Барыс Жаліба: Расея можа пацягнуць нас за сабой
9- 11.12.2014, 16:40
- 24,288
Падзенне расейскага рубля акажа сур'ёзны ўплыў на эканоміку Беларусі.
На таргах 11 снежня расейскі рубель стаў каштаваць менш за 200 беларускіх. Такім чынам, з пачатку года валюта ўсходніх суседзяў знізілася на 31% у дачыненні да беларускага рубля, піша «Салiдарнасць».
«Па-першае, прайграе наш экспарт у Расею: з намі расплачваюцца расейскімі рублямі, якія ўвесь час таннеюць, а свае кошты часцяком адмаўляюцца павышаць. Расейцы абапіраюцца на зафіксаваныя ў дамовах лічбы. - Каментуе беларускі эканаміст Барыс Жаліба. - Таму калі беларускія экспарцёры пераводзяць іх па новых курсах у даляры - відавочна бачаць пройгрыш. І наадварот - расейскі імпарт стаў больш канкурэнтаздольным на нашым рынку ў параўнанні з беларускімі аналагамі. У выніку ў гэтым годзе будзе салідны недабор выручкі. Пра гэта ясна кажуць і апошнія звесткі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. У натуральным выразе харчовы экспарт павялічыўся ў сярэднім на 30-50 працэнтаў, а выручка стала нават меншай за мінулагоднюю! Калі лічыць у далярах.
Па-другое, беларусы (што б пра іх не казалі) - людзі практычныя, многія кінуліся ў Расею купляць дарагія тавары. У першую чаргу аўтамабілі. Рубель абрынуўся на 60 адсоткаў, а на аўтарынках паднялі цэны нязначна, то выйгрыш на дарагіх марках даходзіць да 10 тысяч даляраў. У выніку беларусы вывозяць валюту ў вялікіх колькасцях. Раней у Польшчу, цяпер у Расею. Гэта для эканомікі дрэнна, яшчэ адзін мінус ад дэвальвацыі расейскага рубля, рэзка адмоўна ўздзейнічае на яе».
Але не толькі гэтым дрэнная для Беларусі дэвальвацыя расейскага рубля. На думку прафесара, наша эканоміка не вытрымае такіх суадносін беларускага і расейскага рублёў.
«Расейскае валютнае піке пагражае паскоранай дэвальвацыяй беларускага рубля, уцёкамі ўкладчыкаў і зніжэннем экспартнай выручкі, - заявіў Барыс Жаліба. - Калі спрабаваць бегчы, як казала Надзея Ермакова, за дэвальвацыяй валюты нашых усходніх суседзяў, то прыйдзецца паскорыць сваю. Калі не зусім даганяць расейскую, то неяк памяншаць гэты разрыў, бо нашы эканомікі ўзаемазвязаныя. Гэта непазбежна і таксама непазбежна выкліча паніку сярод фундатараў беларускіх банкаў. Не такую, як цяпер у Расеі, але ўзрушэнні будуць сур'ёзнымі.
Зняцце грошай з рахункаў і канвертацыя ў даляры ці еўра можа абяскроўліваць рэсурсную базу нашых банкаў. Бо ўклады насельніцтва складаюць прыкладна палову рублёвай базы. Гэтыя тэндэнцыі могуць нарастаць, паколькі ніхто не скажа, дзе дно падзення кошту на нафту і дно падзення расейскага рубля».
На думку экспэрта, вышэйназваныя фактары могуць у выбарчы год істотна «выправіць» прагнозныя лічбы па ВУП.
«Напэўна ўпадзе экспарт, - кажа эканаміст. - Не толькі праз кошты ў кантрактах, але і праз тое, што расейцы стануць менш закупляць беларускія тавары праз праблемы ў эканоміцы. Гэта пагражае зніжэннем ВУП і адмоўнай дынамікай іншых паказчыкаў. Урад прадугледзеў мінімальны рост ВУП на 0,2-0,7 адсотка, але мы наогул можам атрымаць мінус па ВУП і куды больш значнае падзенне экспарту, чым прагназуе ўрад, бо Расея, у якой чакаецца стагнацыя, можа пацягнуць нас следам за сабой».