Аліневіча пагражаюць перавесці з калоніі ў турму
4- 17.10.2014, 12:19
- 7,525
Кіраўніцтва папраўчай калоніі «Віцьба-3» выказала пагрозу перавесці палітвязня на камернае ўтрыманне.
«На канец верасня было запланавана нашае спатканне з сынам, аднак за пару дзён нам патэлефанавалі з адміністрацыі «Віцьбы-3» і паведамілі, што спатканне пераносіцца на нявызначаны тэрмін, паколькі Ігара за дысцыплінарнае парушэнне пакаралі дзесяццю днямі штрафнога ізалятара, - сказала ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» маці Ігара Валянціна. - Праз дзесяць дзён мы даведаліся, што за першым ШІЗА быў і другі, а за другім – трэці».
«Трэцяе спагнанне было за тое, што канваіры нібыта чулі, што палітвязень, які ўсе гэтыя 30 дзён сядзіць у адзіночцы, нібыта размаўляў з сядзельцам ў суседняй камеры... Аднак з такім жа поспехам наш сын, - кажа Валянціна Аліневіч, - мог чытаць ўслых якія вершы, якіх ён ведае шмат. Што яшчэ рабіць у ШІЗА, дзе чалавеку не дазволена ні пісаць, ні чытаць?».
Кіраўніцтва калоніі таксама паведаміла бацьку Ігара Аліневіча, што наступнай штрафной санкцыяй у выпадку непадпарадкавання зняволенага можа быць ізаляцыя ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу), а потым - перавод асуджанага ў так званую «крытую» турму.
Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які ў свой час як злосны парушальнік турэмнага парадку быў пераведзены з Івацэвіцкай калёніі ў Гарадзенскую «крытую» турму, пракаментаваў сітуацыю наступным чынам:
«Хутчэй за ўсё, выглядае так, што ёсць указанне зрабіць з Аліневіча злоснага парушальніка і асудзіць яго па 411 артыкуле з утрыманнем на больш цвёрдым, чым у калоніі, турэмным рэжыме».
У ШІЗА палітвязень прабудзе да 20 кастрычніка.