У Беларусі спыняюцца найбуйнейшыя прадпрыемствы
86- 13.12.2014, 8:39
- 114,175
Прадпрыемствы пераходзяць на «чатырохдзёнку» ці зачыняюцца да сярэдзіны студзеня.
Пра гэта паведамляюць рабочыя шэрагу заводаў, піша «Комсомольская правда в Беларуси».
У адміністрацыі МАЗа сцвярджаюць, што скарочанага тыдня на прадпрыемстве няма, аднак працоўныя думаюць інакш.
- Па пятніцах перыядычна мы не працуем з красавіка, - распавёў сябра Свабоднага прафсаюза металістаў Сцяпан Паўлавіч. - Амаль цэлы год. Хоць цяпер вось працавалі - поўныя тыдні. Праўда, сказаць, што такая сітуацыя на ўсім МАЗе, нельга. Да прыкладу, аўтобусная вытворчасць працуе круглы год і ўсе працоўныя дні. Аўтобусы аплачвае бюджэт, на іх заўсёды ёсць попыт. А вось рынкавыя тавары - тыпу самазвалаў і цягачоў - прадаюцца мала.
Ці звязаная сітуацыя на МАЗе з падзеннем курсу расейскага рубля, рабочыя не ведаюць.
- Мы і раней часам не працавалі па пятніцах. Але ў гэтым годзе пачалі плаціць дзве траціны ад дзённага заробку, - кажа мужчына.
З 1 да 11 студзеня рабочых распускаюць на вакацыі. Такая практыка на МАЗе ўжо некалькі гадоў. Паводле графіка адпрацоўваць вакацыі будуць ужо на працягу наступнага года.
- Што цікава, пры такой сітуацыі зарплата ў дасведчаных супрацоўнікаў застаецца даволі высокай. Да прыкладу, я да выхаду на пенсію атрымліваў у сярэднім сем мільёнаў, - кажа Сцяпан Паўлавіч.
Працоўныя холдынгу «Гарызонт» у гутарцы з карэспандэнтам таксама распавялі пра скарочаны працоўны тыдзень і абмяркоўваюць, што з 1 студзеня завод электратэхнікі і бытавых прыбораў і зусім можа перайсці на «трохдзёнку».
- Гэта няпраўда. Няма скарочанага тыдня цяпер, - лаканічна зняпраўджвае такія чуткі менеджар у вонкавых эканамічных сувязях завода электронікі і бытавой тэхнікі «Гарызонт» Андрэй Саўрыцкі.
Тым часам рабочыя Барысаўскага завода гідраўзмацняльнікаў таксама часам не працуюць па пятніцах.
- Так, плацяць грошы, па дзве траціны ад тарыфнай стаўкі. З лістапада перыядычна не выходзім на працу, - распавядае фрэзероўшчык 6-га разраду Аляксандр Дражэнка. - Кажуць, што такая сітуацыя праз КамАЗ. Мы ў асноўным ім пастаўляем прадукцыю.
Скарачаюць працоўны тыдзень на прамысловых прадпрыемствах і ў іншых абласцях краіны. На адным з найбуйнейшых вытворцаў сельгастэхнікі «Гомсельмаш» працаўнікоў адпраўляюць у адпачынак за свой кошт.
- Мы наважылі, што трэба пісаць заявы на адпачынак за свой кошт. Бо мала загрузкі і заказаў. Але трагедыі няма. Гэта не тое, што ўсе сышлі, выключылі святло і зачынілі дзверы. Прадпрыемства працягвае працаваць, - пракаментавалі ў адміністрацыі «Гомсельмаша».
У Горадні паўгода па скарочанай праграме працуе найбуйнейшы ў Беларусі вытворца аўтакампанентаў для машынабудавання ААТ «Белкард».
- Так, бывае, уразаецца працоўны час. Але каб мы цалкам перайшлі на скарочаны працоўны тыдзень - такога няма. Мы аб'яўляем на заводзе прастоі. Але гэта праз тэхнічную неабходнасць, - кажа намеснік дырэктара ў ідэалагічнай працы і кадрах прадпрыемства Юрый Бекіш.
На скарочаны тыдзень перайшлі і заводаўпраўленне, бухгалтэрыя і сам дырэктар завода ў вытворчасці такарных патронаў «Бел ТАПАЗ».
- Паводле скарочанага графіка працуюць тыя, хто выконвае дапаможныя функцыі, каб асноўная вытворчасць нармальна працавала. Мы плацім 2/3 тарыфнай стаўкі за гэтыя дні, - распавёў намеснік дырэктара ў ідэалагічнай працы і кадрах ААТ «БелТАПАЗ» Аляксандр Ількевіч.
У Берасці працоўны тыдзень скараціў электрамеханічны завод.
- Мы пакуль працуем чатыры дні на тыдзень, - сказалі ў аддзеле кадраў Берасцейскага электрамеханічнага завода.
Рэжым працы праз дзень цяпер увялі і на швейных прадпрыемствах горада, якіх тут некалькі сотняў. Пагаворваюць, што чатырохгадзінны працоўны дзень пагражае і будаўнічай арганізацыі «Палессежылбуд».
Інжынерна-тэхнічныя работнікі Віцебскага станкабудаўнічага завода «ВІСТАН» ужо месяц працуюць па тры дні ў тыдзень.
- Цэхі працуюць цалкам, а ІТР цяпер цалкам заняць мы не можам, - распавялі на прадпрыемстве. - Скарачэнні таксама пакуль не плануем, а раптам людзей звольнім, а заўтра заказы паступяць?
- Цяпер у чаканні Новага года. У Расейскай Федэрацыі будуць працяглыя вакацыі. Масавай рэалізацыі прадукцыі і адгрузак ў гэтыя дні не чакаюць, таму і карэктуюць свой графік у сувязі з сезонным падзеннем попыту, - распавёў прэс-сакратар Міністэрства прамысловасці Сяргей Шалай. - Многія пераходзяць на няпоўны працоўны тыдзень, каб не было затаваранасці складоў. Гаворка не ідзе пра нейкае закрыццё і звальненні.
З ягоных слоў, на сітуацыю паўплываў і крызіс у Расеі.
- У нас каля 70% прамысловай прадукцыі ідзе ў Расейскую Федэрацыю. Вядома, сітуацыя ў Расеі адбіваецца на выніках дзейнасці нашых прадпрыемстваў. Аднак аб масавых выпадках скарачэння вытворчасці размова таксама не ідзе. Прадпрыемствы ўжо даўно імкнуцца пераарыентаваць свае рынкі збыту. Мы арыентуем на гэта прадпрыемства не першы месяц. Яны задачу разумеюць і ажыццяўляюць пошук новых партнёраў не толькі ў краінах СНД, а і ў далёкім замежжы. Да прыкладу, прадстаўнікі Менскага трактарнага завода аднавілі пастаўкі сваёй прадукцыі ў Перу, - заявіў ён.