26 лiстапада 2024, aўторак, 3:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацбанк не будзе стрымліваць курс рубля

154
Нацбанк не будзе стрымліваць курс рубля

Пры захаванні больш высокага попыту на валюту над прапановай працягнецца і паслабленне беларускага рубля.

Пра гэта заявіла старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА 18 верасня.

Курс даляра на канец года

Адказваючы на пытанне, якім яна бачыць курс даляра на канец года, Надзея Ермакова адказала, што «ва ўмовах плаваючага курсу беларускага рубля казаць пра нейкія канкрэтныя значэнні на пэўную дату не зусім правільна. Можна даць толькі ацэнку магчымай дынамікі курсу з улікам фактараў, якія ўплываюць на попыт і прапанову замежнай валюты на біржы».

«Паслабленне курсу беларускага рубля, якое мы назіраем у апошні час, звязанае з перавышэннем попыту над прапановай у сілу сітуацыі, якая складваецца ў знешнім гандлі, і змены паводзінаў насельніцтва», - заявіла яна.

«Далейшая дынаміка курсу будзе залежаць ад развіцця макраэканамічнай сітуацыі ў краіне. Пры захаванні больш высокага попыту на валюту над прапановай працягнецца і паслабленне беларускага рубля - наўмысна стрымліваць курс Нацыянальны банк не будзе. Пастаўленая перад ім задача - толькі абмяжоўваць рэзкія курсавыя ваганні на валютным рынку», - лічыць старшыня Нацбанка.

«У той жа час для праламлення дадзеных тэндэнцый Нацыянальны банк прыняў цэлы шэраг мер, у тым ліку па павышэнні адсоткавых ставак у эканоміцы», - нагадала Надзея Ермакова.

Стаўка рэфінансавання

Па словах Надзеі Ермаковай, «з высокай доляй верагоднасці можна казаць, што Нацыянальнаму банку прыйдзецца падтрымліваць больш высокі ўзровень стаўкі рэфінансавання, чым гэта планавалася ў адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2013 год».

Адток рублёвых дэпазітаў

Надзея Ермакова вымушаная была прызнаць, што тэндэнцыя адтоку рублёвых дэпазітаў, якая азначылася ў чэрвені-ліпені 2013 года, захавалася. Як заявіла старшыня Нацбанка, «прынятыя Нацыянальным банкам аператыўныя меры па павышэнні ставак на грашовым рынку далі станоўчы вынік. Аднак паляпшэнне сітуацыі, якое назіралася ў жніўні, было недастаткова ўстойлівым, і ўжо ў пачатку верасня ператок рублёвых укладаў у валютныя дэпазіты аднавіўся. Гэта запатрабавала дадатковых мер з боку Нацыянальнага банка, у тым ліку па далейшаму павышэнню даходнасці рублёвых дэпазітаў».

Пра новы крэдыт МВФ

«На думку экспертаў МВФ, магчымасць новай фінансавай праграмы з Беларуссю захоўваецца, і адным з ключавых пытанняў для пачатку перамоваў з'яўляецца выпрацоўка комплекснага плана правядзення маштабных структурных пераўтварэнняў, а таксама правядзенне жорсткай грашова-крэдытнай і бюджэтна-падатковай палітыкі», - заявіла Надзея Ермакова.

«Урад і Нацыянальны банк прадоўжаць дэталёвае абмеркаванне з МВФ далейшых крокаў у галіне структурных рэформаў, у прыватнасці канкрэтнага пераліку мер, які б у поўнай меры ўзгадняўся з асноўнымі мэтамі і прыярытэтамі эканамічнай палітыкі нашай дзяржавы», - сказала старшыня Нацбанка.

Што тычыцца лічбаў, то па стане на 1 верасня 2013 года Рэспублікай Беларусь выплачана па асноўнай пазыке крэдыту «стэнд-бай» $1,4 млрд., па адсотках і іншых плацяжах - $280 млн. Астатняя запазычанасць па асноўнай пазыке складае $2,0 млрд. і пагашаецца штоквартальна да канца 2015 года.

Шосты транш крэдыту АКФ ЕўрАзЭС

«Новым кантрольным паказчыкам для прадастаўлення Беларусі шостага траншу крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС стаў параметр па прыросце патрабаванняў банкаў да эканомікі, як адзін з найважнейшых манетарных паказчыкаў, якія характарызуюць сітуацыю ў грашова-крэдытнай сферы. Разам з тым прыняцце рашэння аб выдзяленні Беларусі шостага траншу крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС будзе залежаць ад выканання цэлага пераліку кантрольных і індыкатыўных манетарных і бюджэтна-падатковых паказчыкаў, а таксама мер, якія прымаюцца ўрадам і Нацыянальным банкам, накіраваных на падтрыманне макраэканамічнай стабільнасці ў краіне», - кажа Надзея Ермакова.

«У цяперашні час большасць кантраляваных праграмай Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС паказчыкаў выконваецца, усе дзеянні ўрада і Нацбанка накіраваныя на падтрыманне ўстойлівай сітуацыі ў эканоміцы, на валютным рынку і ў грашова-крэдытнай сферы. Гэта дае падставу разлічваць на своечасовае атрыманне Рэспублікай Беларусь шостага траншу крэдыту фонду», - мяркуе старшыня Нацбанка.

Дэнамінацыя

«Пакуль не магу сказаць, чакаецца ці не, але ўжо прыходзім да таго, што дэнамінацыю трэба рабіць. Трэба яшчэ вызначыць, калі яна будзе. Раней думалі, што інфляцыя будзе зніжацца і ў наступным годзе надыдзе перыяд, калі маглі б падысці да дэнамінацыі. Але, на жаль, іншыя фактары на валютным рынку нас пакуль стрымліваюць, таму я не магу абяцаць абавязковую дэнамінацыю ў 2014 годзе. Будзем лічыць, шукаць варыянты. Спецыялісты вызначаюць, калі надыдзе прыдатны перыяд, каб гэта не паўплывала істотна на пытанні дэвальвацыі і больш на інфляцыю», - заявіла Надзея Ермакова.

$100 з носа

«Трэба пралічыць, для каго гэтую пошліну ўводзіць. Для тых, хто мае дадатковы даход, хто ад гэтага даходу не плаціць падаткі, можа быць, такая пошліна і патрэбная. Гэта трэба пралічыць. Адназначна нельга падыходзіць да гэтага пытання: гэта значыць ва ўсіх, хто едзе, забраць - так нельга. Асабіста я не люблю ездзіць за мяжу і езджу толькі ў камандзіроўкі», - лічыць старшыня Нацбанка.

Дэвальвацыя ўжо ідзе

«Паступовая дэвальвацыя ў нас ідзе. Хоць у прынцыпе, паступовая і плыўная дэвальвацыя назіраецца ва ўсіх краінах: той жа даляр пастаянна дэвальвуецца, ён не стаіць на месцы. Гэта ж тычыцца і еўра, і любой іншай валюты. Таму сказаць адназначна, што мы пойдзем ў адваротны бок - што ў нас будзе рэвальвацыя - я не магу», - сказала Надзея Ермакова.

«Іншая справа - мы не павінны дапусціць разавай дэвальвацыі - гэта будзе згубна для эканомікі. Яна не дала таго выніку, які мы хацелі б атрымаць. Напэўна, яна ў прынцыпе рэдка дае чаканы вынік. Таму бягучая плыўная дэвальвацыя, якая прадугледжаная зыходзячы з сярэдняга курсу рубля, які павінен працаваць у эканоміцы (тое, што мы казалі пра Br9 500), гэта таксама і ёсць дэвальвацыя», - адзначыла Ермакова.

Напісаць каментар 154

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках