Васіль Парфянкоў - на волі
12- 5.12.2014, 8:19
- 24,968
(абноўлена - 08:50) Палітвязень Васіль Парфянкоў выйшаў на волю.
Супрацоўнікі калоніі ў Горках, у якой адбываў чарговы тэрмін актывіст апазіцыі, сарвалі ягоную сустрэчу. Васіля Парфянкова вывезлі адтуль на легкавой машыне і пасадзілі ў цягнік да Воршы. Цяпер былы палітвязень знаходзіцца на вакзале гэтага горада, куды накіроўваюцца журналісты і актывісты апазіцыі, якія рыхтаваліся сустракаць яго ў Горках.
Пра гэта сайту charter97.org распавёў адзін з лідэраў прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў.
Журналісту charter97.org удалося пагаварыць з Васілём Парфянковым адразу пасля яго прыбыцця ў Оршу.
«Супрацоўнікі калоніі чамусьці вельмі баяліся, што мяне сустрэнуць каля яе сцен. Адвезлі на вакзал у Горкі і пасадзілі ў дызель. У Оршу я ехаў пад канвоем», - распавёў Васіль Парфянкоў.
Былы палітвязень падзякаваў за падтрымку тых, хто пісаў яму і змагаўся за ягонае вызваленне і заявіў, што не збіраецца адмаўляцца ад палітычнай дзейнасці.
«У краіне нічога не змянілася, стала толькі горш. Ціск на нязгодных узмацніўся. Сведчанне гэтаму - новыя крымінальныя справы супраць Юрыя Рубцова, Мікалая Дзядка. Я не адчуваю, што выйшаў на волю, таму працягну змагацца», - распавёў ён.
Васіль Парфянкоў адбыў у калоніі свой трэці тэрмін пасля 2010 года. Тады актывіста прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму ў рамках справы аб «масавых беспарадках» на Плошчы Незалежнасці ў Менску, калі дзесяткі тысяч беларусаў выйшлі пратэставаць супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У жніўні таго ж года асуджаны выйшаў на волю на падставе ўказа аб памілаванні.
Пасля гэтага праваабаронцы фіксавалі, што актывіст неаднаразова падвяргаўся пераследу з боку ўладаў. 29 траўня суд Першамайскага раёна Менска прызнаў Парфянкова вінаватым у парушэнні ўмоваў прафілактычнага нагляду і прысудзіў да 6 месяцаў арышту.
12 ліпеня 2013 Васілю зноў было прад'яўлена абвінавачванне па артыкуле 421 Крымінальнага кодэкса РБ - «Парушэнне ўмоў прэвентыўнага нагляду». Справа была перададзеная ў суд, але судовага працэсу ў ёй не адбылося, так як быў прыдуманы іншы спосаб ўздзеяння на іншадумца. 21 верасня 2013, пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту, да якога ён быў «завочна» прысуджаны, Васіль Парфянкоў нечакана для ўсіх быў адпраўлены на год у лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП) у Светлагорск.
Як высветлілі праваабаронцы, пастанова аб накіраванні Васіля Парфянкова ў ЛПП была прынятая судом Першамайскага раёна Менска яшчэ 4 верасня.
Узяты пад варту 5 снежня 2013 года падчас абвяшчэння прысуду паводле артыкула 421 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду»). Прысуджаны да 1 году пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.