Алесю Бяляцкаму - 51 год
11- 25.09.2013, 10:36
- 9,538
Палітвязень адзначае свой дзень народзінаў у калоніі.
Сёння спаўняецца 51 год вядомаму беларускаму праваабаронцу, віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўніку закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесю Бяляцкаму. Свой чарговы дзень народзінаў палітвязень сустракае ў калоніі.
Нагадаем, праваабаронца быў затрыманы ў Менску вечарам 4 жніўня 2011 года. У той жа вечар у яго кватэры, на лецішчы і ў офісе цэнтра «Вясна» прайшлі ператрусы. 12 жніўня Бяляцкаму прад'явілі абвінавачванне па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Падставай для распачынання крымінальнага пераследу стала інфармацыя аб рахунках праваабаронцы ў літоўскім і польскім банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы ў рамках дамоваў аб прававой дапамозе з Беларуссю.
На замежныя рахункі Бяляцкага паступалі грошы ад міжнародных арганізацый, якія выкарыстоўваліся для аказання дапамогі рэпрэсаваным грамадзянам Беларусі і іх сем'ям.
У Вільні і Варшаве заявілі, што Менск злоўжыў механізмам міжнароднай прававой дапамогі для расправы з праваабаронцам. Літва і Польшча папрасілі прабачэння ў Бяляцкага і яго родных, а таксама прыпынілі дзеянне пагадненняў аб прававой дапамозе з Беларуссю. Некалькі чыноўнікаў літоўскага Мінюста і польскай Генпракуратуры пазбавіліся сваіх пасадаў.
24 лістапада 2011 года Бяляцкага прысудзілі да 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй.
Вызвалення Алеся Бяляцкага запатрабавалі ад афіцыйнага Менска аўтарытэтныя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, кіраўніцтва Еўразвяза, ЗША і многіх іншых краін свету.
Са словамі віншавання і падтрымкі да беларускага праваабаронцы звярнуліся многія сябры FIDH з розных краін свету, а таксама супрацоўнікі Міжнароднага сакратарыяту арганізацыі, які знаходзіцца ў Парыжы.
Каб падтрымаць Алеся Бяляцкага, можна адправіць яму ліст ці паштоўку на наступны адрас: 213800, Бабруйск, вуліца Сікорскага 1, калонія №2.