25 лiстапада 2024, панядзелак, 5:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сенатар Рычард Дурбін: Свабоду палітвязням Беларусі

12
Сенатар Рычард Дурбін: Свабоду палітвязням Беларусі

Амерыканскі сенатар выказаў салідарнасць з беларусамі.

Рычард Дурбін выступіў у Кангрэсе ЗША з заявай, прысвечанай сітуацыі ў нашай краіне, перадае «Радыё Свабода».

Сенатар у прыватнасці нагадаў, што 3 гады таму ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, якія былі адзначаныя жорсткай расправай са свабодай выказвання меркаванняў і асноўнымі дэмакратычнымі прынцыпамі.

«Быў пробліск надзеі, што з'явіцца, нарэшце, магчымасць для беларускага народа свабодна выбіраць уласнага прэзідэнта на сумленных і адкрытых выбарах, і беларускі народ больш не будзе трываць пад уладай апошняга дыктатара Еўропы, жорсткага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі. На жаль, гэтыя надзеі хутка развеяліся, калі ён проста зацвердзіў сабе новы прэзідэнцкі тэрмін у ходзе выбараў, апісаных міжнароднымі назіральнікамі як сфальсіфікаваныя», - заявіў Рычард Дурбін.

У ноч выбараў 19 снежня 2010 года сотні беларускіх грамадзян былі збітыя і арыштаваныя, нагадаў кангрэсменам сенатар.

«Дазвольце мне дадаць з вялікай іроніяй і смуткам, што Расея ў цяперашні час спрабуе сілай зацягнуць нашых сяброў ва Украіне далучыцца да гандлёвага блоку Расеі, Беларусі і Казахстана замест падпісання пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім звязам», - заявіў сенатар.

Рычард Дурбін падрабязна апісвае падзеі, звязаныя з крымінальным пераследам былых кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча, Андрэя Саннікава, праваабаронцы Алеся Бяляцкага, іншых актывістаў апазіцыі.

«Але настойлівасць груп грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў у Беларусі, якую мы бачым, глыбока натхняе. Нягледзячы на запалохванні і пагрозы, гэтыя актывісты працягваюць змагацца за свае правы і свабоды. Я магу толькі спадзявацца, што іх намаганні будуць паспяховыя ў 2015 годзе, калі ў Беларусі плануецца правесці наступныя прэзідэнцкія выбары. Да таго часу я не стамлюся браць слова ў Сенаце, каб заклікаць Лукашэнку вызваліць палітычных зняволеных і выказваць салідарнасць з народам Беларусі ў яго імкненні да дэмакратыі і справядлівасці», - заявіў сенатар.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках