне і рэабілітацыя - гэта галоўная ўмова. Дарэчы, Макей кажа «ультыматум», але гэта менавіта ўмова і гэта нармальна, калі адносіны наладжваюць на пэўных умовах. Афіцыйнаму Менску вельмі цяжка іх выконваць, і ён наогул хацеў б не бачыць іх», - упэўнены Раман Якаўлеўскі.

Нагадаем, 22 ліпеня Уладзімір Макей прымаў удзел у сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін «Усходняга партнёрства». У дачыненні да кіраўніка МЗС Беларусі нядаўна былі прыпыненыя санкцыі ЕЗ. Міжнародная федэрацыя правоў чалавека ў Брусэлі правяла акцыі пратэсту да яго прыезду ў Брусэль.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках