27 лiстапада 2024, Серада, 22:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Балыкін: Хітрасць з валютай не скасуе дэвальвацыю

22
Сяргей Балыкін: Хітрасць з валютай не скасуе дэвальвацыю

Узмацненне жорсткасці ўмоў куплі валюты абернецца вялікімі стратамі як для суб'ектаў гаспадарання, так і для грамадзян.

Такое меркаванне ў каментары БелаПАН выказаў кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва юрыст Сяргей Балыкін.

Паводле ягоных слоў, новаўвядзенне прывядзе да множнасці курсаў і ўзнікнення чорнага валютнага рынку не толькі сярод звычайных грамадзян, але і сярод суб'ектаў гаспадарання.

«Звычайныя грамадзяне, зразумела, звяртаюцца да валютчыкаў, і, як следства, іх прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за незаконныя валютныя аперацыі, адбіраюць валюту, папаўняюць бюджэт, - адзначыў Балыкін. - Суб'екты гаспадарання, паколькі на біржы паўстане дэфіцыт валюты і яны наўрад ці змогуць свабодна набыць валюту, будуць вымушаныя звяртацца да розных кампаній-аднадзёнак, ілжэпрадпрымальніцкіх структур, адпаведна яны атрымаюць санкцыі паводле ўказу аб барацьбе з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі».

Акрамя таго, множнасць курсаў створыць праблемы імпарцёрам і экспарцёрам.

«Фактычна ў нас уводзіцца падатак на экспарт», - адзначыў эксперт. Экспарцёры, паводле ягоных слоў, будуць вымушаныя прадаваць па заніжаным курсе 50% валютнай выручкі, пры гэтым набываць валюту ім неабходна з выплатай 30-адсоткавага збору.

«Паколькі большасць экспарцёраў у нас з'яўляюцца таксама і імпарцёрамі (сыравіны, матэрыялаў), мы ўбачым вымыванне абаротных сродкаў», - падкрэсліў Балыкін.

Ён выказаў здагадку, што ў экспарцёраў можа паўстаць «спакуса падняць валютныя кошты на сваю прадукцыю, каб кампенсаваць страты», аднак гэта прывядзе да зніжэння канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі на знешніх рынках. «Мы проста страцім гэтыя рынкі, мы не канкурэнтаздольныя ў цане і ўжо губляем рынкі, перш за ўсё расейскія», - дадаў Балыкін.

Паводле ягоных слоў, увядзенне 30-адсоткавага збору нанясе «сур'ёзны ўдар і па чыстых імпарцёрах, хоць і не такі моцны». «Ім прыйдзецца закладваць збор у цану тавараў, якія рэалізуюцца імі. Мы ўбачым рост коштаў на імпартныя тавары, гэта, адпаведна, раскручвае інфляцыю», - сказаў эксперт.

Ён мяркуе, што ўлады пайшлі на ўвядзенне такога збору, каб пазбегнуць дэвальвацыі, «паколькі курс рубля для нашай улады і прэзідэнта - гэта катэгорыя не эканамічная, а перш за ўсё палітычная».

«Для таго каб захаваць свой твар і з чыстым сумленнем заяўляць народу, што мы не апусцілі беларускі рубель і дабрабыт народа ў далярах расце, прэзідэнт, відавочна, вырашыў пайсці на хітрыкі», - адзначыў Сяргей Балыкін.

На думку Сяргея Балыкіна, «гэтая хітрасць абернецца вялікімі стратамі як для суб'ектаў гаспадарання, так і для грамадзян». «Я думаю, што ў канчатковым выніку ўлада будзе вымушаная пайсці на дэвальвацыю, але гэта будзе праходзіць у нашмат горшых умовах, чым цяпер», - сказаў на заканчэнне эксперт.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках