24 лiстапада 2024, Нядзеля, 14:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ёрг Форбрыг: ЕЗ павінен увесці эканамічныя санкцыі супраць Лукашэнкі

48
Ёрг Форбрыг: ЕЗ павінен увесці эканамічныя санкцыі супраць Лукашэнкі

Маючы справы з Беларуссю, бойцеся захопу закладнікаў.

Еўрапейскія палітыкі, якія вярнуліся з летніх вакацый, са здзіўленнем глядзяць на дзіўную гандлёвую вайну, якая разгарнулася паміж некалі былымі, а афіцыйна пакуль яшчэ брацкімі дзяржавамі Беларуссю і Расеяй. Спрэчка экспарцёраў калію - ключавога кампанента для вырабу ўгнаенняў ва ўсім свеце - прыняла драматычны абарот на мінулым тыдні, калі ў Менску быў арыштаваны кіраўнік «Уралкалію» - адной з найбуйнейшых расейскіх кампаній, піша ў брусэльскім выданні EUobserver дырэктар Фонду для дэмакратыі ў Беларусі ў Нямецкім фондзе Маршала Ёрг Форбрыг (пераклад - charter97.org).

Гэта ўзмацненне напружанасці выйшла далёка за рамкі нязгодаў з нагоды нафты, газу, малака і мяса, якія ўспыхвалі паміж дзвюма краінамі за апошнія гады. Адказнасць за апошнюю эскалацыю цалкам кладзецца на беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку, больш вядомага ў якасці «апошняга дыктатара Еўропы».

Калій - найбольш важны прыродны рэсурс для Беларусі. Для таго, каб прадаваць яго ў глабальным маштабе, дзяржаўным прадпрыемствам «Беларуськалій» і расейскай прыватнай фірмай «Уралкалій» у 2005 годзе быў створаны картэль, які кантралюе больш за 2/5 сусветнага попыту на гэтую сыравіну і гарантуе, што кошты на яе будуць вышэй рынкавых.

Атрыманая ад продажу выручка складае каля 10 адсоткаў даходаў ад экспарту і 12 адсоткаў бюджэту беларускага рэжыму, які хранічна мае патрэбу ў грошах. Гэта робіць калій трэцім па велічыні экспарту таварам для Беларусі пасля нафтапрадуктаў і сельскагаспадарчай прадукцыі.

У канцы мінулага года Лукашэнка вырашыў, што Беларусь будзе праводзіць продаж калію самастойна, а не толькі праз сумесны з «Уралкаліем» картэль.

Гэты крок быў выкліканы стратай прыбытку ад экспарту нафтапрадуктаў і спробай кампенсаваць даходы, якія адсутнічалі. Фактычна гэта разбурыла калійны картэль. Афіцыйны разрыў дамоўленасцяў з боку «Уралкалію» стаў толькі пытаннем часу. Ён адбыўся ў канцы ліпеня 2013 года, калі расейская кампанія выйшла з картэлю, забраўшы з сабой асноўныя кантакты і кантракты.

Кошты на сусветным рынку калію знізіліся прыкладна на 25 адсоткаў.

Застаўшыся з вялікай колькасцю сыравіны і адсутнасцю магчымасцяў для яе продажу, Беларусь паспрабавала знайсці новых гандлёвых партнёраў. Калі гэтыя намаганні скончыліся правалам, улады краіны вырашылі прыняць меры ў адказ.

Пад падставай афіцыйных перамоваў з прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам, кіраўніцтва «Уралкалію» было запрошана ў Менск.

Адразу ж пасля бясплоднай сустрэчы, якая адбылася на мінулым тыдні генеральны дырэктар расейскай кампаніі Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы і з таго часу знаходзіцца пад вартай у турме КДБ. Ён стаў закладнікам Лукашэнкі.

Залішне казаць, што гэты беспрэцэдэнтны крок выклікаў гнеў Крамля.

Масква не толькі запатрабавала неадкладнага вызвалення свайго грамадзяніна, але і прыгразіла Менску сур'ёзнымі санкцыямі.

Імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі з Беларусі павінен быць спынены з-за свініны, продаж якой зараз знаходзяцца пад забаронай, і малочных прадуктаў. Расея скароціць пастаўкі нафты на чвэрць, а крэдыт у памеры $440 мільёнаў, запланаваны на восень, можа і не даць.

Гэтыя і іншыя меры ў выпадку іх поўнай рэалізацыі могуць паставіць Беларусь на мяжу эканамічнага і палітычнага калапсу.

Але пакуль беларускі кіраўнік не змяніў свайго рашэння. Замест гэтага ён падліў алею ў агонь, узбудзіўшы крымінальную справу супраць ключавога акцыянера «Уралкалію», алігарха і пратэжэ Крамля, Сулеймана Керымава, і напаўшы на расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна праз сваю прапагандысцкую машыну.

Нягледзячы на лютасць ад такіх зневажанняў, Расея наўрад ці нанясе смяротны або нават сур'ёзны ўдар па рэжыму Лукашэнкі.

Цэнтральнае месца ў бягучым палітычным парадку дня Уладзіміра Пуціна займае стварэнне Еўразійскага саюза - амбіцыйнага праекта па аднаўленні гегемоніі Расеі ў большай частцы постсавецкай прасторы і супрацьдзеянні заходняму ўплыву ў так званым «блізкім замежжы». Ключом да яго поспеху з'яўляецца ўдзел Украіны, і Крэмль ўкладвае значную энергію ў прадухіленне збліжэння Кіева і ЕЗ. Адкрыты канфлікт з Беларуссю, адным з заснавальнікаў саюза, пашкодзіць гэтаму.

У Масквы ёсць усе падставы для таго, каб спусціць на тармазах новую спрэчку і, верагодна, пайсці на частковыя саступкі Менску хаця б на час. Незалежна ад яго далейшай эвалюцыі і, магчыма, вырашэння, гэты канфлікт нясе некалькі важных урокаў.

Па-першае, ён ясна паказвае, у якім адчайным становішчы знаходзіцца рэжым Лукашэнкі. Яго казна пустая. У той жа час значная знешняя запазычанасць патрабуе пагашэння. Для ўтрымання сваіх унутраных апор уладам неабходныя інвестыцыі: сілавікі, усё больш прагныя эліты і насельніцтва чакаюць падачак ў абмен на маўклівую згоду з яго кіраваннем.

Новыя даходы цяжка знайсці, бо беларуская нерэфармаваная эканоміка неканкурэнтназдольная, прыватызацыя была рашуча адхіленая, а міжнародныя крэдыторы імкнуцца не мець спраў з адыёзным кіраўніком.

Лукашэнка загнаны ў кут і вырашыў пайсці ва-банк.

Па-другое, расейскім уладам выразна паказалі, што іх адносіны з беларускім рэжымам з'яўляюцца стратэгічным тупіком, незалежна ад іх формы. Два дзесяцігоддзі палітычнай падтрымкі Лукашэнкі і дзесяткі мільярдаў даляраў у выглядзе субсідый выдаткаваныя на стварэнне драпежнага паразіта, а не надзейнага партнёра.

Яшчэ горш, калі Крэмль дазволіць Лукашэнку выйграць гэтую вайну. Украінскі і казахстанскі лідары Віктар Януковіч і Нурсултан Назарбаеў, якіх абходжвае Масква, могуць пачаць гуляць у тую ж гульню.

Вялікае пытанне, ці патрэбная ёй гэтая група няўстойлівых і дарагіх саюзнікаў для задавальнення сваіх еўразійскіх амбіцый.

Між тым, Еўропа таксама можа зрабіць некаторыя высновы з гэтага канфлікту.

Супакаенне толькі заахвочвае дыктатараў. Еўрапейцы пра гэта занадта добра ведаюць са сваёй гісторыі.

Апошні беларускі напамін прагучаў у той момант, калі еўрапейскія палітыкі зноў разглядаюць магчымасць удзелу ў палітычным дыялогу з Лукашэнкам.

Калі ён шчаслівы ад таго, што прынізіў і выклікаў гнеў Крамля - свайго галоўнага спонсара, - то Еўропе павінна быць відавочна, што ідэі аб уцягванні Менска ва «Усходняе партнёрства» або ў «пакт мадэрнізацыі» ў абмен на палітычныя рэформы асуджаныя на правал.

Замест гэтага ЕЗ павінен падтрымліваць сваю палітыку жорсткай палітычнай ізаляцыі. Варта нават ўзмацніць яе эканамічнымі санкцыямі для таго, каб аказаць рэальны ціск на злачынны рэжым у Менску.

Асноўны контраргумент аб тым, што такая палітыка будзе толькі заганяць Беларусь далей у сферу ўплыву Расеі, толькі што быў абвергнуты.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках