Севярынец: Тэма палітвязняў не павінна адыходзіць на другі план
1- 16.10.2014, 17:43
- 6,892
У Менску прайшоў форум «Палітвязні Беларусі».
Апошнія месяцы тэма палітвязняў у Беларусі адышла на другі-трэці план, заявіў сустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.
16 кастрычніка ў Менску на форуме «Палітвязні Беларусі» Севярынец адзначыў, што цікавасць да праблемы палітвязняў зніжаецца, у тым ліку, і ў Еўропе, паведамляе БелаПАН.
«Зразумела, час ідзе, жыццё праходзіць. Але ёсць рэчы, справы і людзі, пра якіх забыцца нельга», - мяркуе ён.
«Цяпер увага міжнароднай супольнасці прыкаваная да падзеяў ва Украіне. Зразумела, што ёсць геапалітыка, але павінны быць і каштоўнасці і мараль. Трэба стала нагадваць міжнароднай супольнасці, што кожны беларус пры цяперашнім рэжыме можа стаць новым палітвязням», - сказаў ён.
Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначыў, што цяпер у Еўропе пры абмеркаванні беларускага пытання значна больш увагі надаюць праблеме смяротнага пакарання, чым праблеме палітвязняў. «Фактычна тэма палітвязняў замяняецца тэмай скасавання смяротнага пакарання, увядзення Беларуссю мараторыя на яе ўжыванне. Пра гэта пытанне сапраўды вельмі шмат гаворыцца», - сказаў ён.
Лябедзька мяркуе, што еўрапейскія чыноўнікі «шукаюць заданне, якое Лукашэнка змог бы выканаць». «Пайсці на вызваленне і рэабілітацыю палітвязняў Лукашэнка наўрад ці зможа. Увесці мараторый на смяротнае пакаранне, магчыма, з цяжкасцю, але наважыцца», - адзначыў ён.
На думку Лябедзькі, «пакуль няма вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў, не павінна быць і ніякага дыялогу Захаду з афіцыйным Менскам».