СК Беларусі пагражае расейскаму алігарху Керымаву
69- 26.08.2013, 15:35
- 54,061
Следчы камітэт заявіў пра «варожыя планы» кіраўніцтва «Уралкалію».
«Частка дадзеных, якія маюцца ў распараджэнні следства, пралівае святло і на варожыя планы менеджменту «Уралкалію» ў дачыненні да ізраільскіх, нямецкіх і канадскіх вытворцаў калію», - заявіў БелТА начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю СК Беларусі Павел Траулька.
«Прычым папярэдняя ацэнка дадзеных матэрыялаў паказвае, што гаворка ідзе не пра нармальную канкурэнтную барацьбу, якая вядзецца ў рамках закона, а пра супрацьпраўныя планы, ад якіх за вярсту цягне маштабным аферызмам і міжнародным рэйдарствам», - адзначыў ён.
«Прывяду толькі адзін факт - сцэнар таго, што адбылося цяпер, быў распрацаваны фігурантамі справы яшчэ ў 2011 годзе. Ужо тады вынікам сваіх дзеянняў яны прагназавалі абвал сусветнага калійнага рынку і рыхтавалі ўмовы для атрымання максімальнай выгады для сябе, - сказаў ён. - У цэлым жа хачу сказаць - ёсць усе падставы сцвярджаць, што ў бліжэйшы час у распараджэнні следства з'явяцца новыя факты супрацьпраўнай дзейнасці абвінавачаных. На прадмет датычнасці да супрацьпраўнай дзейнасці даецца прававая ацэнка дзеянням і іншых асоб, у тым ліку аднаму з акцыянераў «Уралкалію» Сулейману Керымаву.
«Сёння нават неспецыялісту відавочна - дзеянні «Уралкалію» з'явіліся землятрусам для сусветнага калійнага рынку. Следчы камітэт, натуральна, турбуе, перш за ўсё, злачынствы супраць нашых суб'ектаў гаспадарання і дзеянні, якiя нанеслi шкоду беларускаму народу», - сказаў прадстаўнік СК.
«Менавіта па гэтых канкрэтных фактах распачатыя і расследуюцца адпаведныя крымінальныя справы. Аднак у ходзе расследавання ў распараджэнне беларускіх праваахоўных органаў трапіла шмат іншых фактаў пра, мякка кажучы, сумніўныя дзеянні абвінавачаных топ-мэнэджараў, не толькі супраць беларусаў, але і супраць расейскіх банкаў, кітайскіх фінансавых структур і многіх іншых замежных партнёраў», - падкрэсліў Траулька.
Па словах прадстаўніка СК, цяпер абвінавачаныя асобы разыгралі «шматхадоўку», піша «Інтэрфакс».
«Фактычна яны вялі двайную, а дакладней трайную гульню, падманваючы ў карыслівых інтарэсах не толькі беларускі бок, але і, як сведчаць факты, расейскіх акцыянераў - падкрэсліў прэс-сакратар. Гаворка ідзе не пра асобныя злачынныя эпізоды. Праваахоўнымі органамі раскрытая цэлая злачынная схема і тонка прадуманая стратэгія, разлічаная на рэалізацыю на працягу многіх гадоў».
Ён адзначыў, што ўсё пачалося з «засяроджвання ў руках вузкай групы топ-мэнэджэраў, звязаных з акцыянерамі «Уралкалію», усіх нітак кіравання збытам калію і ізаляцыі беларускага боку ад любой важнай інфармацыі». Траулька заявіў, што мэтай гэтага было «замкнуць» на сябе ўсе фінансавыя патокі і асноўных гандлёвых партнёраў на ключавых рынках. «Калі ты аднаасобна валодаеш сакрэтнай камерцыйнай інфармацыяй, то можаш лёгка, а галоўнае, беспакарана выбудоўваць самыя разнастайныя жульніцкія фінансавыя схемы», - растлумачыў ён.
Па словах афіцыйнага прадстаўніка беларускага СК, у выніку «супрацоўнікі ЗАТ «БКК»Пятроў, Саладоўнікаў, Еўстратаў, Самойлаў і іншыя - усе яны адначасова з'яўляюцца супрацоўнікамі «Уралкалію», дзейнічаючы «па многіх пытаннях у цеснай звязцы з Баўмгертнерам», хавалі сапраўдныя памеры зніжак і прэферэнцый для пакупнікоў, прыніжалі рэальныя кошты, па якіх збывалася прадукцыя, накіроўвалі фінансавыя патокі праз падкантрольныя фірмы, зацягвалі ў сваіх інтарэсах аплату за пастаўлены тавар.