Дзіцячы доктар распавёў аб прымусовай псіхіятрыі ў Віцебску
77- 6.08.2013, 8:53
- 85,650
Шакавальнымі фактамі аб прымусовым лячэнні ў Беларусі падзяліўся вядомы віцебскі ўрач.
Ігар Пастноў ужо неаднаразова выступаў з крытыкай кіраўніцтва Віцебскай абласной клінічнай псіхіятрычнай бальніцы, дзе ён працуе, і абласных уладаў. З-за гэтага ён падвяргаўся ціску. Учора доктар выступіў з новым відэазваротам. У ім ён распавядае пра незадаволенасць ідэолага лячэбнай установы яго актыўнасцю ў інтэрнэце.
Акрамя таго, Ігар Пастноў падзяліўся інфармацыяй аб прымусовай шпіталізацыі жыхароў Віцебскай вобласці. Паводле яго слоў, яна праводзіцца пасля адпаведнай пастановы кіраўніка аблвыканкама Аляксандра Касінца, пішуць «Народные новости Витебска».
У дакуменце гаворыцца пра правядзенне кадавання ад алкагалізму ў дачыненні да работнікаў сельскай гаспадаркі, пацыентаў ЛПП, асоб без пэўнага месца жыхарства.
«Сацыяльна-няшчасных людзей прывозілі пачкамі. Гэта можа праверыць пракуратура па гісторыям хвароб. Прывозілі без іх згоды», - кажа ён.
Доктар адзначае, што неабходныя подпісы пад дакументамі ёсць, аднак ён упэўнены, што яны альбо фальшывыя, альбо зробленыя пад ціскам.
«Людзей хапаюць на вуліцах, вязуць у абласную псіхіятрычную бальніцу і трымаюць там 21 дзень», - кажа доктар.
Ігар Пастноў распавёў і пра тое, што шэраг фактаў парушэнняў правоў пацыентаў быў выяўлены спецыяльнай камісіяй Міністэрства аховы здароўя, якая знаходзілася з праверкай ў абласной псіхіятрычнай бальніцы.