У Менску затрымалі ўдзельнікаў марафону ў майках «Свабоду Статкевічу»
10- 28.09.2013, 14:06
- 18,124
Да журналістаў падышлі спецназаўцы і прапанавалі прайсці за імі.
Інцыдэнт адбыўся 28 верасня на першым сталічным фестывалі бегу «Кубак выкліку», арганізаваным пры ўдзеле зорак беларускага спорту Аляксандры Герасімені і Аліны Талай, перадае «Еўрарадыё».
Да чатырох удзельнікаў акцыі - журналістам рэсурсу «Серабранка.бай», якія рыхтаваліся да старту карпаратыўнай эстафеты, падышлі спецназаўцы і вывелі іх за межы манежу.
Некалькі дзён таму на прэс-канферэнцыі Аляксандра Герасіменя патлумачыла назву фестывалю «Кубак выкліку».
- Гэта выклік, перш за ўсё, сабе. Падняцца і прымусіць сябе зрабіць прабежку. Мы дзівімся, чаму ў іншых краінах людзі прыходзяць на марафоны і яшчэ плацяць за гэта грошы. У нас, на жаль, цэнтралізавана вывозяць і прымушаюць удзельнічаць, - падкрэсліла спартсменка добраахвотны характар ўдзелу ў фестывалі. - Не раз чула ад замежнікаў, што ў нас чамусьці людзі панурыя, не ўсміхаюцца.
Спартсменка паабяцала, што ўдзел у суботнім фестывалі бегу падорыць народу станоўчыя эмоцыі.