25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Партыя Меркель атрымала пераканаўчую перамогу на выбарах у Бундэстаг

2
Партыя Меркель атрымала пераканаўчую перамогу на выбарах у Бундэстаг

Пытанне аб складзе ўрада застаецца адкрытым.

Паводле папярэдніх афіцыйных вынікаў выбараў у бундэстаг, якія прайшлі ў Германіі ў нядзелю, 22 верасня, больш за ўсё галасоў выбаршчыкаў атрымаў блок Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) і Хрысціянска-сацыяльнага саюза (ХСС). За партыю канцлера Ангелы Меркель прагаласавалі 41,5 адсотка выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у выбарах. Гэта найлепшы вынік ХДС/ХСС за апошнія 20 гадоў. На другім месцы - Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ) з 25,7 адсотка галасоў. Акрамя таго, у бундэстаг прайшлі Левая партыя (8,6%) і партыя «Саюз-90»/«зялёныя» (8,4%), якія пераадолелі 5- адсоткавы бар'ер, паведамляе Deutsche Welle.

Фіяска свабодных дэмакратаў

Правальнымі выбары можна лічыць для зараз ужо былых партнёраў ХДС/ХСС па кіруючай кааліцыі - Свабоднай дэмакратычнай партыі (СвДП). Свабодныя дэмакраты завяршылі барацьбу з найгоршым вынікам за ўсю партыйную гісторыю ўдзелу ў парламенцкіх выбарах, не пераадолеўшы 5-адсоткавы бар'ер (4,8 адсотка галасоў). Адказнасць за паражэнне ўзяў на сябе старшыня СвДП Філіп Рослер (Philipp Rösler), назваўшы вынікі выбараў «самымі горкімі і сумнымі» для сябе і сваіх аднапартыйцаў.

Акрамя свабодных дэмакратаў, за крок ад дзвярэй у Бундэстаг спынілася і партыя нямецкіх еўраскептыкаў «Альтэрнатыва для Германіі». Упершыню ўдзельнічаючы ў выбарах, яна набрала, па афіцыйных папярэдніх выніках, 4,7 адсотка галасоў.

Галоўная інтрыга: склад ураду

Ужо вечарам у нядзелю старшыню ХДС і канцлера Германіі Ангелу Меркель (Angela Merkel) павіншавалі з пераканаўчай перамогай прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд і старшыня Еўрапейскай рады Херман ван Рампей. Аднак блоку кансерватыўных партый не ўдалося атрымаць абсалютнай большасці ў парламенце, што, адпаведна, дазволіла б ім аднаасобна сфармаваць новы ўрад.

Найбольш верагодным варыянтам, на думку экспертаў, з'яўляецца стварэнне «вялікай кааліцыі» - урада, які складаецца з прадстаўнікоў ХДС/ХСС і сацыял-дэмакратаў. Менш чаканыя, але тэарэтычна магчымыя, чырвона-чырвона-зялёная (па колерах партыйнай сімволікі) кааліцыя СДПГ, левых і «Саюза-90»/«зялёных» або чорна-зялёная кааліцыя ХДС/ХСС з «зялёнымі».

Яўка на парламенцкія выбары ў Германіі 2013 года склала 71,5 адсотка выбаршчыкаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках